RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Прадстаўнікі пяці краін выступяць на фестывалі дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» ў Клімавічах

Больш за 600 удзельнікаў з пяці краін выступяць на XVII Міжнародным фестывалі дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» ў Клімавічах. Форум пройдзе з 31 мая па 3 чэрвеня, паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Клімавіцкага райвыканкама.

Плануецца, што ў музычным свяце прымуць удзел юныя таленты з Беларусі, Расіі, Балгарыі, Малдовы і Украіны.

Традыцыйна фестываль прадугледжвае конкурсную праграму ў дзвюх узроставых катэгорыях: малодшая (9-12 гадоў) і старэйшая (13-16 гадоў). Праслухоўванні і прагляды будуць праводзіцца па намінацыях: «Вакальнае мастацтва», «Салісты» («Эстрадныя спевы», «Народныя спевы»), «Ансамблі» («Эстрадныя спевы», «Народныя спевы»), «Харэаграфічнае мастацтва», «Калектывы эстраднага танца», «Калектывы народна-сцэнічнага танца».

Падчас «Залатой пчолкі» раённы цэнтр напоўняць выступленні ўдзельнікаў і гасцей, выставы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, кірмашы, гала-канцэрты, майстар-класы вядучых педагогаў, членаў журы фэсту і іншыя культурныя мерапрыемствы.

Кожны дзень форуму будзе тэматычным. Адкрые фестываль «Дзень беларускай гасціннасці». У гарадскім парку пачне працу тэатралізаваная фальклорная выставачна-гандлёвая экспазіцыя «Карагод беларускай гасціннасці» з удзелам творчых калектываў, майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, гульнявых і акцёрскіх груп устаноў культуры Клімавіцкага раёна, навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў, выхаванцаў і выкладчыкаў мясцовага Дома рамёстваў, раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Таксама будзе арганізавана святочная шоу-праграма з правядзеннем жараб’ёўкі канкурсантаў, выступленнем беларускіх калектываў і выканаўцаў. Завершыць дзень дыскамарафон і бліц-конкурс «Міс фестывалю «Залатая пчолка»».

«Дзень шчаслівага дзяцінства» прымяркуюць да міжнароднага Дня абароны дзяцей. Праграмай фестывалю запланаваны конкурсныя праслухоўванні ўдзельнікаў, а таксама «Вернісаж фестываляў Магілёўшчыны». Тут размесцяцца прэзентацыйныя пляцоўкі ўстаноў культуры і адукацыі Прыдняпроўскага краю, свае брэнды прадставяць раёны вобласці: Кіраўскі – фестываль сена «Сенафэст-2018», Чавускі – этнаграфічнае свята «У госці да радзімічаў», Касцюковіцкі – свята паэзіі і аўтарскай песні «Пісьмянкоў луг», Мсціслаўскі – «Рыцарскі фэст» і інш. Далей адбудзецца вечар знаёмстваў для арганізатараў і ўдзельнікаў «Залатой пчолкі», а таксама ўрачыстае адкрыццё фестывалю, феерверк і фаер-шоу.

Тэатралізаваная інтэрактыўная пляцоўка «Арт-праспект дружбы» адкрыецца ў «Дзень садружнасці нацыянальных традыцый». Яе наведвальнікаў чакаюць выступленні акцёраў тэатра жывых скульптур і хадулістаў, тэатраў з дзіцячымі забаўляльнымі праграмамі, інтэрактыўныя зоны «Шоу мыльных бурбалак» і навукова-забаўляльнага творчага праекта «Адкрывашкі», вернісаж майстроў аквагрыму. Будуць працаваць прэзентацыйныя астраўкі краін-удзельніц фестывалю з фотавыставамі, экспазіцыямі афіш, сувеніраў і нацыянальных сімвалаў, сэлфі-цэнтрамі. На плошчы Вялікага Кастрычніка правядуць конкурс дзіцячага малюнка на асфальце «Мой родны кут». Тут жа адбудзецца форум фарбаў Холі. Са святочным канцэртам выступяць удзельнікі «Залатой пчолкі». Спонсары прадставяць праграму «Падарунак фестывалю».

Цэнтральнымі мерапрыемствамі «Дня сугучча талентаў» стануць святочнае шэсце «Віват, дзяцінства!», цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў XVII Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» і заключны гала-канцэрт.

«Форум даказаў сваё права на жыццё, паколькі служыць вельмі важным і высакародным мэтам. Ён спрыяе развіццю дзіцячай творчасці і эстэтычнага выхавання юнацтва, пашырае і ўмацоўвае міжнародныя культурныя сувязі, дапамагае рэалізацыі патэнцыялу таленавітай моладзі, павышае прафесійнае майстэрства кіраўнікоў і педагогаў творчых калектываў і выканаўцаў»,– падкрэслілі суразмоўцы.

Фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» праходзіць у Клімавіцкім раёне з 1996 года. У 2001-м конкурс атрымаў статус міжнароднага. Лаўрэатамі форуму ў розныя гады былі Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец, Ганна Мушак, Лідзія Заблоцкая і інш. Раней фэст цешыў гасцей і жыхароў рэгіёна адзін раз на два гады. Пачынаючы з 2017-га прынята рашэнне праводзіць «Залатую пчолку» штогод.

Арганізатарамі музычнага форуму выступаюць Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт, Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры Беларусі.