RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пра даплаты да пенсій асобам, якія маюць вучоную ступень доктара навук і вучонае званне прафесара

З 01.01.2020 уступаюць у сілу нормы Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18.10.2019 № 386 «Аб стымуляванні навуковай дзейнасці і ўдасканаленні аплаты працы» (далей – Указ) у частцы ўстанаўлення штомесячных даплат да пенсій пастаянна пражываючым у Рэспубліцы Беларусь непрацуючым атрымальнікам пенсій, якія маюць адначасова навуковую ступень доктара навук і вучонае званне прафесара і дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту.

Даведачна: для мэт Указа да непрацуючых атрымальнікаў пенсій адносяцца асобы, якія атрымліваюць пенсіі, але не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія не ажыццяўляюць працоўную дзейнасць на падставе працоўных, грамадзянска-прававых дагавораў, прадметам якіх з’яўляецца аказанне паслуг, выкананне работ і стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, або на аснове членства (удзелу) у юрыдычных асобах любых арганізацыйна-прававых формаў.

Памер даплаты складае двухразовы памер базавай стаўкі, якая ўстанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыроўненыя па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 28.02.2019 № 138 «Аб аплаце працы работнікаў бюджэтных арганізацый» базавая стаўка з 01.01.2020 устанаўліваецца ў памеры 180 рублёў.

Асобе, якая мае права на штомесячную даплату, для рэалізацыі гэтага права варта звяртацца ў орган, які ажыццяўляе яго пенсійнае забеспячэнне. Пры гэтым павінны быць прадстаўлены: заява аб устанаўленні даплаты, працоўная кніжка, нацыянальны дыплом доктара навук, атэстат прафесара або дыплом дзяржаўнага ўзору і атэстат прафесара, выдадзеныя атэстацыйнымі органамі былога СССР або Расійскай Федэрацыі да 27.02.1996.

Даплата да пенсіі прызначаецца і выплачваецца з першага чысла месяца, наступнага за месяцам звароту ў орган, які ажыццяўляе пенсійнае забеспячэнне (але не раней за 01.01.2020). Выплата даплаты ажыццяўляецца ў парадку, прадугледжаным для выплаты пенсій.