Дзяржаўная праграма інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады, зацверджаная Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31.01.2017 № 31 (далей – Дзяржаўная праграма) – асноўны дакумент, які забяспечвае рэалізацыю найважнейшых напрамкаў дзяржаўнай інавацыйнай палітыкі.
Дзяржаўная інавацыйная палітыка з’яўляецца складнікам дзяржаўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі і накіравана на аб’яднанне намаганняў і рэсурсаў дзяржаўнага і прыватнага сектараў эканомікі (глава 1 Дзяржаўнай праграмы).
Мэта ўдасканалення сістэмы фінансавання і стымулявання навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці – фарміраванне спрыяльных эканамічных умоў для інавацыйнага развіцця (глава 9 Дзяржаўнай праграмы).
Падатковае заканадаўства вытворцам інавацыйных тавараў дае льготу па падатку на прыбытак.
У адпаведнасці з пунктам 7 артыкула 181 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ПК) прыбытак, атрыманы ад рэалізацыі тавараў уласнай вытворчасці, якія з’яўляюцца інавацыйнымі ў адпаведнасці з пералікам, вызначаным Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь (далей – пералік інавацыйных тавараў), вызваляецца ад падаткаабкладання падаткам.
Для прымянення названай ільготы па падатку на прыбытак арганізацыі неабходна:
– прадаставіць у падатковы орган па месцы пастаноўкі на ўлік копію сертыфіката прадукцыі ўласнай вытворчасці, выдадзенага ва ўстаноўленым парадку (абз.2 ч. 2 п. 7 арт. 181 ПК) (далей – сертыфікат);
– весці паасобны ўлік аб’ёмаў тавараў уласнай вытворчасці, вырабленых у перыяд дзеяння сертыфіката (ч. 4 п. 7 арт. 181 ПК).
Пералік інавацыйных тавараў Рэспублікі Беларусь зацверджаны пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 снежня 2013 г. № 1042 (з улікам змяненняў і дапаўненняў).
Да тавараў уласнай вытворчасці, якія з’яўляюцца інавацыйнымі, адносяцца тавары, якія адначасова адпавядаюць наступным умовам (ч. 2 п. 7 арт. 181 ПК):
– тавары зроблены ў перыяд дзеяння сертыфіката, дата іх рэалізацыі прыпадае на перыяд, на працягу якога такія тавары змяшчаюцца ў пераліку інавацыйных тавараў;
– тавары зроблены з выкарыстаннем здольных да прававой аховы вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці, якія не ўдзельнічалі ў вытворчасці тавара іншага наймення, раней уключанага ў пералік інавацыйных тавараў;
– з 1-га чысла месяца, у якім у бухгалтарскім уліку прызнана выручка ад першай рэалізацыі тавару, і да 1-га чысла месяца, у якім ва ўстаноўленым парадку ў Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь прадастаўлены камплект заявачных дакументаў на ўключэнне тавару ў пералік інавацыйных тавараў, прайшло не больш за 2 гады;
– тавары зроблены з выкарыстаннем здольных да прававой аховы вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці, на якія выдадзены патэнты (сведчанні), з даты іх выдачы прайшло не больш за 3 гады (за выключэннем патэнта на вынаходства).
У мэтах прымянення названага вызвалення тавар вызначаецца назвай прадукцыі згодна з сертыфікатам (ч.3 п. 7 арт. 181 ПК).
Разлік ільгатуемага прыбытку адлюстроўваецца ў асобнай графе раздзела I падатковай дэкларацыі (разліку) па падатку на прыбытак, сума льгатуемага прыбытку паказваецца па радку 11. Пры прымяненні льготы запаўняецца дадатак да падатковай дэкларацыі.
Прэс-цэнтр інспекцыі МПЗ Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці