RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Колькі можна завезці прадуктаў харчавання ў Беларусь, вяртаючыся з адпачынку

Пры ўвозе прадуктаў харчавання на мытную тэрыторыю ЕАЭС неабходна выконваць наступныя дзеючыя нормы.

Увоз прадуктаў харчавання жывёльнага паходжання рэгулюецца ветэрынарнымі правіламі. У адпаведнасці з падпунктам 10.1 пункта 10 Рашэння Камісіі Мытнага саюза ад 18.06.2010 №317 «Аб прымяненні ветэрынарна-санітарных мер» у ручной паклажы і багажы адзін чалавек можа завезці да 5 кілаграмаў уключна гатовай прадукцыі жывёльнага паходжання (мяса, мясныя і малочныя прадукты, птушка, рыба), калі гэта прадукцыя знаходзіцца ў завадской упакоўцы і пры ўмове дабрабыту ў эпізаатычных адносінах краіны-вытворцы названай прадукцыі і краіны вывазу.

Увоз прадуктаў харчавання расліннага паходжання рэгулюецца правіламі фітасанітарнага кантролю. У адпаведнасці з рашэннем Савета Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 30.11.2016 №157 «Аб зацвярджэнні адзіных каранцінных фітасанітарных патрабаванняў, што прад’яўляюцца да падкаранціннай прадукцыі і падкаранцінных аб’ектаў на мытнай мяжы і на мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза» без фітасанітарнага сертыфіката ў ручной паклажы і багажы адзін чалавек можа завезці не больш за 5 кілаграмаў прадукцыі расліннага паходжання (гародніна, садавіна, ягады, грыбы, арэхі), а таксама не больш за 3 букеты кветак. Увоз насеннага і пасадачнага матэрыялу, уключаючы насенную і харчовую бульбу, без фітасанітарнага сертыфіката забаронены.

Даведачна: букет – сабраныя разам зрэзаныя кветкі, бутоны, лісце, травы і іншыя часткі раслін без кветак або бутонаў, свежыя і (або) засушаныя, у колькасці не больш за 15 штук.

Інфармацыя аб краінах, з якіх грамадзяне не могуць увозіць тавары ў Рэспубліку Беларусь, размешчана на сайце Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, а таксама непасрэдна ў пунктах пропуску.

Названыя абмежаванні таксама распаўсюджваюцца на ўвоз кармавых дабавак для катоў і сабак, гатовых кармоў, якія не прайшлі тэрмічную апрацоўку, а таксама кармоў, якія выраблены з сыравіны, што паходзіць з краіны з неспрыяльнай эпізаатычнай сітуацыяй.

Пры гэтым неабходна ўлічваць, што ў вагавыя і вартасныя нормы бязмытнага ўвозу тавару на тэрыторыю ЕАЭС (25 кг і 500 еўра адпаведна, а пры перасячэнні мяжы часцей, чым 1 раз у тры месяцы – 20 кг і 300 еўра) уключаецца вага і кошт мясных прадуктаў, якія перамяшчаюцца.

Магілёўская мытня