RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Карэкціроўкі ў вылічэнні падаходнага падатку з фізічных асоб у адпаведнасці з Указам № 411

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2019 г. № 411 «Аб падаткаабкладанні» ўнесены змяненні ў парадак падаткаабкладання падаходным падаткам расходаў наймальніка пры накіраванні работнікаў у службовыя камандзіроўкі, на навучанне за мяжу, даходаў у выглядзе дывідэндаў.

Унясенне змянення звязана з неабходнасцю прывядзення ў адпаведнасць нормаў падатковага заканадаўства з парадкам пакрыцця камандзіровачных расходаў устаноўленай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.03.2019 № 176 «Аб парадку і памерах кампенсацыі расходаў, гарантыях і кампенсацыях пры службовых камандзіроўках».

Так, пры кампенсацыі (аплаце) плацельшчыку расходаў на службовыя камандзіроўкі як на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, так і за яе межы вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб:

– сутачныя ў памерах, устаноўленых заканадаўствам;

– фактычна зробленыя і дакументальна пацверджаныя расходы па праездзе да месца службовай камандзіроўкі і назад. Пры адсутнасці дакументаў, якія пацвярджаюць аплату названых расходаў, сумы такога пакрыцця вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб у памерах, устаноўленых заканадаўствам;

– фактычна зробленыя і дакументальна пацверджаныя расходы на таксі, арэнду аўтамабіля ў межах месца камандзіроўкі за мяжой;

– расходы па найме жылога памяшкання ў памерах, устаноўленых заканадаўствам. У выпадках, калі заканадаўствам прадугледжана кампенсацыя (аплата) расходаў па найме жылога памяшкання на падставе пацвярджальных дакументаў, сумы такога пакрыцця (аплаты) вызваляюцца ад падаходнага падатку з фізічных асоб у памеры фактычна зробленых i дакументальна пацверджаных расходаў;

– агульная выплата, якая пакрывае кіроўцам, якія ажыццяўляюць унутрырэспубліканскія і (або) міжнародныя аўтамабільныя перавозкі, расходы па найме жылога памяшкання і сутачныя, вызначаная ў парадку, устаноўленым заканадаўствам;

– іншыя расходы на службовыя камандзіроўкі, у тым ліку расходы работніка ў камандзіроўцы з дазволу або ведама наймальніка, аплатныя (кампенсаваныя) у адпаведнасці з заканадаўствам.

Вызваленне ад падаходнага падатку з фізічных асоб прымяняецца таксама ў дачыненні да выплат, якія ажыццяўляюцца:

– фізічным асобам пры накіраванні арганізацыяй або індывідуальным прадпрымальнікам, якія з’яўляюцца для іх месцам асноўнай працы (службы, вучобы), за мяжу на навучанне (стажыроўку, семінар, канферэнцыю і іншыя мерапрыемствы, звязаныя з павышэннем кваліфікацыі);

– членам органа кіравання арганізацыі ў сувязі з выкананнем імі функцый членаў;

– фізічным асобам не па месцы асноўнай працы (службы, вучобы), у тым ліку пры выкананні імі работ (аказанні паслуг) па грамадзянска-прававых дагаворах, калі такія выплаты прадугледжаны названымі дагаворамі.

Указам устаноўлена, што аб’ектам падаткаабкладання падаходным падаткам з фізічных асоб пры накіраванні фізічнай асобы арганізацыяй або індывідуальным прадпрымальнікам, якія з’яўляюцца для яго месцам асноўнай працы (службы, вучобы), за мяжу на навучанне (стажыроўку, семінар і іншыя мерапрыемствы, звязаныя з павышэннем кваліфікацыі) не прызнаюцца даходы, атрыманыя ім у выглядзе аплаты (кампенсацыі) расходаў прымальным бокам, у тым ліку сутачных, харчавання, пражывання, праезду.

Вышэйпералічаныя нормы распаўсюджваюцца на адносіны, што ўзніклі з 23 сакавіка 2019 года, у сувязі з чым фізічныя асобы, у якіх утрыманы падаходны падатак з такіх выплат, маюць права на яго вяртанне (залік).

Для мэт падаткаабкладання падаходным падаткам з фізічных асоб прымяняецца паняцце «дывідэнды». Так, да дывідэндаў прыраўноўваюцца любыя даходы, налічаныя ўнітарным прадпрыемствам уласніку яго маёмасці – фізічнай асобе ў парадку размеркавання прыбытку, што застаецца пасля падаткаабкладання. Названая норма распаўсюджваецца на адносіны, якія ўзніклі з 1 студзеня 2019 года.