RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Гісторыка-культурныя каштоўнасці Магілёўскай вобласці «1» катэгорыі (міжнароднае значэнне)

г. Магілёў

Комплекс Мікольскага манастыра ў межах агароджы

Мікольскі манастыр у г.Магілёве заснаваны праваслаўным мітрапалітам Рэчы Паспалітай Пятром Магілай у 1636 годзе. Будаўніцтва каменнага сабора ў сучасным выглядзе пачалося толькі ў 1669 годзе і было скончана ў 1672 годзе, калі яго асвяцілі. Свята-Мікольскі жаночы манастыр дзейнічаў у 1637–1719 гадах, пасля чаго быў ператвораны ў мужчынскі, а ў 1754 годзе – зачынены. Пазней стаў парафіяльным. У другой палове XVIII стагоддзя сабор рэстаўравалі.

У 1936–1937 гадах у манастыры размяшчалася перасыльная турма, з 1946 года–кніжная база. Толькі ў 1989 годзе будынак манастыра быў вернуты вернікам. Былі пачаты рэстаўрацыйныя работы, якія хоць і павольна, але ўсё ж прывялі да адраджэння праваслаўнай святыні і аднаўлення дзейнасці храма і манастыра.

Сёння Свята-Мікольскі манастыр –адрэстаўраваны культавы архітэктурны комплекс, які складаецца з каменных будынкаў Мікольскай і «цёплай» (зімовай) Ануфрыеўскай (1796 год) цэркваў, двухпавярховага жылога дома, званіцы. Акружае тэрыторыю каменная агароджа з варотамі.

Мікольская царква пабудавана ў стылі беларускага барока. Храм мае тры нефы і тры апсіды базілікі. Дамінантай царквы з’яўляецца цыбульны купал, устаноўленай на васьмігранны светлавы барабан. Ва ўнутраным строі царквы асабліва вылучаецца іканастас. Ануфрыеўская царква служыла для набажэнстваў у зімовы перыяд, бо каменны будынак асноўнага храма не ацяпляўся. Кампазіцыя «цёплай» царквы завершана купалам на цыліндрычным барабане. У адным з кутоў агароджы знаходзіцца невялікая каплічка-званіца, у якой цяпер спачываюць астанкі загінулых у 1930-я гады.

Гісторыка-культурная каштоўнасць размяшчаецца па адрасе: г. Магілёў, вул. Т. Сурты, 19.

 

г. Магілёў

Былы архірэйскі палац

Палац вядомага магілёўскага архірэя Георгія Каніскага (1717–1795) пабудаваны ў 1762–1785 гадах архітэктарам з Вільні Янам Глаўбіцам. Будаўніцтва палаца архірэя ў г. Магілёве было важным палітычным рашэннем, паколькі менавіта тут знаходзілася рэзідэнцыя праваслаўнага архіепіскапа. Першапачаткова планіровачная арганізацыя комплексу выражала сіметрыю: у глыбіні квартала знаходзіўся сам палац, а справа і злева ад яго размясціліся манастырскія келлі, злучаючыся ажурнай металічнай агароджай з параднымі ўязнымі варотамі.

План палаца –кампактны прамавугольнік з невялікімі выступамі-рызалітамі ў кутніх частках, які дзяліўся на вялікія пакоі. Цэнтральнае становішча ў першым паверсе ззаймалі вестыбюль і зала прыёмаў. На другім паверсе знаходзіліся асабістыя пакоі, кабінет і бібліятэка ўладальніка. Трэці паверх – атыкавы –маецца толькі ў сярэдняй частцы палаца. Тут размяшчаліся невялікія памяшканні, якія прызначаліся, хутчэй за ўсё, для гасцей і абслуговага персаналу. У вонкавай архітэктуры палаца выразна бачныя тыповыя рысы барока: пластыка ў вырашэнні фасадаў, нішы, складаная па малюнку ліштва. Высокі, цікавы сваёй формай дах будынка гарманіруе з характарам фасадаў. Вароты і палац размяшчаюцца на адной кампазіцыйнай восі.

Да нашых дзён часткова захаваўся будынак палацавага комплексу, агароджа і брама. Цяпер будынак знаходзіцца ва ўласнасці Магілёўскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

 

Гісторыка-культурная каштоўнасць размяшчаецца па адрасе: г. Магілёў, вул. Ленінская, 11а.

 

Кіраўскі раён

Палацава-паркавы ансамбль – палац з дэкаратыўным аздабленнем інтэреру (ляпны дэкор, камін і печ, падлога з меандравым арнаментам, плафоны столяў), гаспадарчыя пабудовы, парк

Асноўнай славутасцю аграгарадка Жылічы з’яўляецца палацава-паркавы ансамбль першай паловы XIX стагоддзя.

Цэнтральнае месца ў дадзеным ансамблі займае палац, будаўніцтва якога было пачата ў 1830-ыя гады. Будынак уяўляў сабой замкнёны ў плане прамавугольнік, які складаецца з галоўнага палацавага корпуса, аранжарэі, палацавай капліцы, дадатковых карпусоў і павільёнаў, службовых памяшканняў і праязной аркі. Унутранае ўбранне палаца адрознівалася раскошай, багаццем і эстэтычнай вытанчанасцю. Залы былі ўпрыгожаны пазалочанай ляпнінай, дробнай скульптурнай пластыкай, роспісамі, дэкараваныя тканінамі і люстэркамі.

Плошча ўсяго палацава-паркавага комплексу складала не менш за 100 гектараў, з якіх каля дваццаці займаў маляўнічы парк. Гэты парк з’яўляўся ўнікальным для Беларусі ўзорам садова-паркавага мастацтва.

Вакол палаца быў пабудаваны шырокі гаспадарчы комплекс з некалькімі заводамі і млыном.

У 1888 годзе ў маёнтку пабудавалі адну з першых у Беларусі метэаралагічных станцый.

З 2008 года ў палацы вядуцца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы. У 2011 годзе была завершана першая чарга аднаўленчых работ. Частка паўночнай і заходняй ліній палаца была прыстасавана для працы дзіцячай школы мастацтваў. У 2013 годзе быў зноўку ўзведзены паўднёва-заходні флігель, частку памяшканняў якога заняў жыліцкі гістарычны комплекс-музей. Частку паўднёва-ўсходняга флігеля будзе займаць бібліятэка. Паўднёвая лінія палаца будзе адноўлена як аранжарэя, па сваім першапачатковым прызначэнні.

Гісторыка-культурная каштоўнасць размяшчаецца па адрасе: Магілёўская вобласць, Кіраўскі раён, аграгарадок Жылічы, вул. Міру, 5.

 

Мсціслаўскі раён

Успенскі касцёл з фрэскамі ў інтэреры касцёла, брама, кляштарны корпус

Кармеліцкі касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі–помнік архітэктуры ў стылі класічнага або віленскага барока XVIII стагоддзя.

Пабудаваны касцёл у 1620 годзе. Паводле іншых звестак, падмурак закладзены ў 1614–1617 гадах. Як мяркуецца, спачатку будынак быў драўляным, а пазней на тым жа месцы ўзвялі каменны касцёл. У 1746–1750 гадах храм быў рэканструяваны архітэктарам Іаганам Гаўбіцам: перабудавалі дэкор фасада, змянілі форму даху. Храм, застаючыся ў ранейшых абрысах, набыў лёгкасць і велічнасць, уласцівыя стылю віленскага барока. У 1750 годзе яго зноў асвяцілі ў гонар Узнясення Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1887 годзе храм паўторна падвергнуты рэканструкцыі і абнаўленню: пабудавана ўваходная цагляная брама ў выглядзе трох арак. Унутраную прастору касцёла ўпрыгожваюць лепка і фрэскі XVIII стагоддзя, размешчаныя на сценах галоўнага нефа і часткова на бакавых нефах. Захавалася каля 20 кампазіцый, знакамітых тым, што,акрамя традыцыйных рэлігійных, яны адлюстроўваюць і свецкія сюжэты. У савецкія часы храм быў зачынены. У 1997 годзе –вернуты католікам.

У цяперашні час на будынку касцёла патрабуецца правядзенне рэстаўрацыйных работ. Цяпер каталіцкі прыход праводзіць службы ў прыбудове.

Гісторыка-культурная каштоўнасць знаходзіцца па адрасе: Магілёўская вобласць, г.Мсціслаў, вул. Кірава, 4.

 

Слаўгарадскі раён

Свята-Петрапаўлаўскі храм-помнік і помнік у гонар перамогі рускіх войскаў у бітве пад в. Лясная

Мемарыяльны комплекс быў створаны ў 1908 годзе у гонар 200‑годдзя перамогі рускіх войск над шведскім корпусам генерала А. Левенгаўпта ў бітве 28 верасня 1708 г. пад вёскай Лясная.

Аграгарадок Лясная –населены пункт у Слаўгарадскім раёне Магілёўскай вобласці, вядомы тым, што паблізу яго 28 верасня 1708 г. карвалант Пятра I разграміў шведскі корпус з 16 тысяч воінаў Левенгаўпта падчас Паўночнай вайны. У памяць аб гэтай бітве недалёка ад вёскі Лясная праз 200 гадоў быў устаноўлены помнік у форме бронзавага арла, які скарыў сцяг ворагаў, і ўзведзены Свята-Петрапаўлаўскі храм-помнік (адкрыты ў ліпені 1912 года). У ім у савецкі час быў размешчаны музей бітвы пад Лясной. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС спыніла працу музея. У пачатку 90-х ХХ стагоддзя тут зноў быў адкрыты храм.

На дадзены момант комплекс уключае мемарыяльную капліцу, манумент у гонар перамогі рускіх войскаў і мармуровы абеліск на брацкай магіле рускіх воінаў.

Гісторыка-культурная каштоўнасць размяшчаецца па адрасе: Магілёўская вобласць, Слаўгарадскі раён, Лапаціцкі сельсавет, аграгарадок Лясная.