RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Як залічваюцца ў стаж для прызначэння пенсіі перыяды працы пасля 1 ліпеня 1998 г.

Пытанне. Як залічваюцца ў стаж для прызначэння пенсіі перыяды працы пасля 1 ліпеня 1998 г.

Адказ. У адпаведнасці з часткай першай артыкула 51 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» (далей – Закон) у стаж працы залічваюцца перыяды працы, прадпрымальніцкай, творчай і іншай дзейнасці пры ўмове, што на працягу гэтых перыядаў рабілася выплата абавязковых страхавых узносаў (далей – страхавыя ўзносы) у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь (далей – бюджэт фонду) згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні.

Пры гэтым пры вылічэнні стажу за перыяды працы і (або) іншай дзейнасці пасля 01.07.1998 прымяняецца наступнае правіла: калі сярэднямесячны фактычны заробак(даход), з якога выплачаны страхавыя ўзносы ў бюджэт фонду, за каляндарны год (або менш за каляндарны год, калі ў адпаведным годзе мелі месца прыём на працу або звальненне, рэгістрацыя або выключэнне з ліку плацельшчыкаў страхавых узносаў або іншыя падобныя абставіны) аказаўся ніжэйшым за мінімальную заработную плату, устаноўленую заканадаўствам, у стаж працы для прызначэння пенсіі залічваецца перыяд, вызначаны з прымяненнем папраўчага каэфіцыента.

Папраўчы каэфіцыент разлічваецца шляхам дзялення сярэднямесячнага фактычнага заробку (даходу) асобы на сярэднеарыфметычную велічыню мінімальнай заработнай платы за адпаведны перыяд выплаты страхавых узносаў.

Калі папраўчы каэфіцыент менш за адзінку, то ў стаж уключаецца перыяд з улікам гэтага паправачнага каэфіцыента, працягласць якога будзе меншай за каляндарны перыяд працы.