Выклік сучаснай уборачнай тэхніцы кінулі ўдзельнікі «Сенафэсту-2021», які чацвёртым разам прайшоў на беразе Чыгірынскага вадасховішча ў Кіраўскім раёне. Цэнтральнае месца ў праграме па традыцыі заняў конкурс касцоў. Упершыню яго ўдзельнікамі, акрамя мужчын з Кіраўскага раёна, сталі прадстаўнікі Клічаўскага і Бабруйскага раёнаў. Усяго 9 каманд па тры чалавекі ў кожнай. Яны паказалі сябе ў трох этапах. Спачатку касілі траву на хуткасць, перадаючы эстафету напарнікам. Затым у «Ювелірнай касьбе» па-майстэрску абкошвалі драўляную трыногу. І заключны конкурс – «Стагаванне сена». З заданнямі трэба было справіцца хутка, пры гэтым не забываючы пра якасць працы. Фестываль цешыў мноствам конкурсаў і народных забаў. Пляценне вянкоў, выстава-продаж сувеніраў, нарыхтоўка траў на зіму, вясёлыя песні і танцы. Гледачы ўбачылі дэфіле ў касцюмах з прыродных матэрыялаў, навучыліся майстраваць лялькі з сена і саломы, прагуляліся па выставе фігур з сена і традыцыйнага сенакоснага інвентара.
Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая