RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аб наведванні могілак без пропускаў

7 мая ў праваслаўных вернікаў асаблівы дзень – дзень памінання памерлых «Радаўніца».

Па шматгадовай традыцыі напярэдадні і ў дзень памінання ўезд на могілкі, якія знаходзяцца ў зонах адсялення, на якіх устаноўлены кантрольна-прапускны рэжым, дазволены без пропускаў.

Падобны парадак знаходжання будзе дзейнічаць у перыяд з 4 па 7 мая на тэрыторыі Клімавіцкага, Касцюковіцкага, Краснапольскага, Слаўгарадскага і Чэрыкаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці. Знаходзіцца на тэрыторыі могілак дазваляецца з 9.00 да 17.00 гадзін.

Для наведвання месцаў пахавання ў гэтыя дні грамадзянам Рэспублікі Беларусь і замежным грамадзянам неабходна мець з сабой і прад’явіць па патрабаванні спецыялістаў адміністрацыі зон адчужэння і адсялення, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія забяспечваюць ахову тэрыторый радыеактыўнага забруджвання:

1) пашпарт або іншы дакумент, які сведчыць асобу;

2) дакументы на транспартны сродак (пры перамяшчэнні на ім).

У іншыя дні ўезд на названыя тэрыторыі ажыццяўляецца толькі па прапусках, якія выдаюцца службовымі асобамі адміністрацыі зон адчужэння і адсялення.

Пры знаходжанні на названых тэрыторыях неабходна выконваць элементарныя правілы абароны ад радыяцыі. Асноўная колькасць радыенуклідаў знаходзіцца ў верхнім пласце глебы, лясной падсцілцы, моху, кары дрэў. Пры правядзенні работ па добраўпарадкаванні магіл неабходна ўжываць найпрасцейшыя сродкі аховы – марлевыя павязкі, пальчаткі. Пасля заканчэння работ верхнюю вопратку варта старанна абтрэсці, адкрытыя часткі цела вымыць прывезенай з сабой вадой.

Знаходзячыся на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання, забараняецца адхіляцца ад маршруту руху, развядзення вогнішчаў, падпальвання сухой травы і расліннасці. Неасцярожнае абыходжанне з агнём можа прывесці да пажару, а на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання такі пажар здольны нанесці велізарную шкоду як навакольнаму асяроддзю, так і здароўю грамадзян. Смецце пасля ўборкі магіл неабходна складаваць у спецыяльна абсталяваных месцах. Спальванне смецця строга забаронена.

Асаблівую ўвагу надавайце дзецям, яны павінны пастаянна знаходзіцца ў полі зроку дарослых. Дзеці не павінны адлучацца ад бацькоў далёка ад могілак, паколькі рызыкуюць параніцца аб галіны паваленых дрэў, атрымаць траўму ў зарослых травастоем ямах, не выключана таксамападзенне ў шахты закінутых калодзежаў.

Кожны грамадзянін, які выявіў узгаранне або іншыя надзвычайныя сітуацыі, абавязаны паведаміць пра іх супрацоўнікам МНС (тэл. 101, 112), міліцыі (тэл. 102).

ЗАЎВАГА:

Падрабязную інфармацыю аб парадку ўезду і знаходжання на тэрыторыях зоны адсялення Вы можаце атрымаць у адміністрацыі зон адчужэння і адсялення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па адрасе:

– г. Гомель, пр-т Леніна, 10, кантактныя тэлефоны: 8 (0232) 293711, 293712;

– г. Магілёў, вул. Калужская, 41, кантактныя тэлефоны: 8 (0222) 735445, факс 743631.

Адміністрацыя зон адчужэння і адсялення МНС Рэспублікі Беларусь