RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Пенсію атрымліваю на паштовым аддзяленні 9 чысла. Што неабходна для пераводу пенсіі на карт-рахунак у банку і якая дата выплаты пенсіі будзе ўстаноўлена?

Пытанне: пенсію атрымліваю на паштовым аддзяленні 9 чысла. Што неабходна для пераводу пенсіі на карт-рахунак у банку і якая дата выплаты пенсіі будзе ўстаноўлена?

Адказ:

У адпаведнасці з артыкулам 83 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні» выплата пенсій праводзіцца на выбар пенсiянера праз арганiзацыi паштовай сувязі, банкі, арганізацыі, якія ажыццяўляюць дзейнасць па дастаўцы пенсій.

У цяперашні час Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь заключаны дамовы аб выплаце пенсій, дапамог і іншых выплат па дзяржаўным сацыяльным страхаванні з ААТ «АСБ Беларусбанк», ААТ «Белінвестбанк», ААТ «Пріорбанк», ААТ «БПС-Сбербанк», ААТ «Белаграпрамбанк».

Выплата і фінансаванне пенсій (дапамог) адбываецца ўпраўленнямі па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкамаў, упраўленнямі сацыяльнай абароны адміністрацый раёнаў у г. Магілёве і г. Бабруйску (далей – упраўленні) у адпаведнасці з графікамі, якія штогод зацвярджаюцца.

У графіках вызначаюцца даты пералічэння грашовых сродкаў на выплату сум пенсій (дапамог) праз банк і даты выплаты. Пры супадзенні гэтых дат з выходнымі і святочнымі днямі пералічэнне грашовых сродкаў адбываецца датэрмінова ў папярэднія працоўныя дні.

Пералік пенсіі (дапамогі) на рахунак пенсіянера ажыццяўляецца ўпраўленнем на падставе заявы аб пералічэнні пенсіі на рахунак фізічнай асобы (далей – заява) устаноўленай формы.

Заява можа быць аформлена ва ўпраўленні, якое ажыццяўляе выплату пенсіі (дапамогі), або ў падраздзяленні банка ў межах раёна месцазнаходжання ўпраўлення. Заява сапраўдная на працягу трох гадоў.

Для забеспячэння бесперапыннага атрымання пенсіі (дапамогі) заява павінна аднаўляцца пенсіянерам (атрымальнiкам дапамогi) не пазней чым за адзін месяц да заканчэння тэрміну дзеяння папярэдняй заявы.

Калі да заканчэння названага тэрміну атрымальнік не прадставіў ва ўпраўленне новую заяву, у наступным месяцы належныя яму выплаты будуць праведзены на паштовым аддзяленні па адрасе, які пазначаны ў асабістай справе атрымальніка пенсіі (дапамогі), 21 чысла.

З 1 лютага 2015 г. уведзена дадатковая дата выплаты пенсій (дапамог) праз банкі – 21 чысло, якая ўстанаўліваецца ў наступных выпадках:

- першаснае прызначэння пенсіі (дапамогі);

- змена па заяве пенсіянера спосабу выплаты пенсіі (дапамогі) з паштовага аддзялення на банк;

- змена пенсіянерам месца жыхарства ў межах розных гарадоў (рэгіёнаў);

- перавод выплаты пенсіі (дапамогі) у іншы банк.

Варта ўлічыць, што ў выпадку звароту атрымальніка з новай заявай аб выплаце пенсіі (дапамогі) праз банк на працягу трохмесячнага тэрмiну з дня заканчэння тэрміну дзеяння папярэдняй заявы выплата пенсіі (дапамогі) праз банк будзе адноўлена на ранейшую дату выплаты. Калі новая заява будзе аформлена па заканчэнні пазначанага трохмесячнага тэрміна, дата выплаты пенсіі (дапамогі) будзе ўстаноўлена на 21 чысло.

У вашым выпадку пры змене спосабу выплаты з паштовага аддзялення сувязі на банк будзе ўстаноўлена дата выплаты пенсіі на 21 чысло.