RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мемарыяльны комплекс «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў в. Боркі Кіраўскага раёна

 

Святое месца

Для сённяшняга пакалення Вялікая Айчынная вайна, якая пакінула глыбокі след у памяці народа, стала гісторыяй. Сведак смяротнай сутычкі з жорсткім і моцным ворагам засталося зусім нямнога, але памяць народа захоўвае гісторыю...

15 чэрвеня 2019 г. споўнілася 77 гадоў з дня жудаснай крывавай трагедыі ў в. Боркі Кіраўскага раёна, калі падчас буйной карнай аперацыі фашысты расстралялі і спалілі больш за 2000 мірных жыхароў.

Да Вялікай Айчыннай вайны ў в. Боркі і 6-ці прылеглых пасёлках (Пралетарскі, Дзяржынскі, Чырвоны Араты, Закрынічча, Доўгае Поле, Хватаўка) налічвалася каля 300 двароў.

У в. Боркі нямецкія захопнікі прыйшлі прыкладна праз тыдзень пасля пачатку вайны.

Улетку 1942 года сфарміраваныя партызанскія злучэнні пачалі дзеянні супраць захопнікаў, здзяйсняючы частыя дыверсіі па падрыве машын на шашы Бабруйск–Магілёў. Пасля адной з такіх дыверсій 15 чэрвеня 1942 года ў вёску наляцеў карны атрад штурмбанфюрэра СС Оскара Паўля Дырлевангера.

На досвітку немцы акружылі ўсе пасёлкі в. Боркі. У Закрыніччы карнікі сталі выганяць з дамоў насельніцтва і выводзіць на ўскраіну пасёлка. Затым сілай запіхвалі ў кожны дом па 8 чалавек, клалі іх на падлогу ў два рады па 4 галава да галавы тварам уніз і з аўтаматаў расстрэльвалі. Не шкадавалі ні старых, ні малых.

Скончыўшы расстрэл, немцы абклалі хаты саломай і падпалілі. Ва ўсіх іншых пасёлках акупанты проста заходзілі ў дом і ўсіх расстрэльвалі. Старэйшых забівалі разрыўнымі кулямі, а малодшых падымалі на штыкі, каб не марнаваць патроны. Скончыўшы расправу да сярэдзіны дня, карнікі падпалілі 6 пакінутых пасёлкаў.

На месцы вёсак віднеліся толькі драбы спаленых дамоў, вакол – абвугленыя чалавечыя трупы; у калодзежах – целы забітых. Гэта была адна з самых масавых карных акцый, накіраваная супраць мірных жыхароў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупаванай фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі.

Пасля вайны самі Боркі былі адноўленыя, але навакольныя пасёлкі – Хватаўка, Доўгае Поле, Закрынічча, Чырвоны Араты, Пралетарскі, Дзяржынскі – так і не адрадзіліся.

У памяць аб жыхарах Борак і спаленых вёсак у 1964 годзе да 20-годдзя вызвалення раёна быў устаноўлены помнік – скульптура воіна і дзяўчынкі, якая ўскладае кветкі. Па колькасці спаленых пасёлкаў устаноўлена шэсць пліт памяці як напамін пра крывавую бойню на шматпакутнай Боркаўскай зямлі.

У жніўні 2004 года, праз 62 гады пасля той страшнай трагедыі, узведзена Капліца ў гонар абраза Божай Маці «Спагнанне загінулых».

У жніўні 2008 года была ўстаноўлена сцяна памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці: шэсць гранітных пліт з назвамі 112 знішчаных вёсак Магілёўскай вобласці, дзе закладзена капсула з зямлёй гэтых спаленых вёсак. Сярод іх – 20 населеных пунктаў Кіраўскага раёна.

Трагедыя вёскі Боркі роўная хатынскай, і сімвалічна, што зямля з прахам загінулых жыхароў Борак захоўваецца на хатынскіх «могілках спаленых вёсак» Беларусі як настаўленне нашчадкам, як заклік да захавання міру на зямлі.

Сёння вёска Боркі з’яўляецца месцам пастаяннага наведвання. Штогод у апошнюю нядзелю жніўня тут праводзіцца жалобны мітынг-рэквіем у памяць аб спаленых жыхарах.

«Старэйшая сястра Хатыні». Анонс спецыяльнага рэпартажу СТВ