RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пошукавая Вахта Памяці «Дняпроўскі рубеж» завяршыла працу

Вахта Памяці “Дняпроўскі рубеж” праводзілася ў Быхаўскім і Чавускім раёнах з 16 па 28 чэрвеня 2017 года з дапамогай пошукавага клуба «Виккру» з удзелам пошукавікаў з Брэста, Віцебска і Мінска. Агульны склад удзельнікаў – каля 50 чал., сярод якіх навучэнцы, студэнты, працоўная моладзь, выкладчыкі і музейныя работнікі, аб’яднаныя ў сем мабільных груп.

Палявымі пошукавымі работамі (раскопкамі) кіравала група прадстаўнікоў 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь у колькасці 5 чал. на чале з камандзірам роты маёрам Дашкевічам С.А.

Пошук няўлічаных воінскіх пахаванняў на месцах былых баявых дзеянняў у гады вайны (1941-44 гг.) праводзіўся з мэтай ўстанаўлення імёнаў і ўвекавечання памяці загінуўшых абаронцаў Айчыны. Перш чым выехаць на пазіцыі войскаў, пошукавікі «Виккру» правялі вялікую даследчую працу ў ЦАМА РФ, на сайтах АБД «Мемарыял» і «Памяць народа», здзейснілі каля 10 разведвальных выездаў на месцы будучай працы, неаднаразова сустракаліся з мясцовымі жыхарамі.

Пошукавыя работы праводзіліся ў ваколіцах вёсак Кузькавічы, Гадылёва, Красніца, Прыбор, Сялец, Пралетар, Лісічнік Быхаўскага і вёсак Юшкавічы, Самулкі Чавускага раёнаў. За час «Вахты Памяці» былі паднятыя астанкі 24 савецкіх салдат з фрагментамі амуніцыі і два смяротныя медальёны. Адзін з іх добра захаваўся і прачытаны.

У лясным пахаванні за 2 км на паўночны ўсход ад в. Кузькавічы знаходзіліся астанкі Шутава Івана Кірылавіча, 1921 года нараджэння, ураджэнца Запарожскай вобласці Куйбышаўскага раёна хутара Шаўчэнкі. Радавы, прызваны Куйбышаўскім РВК 6 мая 1941 года. Служыў у аператыўнай частцы асобага прызначэння 36-й танкавай дывізіі 17-га механізаванага корпуса. Лічыўся зніклым без вестак з ліпеня 1941 года. Усе пасляваенныя гады да самай сваёй смерці яго шукала маці, Марыя Фёдараўна, але так і не даведалася, што яе сын доўгія 75 гадоў праляжаў у Магілёўскім лесе пад каранямі велізарнай 100-гадовай сасны. Цяпер на ўрачыстае перапахаванне ў Быхаўскім раёне з Украіны прыедзе пляменніца Шутава І.К. – Ніна Міхайлаўна Харанжэнка, сувязь з ёй ужо ўстанавілі.

Другі медальён быў знойдзены ў в. Лісічнік на глыбіні 30 см без касцяных рэшткаў. З дапамогай экспертаў тэкст на папяровым ўкладышы ўдалося прачытаць. У ліпені 1941 года тут ваяваў Прахін Іван Кузьміч, 1911 года нараджэння, ураджэнец Саратаўскай вобласці Федароўскага раёна сяла Раманаўка. Лічыўся зніклым без вестак з лістапада 1941 года. Цяпер па архіўнай картцы ваеннапалоннага ўстаноўлена, што Прахін І.К. служыў радавым у 532-м гаўбічным артылерыйскім палку 148-й стралковай дывізіі. Быў палонены 22 ліпеня 1941 г. пад Магілёвам, а асабісты салдацкі смяротны медальён паспеў выкінуць у в. Лісічнік. Знаходзячыся ў нямецкім канцлагеры, памёр 14 верасня 1944 года. Там жа і пахаваны.

У межах Вахты Памяці «Дняпроўскі рубеж» у в. Дрануха Чавускага раёна на р. Проня быў устаноўлены першы ў Беларусі мемарыяльны знак штрафных падраздзяленняў Чырвонай Арміі, якія ваявалі тут у 1943-44 гг. Урачыстае адкрыццё яго з удзелам кіраўніцтва Чавускага райвыканкама, пошукавага клуба «Виккру», жыхароў г. Чавусы і в. Дрануха адбылося 23 чэрвеня 2017 года. На працягу апошніх 10 гадоў пошукавікі клуба неаднаразова ініцыявалі ўстанаўленне тут памятнага знака штрафнікоў. Сваім укладам у Перамогу, геройскім самаахвяраваннем і аддадзенымі за Айчыну тысячамі жыццяў пры штурме перадавых нямецкіх пазіцый яны заслужылі гэта. На падставе архіўных дакументаў і ўспамінаў франтавікоў-штрафнікоў, якія ваявалі на Проні, была складзена фундаментальная гістарычная даведка-абгрунтаванне. І ў 2017 годзе райвыканкам падтрымаў ініцыятыву пошукавікоў. Сумесна з клубам раённыя ўлады ўзялі на сябе выдаткі па ўсталяванні знака і добраўпарадкаванні месца яго размяшчэння.

Падчас экспедыцыйнай работы праводзіліся не толькі раскопкі невядомых пахаванняў, але і вяліся пошукі такіх месцаў на перспектыву для наступнай працы ў жніўні г.г. сумесна з расійскімі калегамі. Пошукавікаў «Виккру» ў першую чаргу заўсёды цікавяць лёсы абаронцаў Магілёва, якія ваявалі тут ў ліпені 1941 года ў злучэннях генералаў Ф. А. Бакуніна, М.Т. Раманава, Н.Д. Ведзянеева. Тысячы салдат і камандзіраў, якія прарываліся з акружэння пасля Магілёўскай абароны, загінулі ў баях паміж Чавусамі і Магілёвам. Два такія пахаванні 1941 года на глыбіні 0,5-1 м на полі ў в. Самулкі былі ўстаноўлены і цяпер. Не выключана, што сярод пахаваных могуць знаходзіцца асобы старэйшага і вышэйшага каманднага саставу, у тым ліку брыгадны камісар І.В. Воранаў, палкоўнік Я.П. Чыстап’янаў і інш., якія загінулі ў баі.

Усе паднятыя на палях і ў лесе астанкі чырвонаармейцаў і камандзіраў, загінулых у гады вайны, у бліжэйшы час будуць урачыста, з усімі воінскімі рытуаламі і хрысціянскім адпяваннем, перапахаваны ў брацкія магілы.

Вахта Памяці «Дняпроўскі рубеж» і ўсталяванне першага ў Беларусі мемарыяльнага знака штрафнікам атрымалі вялікі грамадскі рэзананс. Усе найбуйнейшыя інфармацыйныя агенцтвы Беларусі адгукнуліся на гэтую падзею. Сярод іх БЕЛТА, «Савецкая Беларусь», «Звязда», Рэспубліка»,«Во славу Родины»,«Магілёўскія ведамасці», тэлеканалы БТ, СТВ, “Беларусь-4”, ТБ-1, Магілёў, І-нэт: сайты Тut.by, Sputnik.by, Магілёўскага аблвыканкама і дзясяткі іншых.

Фінансаванне харчавання і транспартных выдаткаў Вахты Памяці «Дняпроўскі рубеж» адбывалася за кошт асабістых сродкаў удзельнікаў і спонсарскай дапамогі Рэспубліканскага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Старшыня ГА «Магілёўскі АГППК «Виккру», член Саюза пісьменнікаў Беларусі Н.С. Барысенка