RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Грыбны сезон: як не згубіцца ў лесе

У Магілёўскай вобласці за мінулыя суткі знайшлі двух грыбнікоў, якія заблудзіліся ў лясах, паведамілі ў МНС.

Ратавальнікам 4 верасня паступіла два паведамленні аб людзях, якія згубіліся ў лясах. У адным з выпадкаў работнікам МНС патэлефанаваў сам пацярпелы. Мужчына раніцай пайшоў у лес у ягады і не мог самастойна выйсці. На пошукі выехалі работнікі МНС, супрацоўнікі міліцыі і лясной гаспадаркі. У 16.53 мужчыну знайшлі ратавальнікі. У медыцынскай дапамозе ён не меў патрэбы.

Днём у МНС паведамілі, што неабходна аказаць дапамогу ў пошуку жанчыны, якая заблукала ў лесе каля вёскі Задняя Града Асіповіцкага раёна. Пенсіянерка каля 10.00 пайшла ў лес у грыбы і не магла вярнуцца дадому. У 15.32 жанчыну выявілі супрацоўнікі раённага аддзела МНС, яна не пацярпела.

Ратавальнікі нагадваюць аб правілах бяспекі тым, хто збіраецца ў лес.

Нярэдка ў лес людзі апранаюцца так, нібы збіраюцца там партызаніць. Камуфляж надзейна хавае чалавека, што значна ўскладняе пошукі, калі сіл паведаміць аб сабе ўжо не засталося. Вядома, адзенне павінна быць шчыльным, але лепш – яркім. Не перашкодзіць чырвоная кепка, хустка або любы прыкметны прадмет.

Перад выхадам у лес вывучыце карту мясцовасці, узбройцеся тэлефонам з навігатарам і мінімальнай аптэчкай. Для таго, каб не згубіцца, калі вы ідзяце кампаніяй, можна карыстацца свістком. Яго гук чутны за 2-3 кіламетры.

Збіраючыся ў лес, звяртайце ўвагу на ўмовы надвор’я: у пахмурнае надвор’е паход лепш адкласці. Калі паход у грыбы або ягады – справа вырашаная, выконвайце наступныя рэкамендацыі:

– не адпраўляйцеся ў лес у адзіночку;

– вывучыце асноўныя правілы арыентавання ў лесе;

– паведаміце сваякам або знаёмым пра меркаваны маршрут і час вяртання, своечасова інфармуйце іх, калі планы змяніліся;

– апранайце зручныя, непрамакальныя вопратку і абутак;

– вазьміце з сабой тэлефон, ваду, лекі, нож, запалкі.

Перш чым паглыбіцца ў лес, звярніце ўвагу на сонца, запомніце, з якога боку яно размешчана. Калі сонца справа, то пры выхадзе ў тым жа кірунку з лесу трэба, каб яно апынулася злева;

Калі вы заблукалі ў лесе, першае, што неабходна, – зарыентавацца на мясцовасці, вызначыць, дзе можна знайсці ваду і агонь, каб абараніцца ад холаду і арганізаваць начлег.

Калі ў вас з сабой мабільны тэлефон, набярыце нумар службы выратавання і паведаміце, з якога населенага пункта і якога раёна ўвайшлі ў лес, апішыце, што бачыце вакол сябе.

Калі апынуліся ў лесе без тэлефона, а сваё месцазнаходжанне не можаце вызначыць нават прыблізна, спыніцеся і супакойцеся. Па магчымасці піце ваду і рухайцеся да мэты.

Галоўнае для вас – выйсці да людзей, таму важнымі арыенцірамі будуць лініі электраперадачы, прасекі і сцяжынкі. Выявіўшы любы з гэтых аб’ектаў, ідзіце ўздоўж яго, і вы абавязкова знойдзеце людзей.

Калі па дарозе сустрэўся ручай ці рака, прытрымлівайцеся ўніз па плыні – ён заўсёды прывядзе да людзей. Прыслухайцеся: шум трактара чуваць за 3-4 км, брэх сабакі – за 2-3 км, цягнік – за 10 км, ідзіце на гук.

Не варта выбірацца з лесу ноччу: пачынае цямнець – лепш займіцеся ўладкаваннем месца для начлегу. Для гэтага падыдзе яма пад вывернутым з коранем дрэва. З галінак зрабіце прытулак накшталт будана і подсціл з падручных матэрыялаў. Дарэчы, аб барацьбе з холадам. Ліст газеты, засунуты пад вопратку, паменшыць цеплааддачу ўдвая. Такі ж эфект дае і лістота, набітая пад вопратку. Арганізуючы начлег, паклапаціцеся, каб пошукавікі не прайшлі міма – павесьце на кусты кепку, насоўку або ліст паперы, абламайце галінкі, каб прыцягнуць увагу.

Праверце свае веды аб дзеяннях, калі заблукалі ў лесе, у мабільным дадатку МНС «Дапамога побач».