RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аб эпідэмічнай сітуацыі, новых вірусах і вакцынах ішла гаворка на прэс-канферэнцыі, прысвечанай Еўрапейскаму тыдню імунізацыі

Прэс-канферэнцыя, прысвечаная Еўрапейскаму тыдню імунізацыі, прайшла ў прэс-цэнтры ІА «Магілёўскія ведамасці». Удзел у ёй прынялі загадчык аддзела эпідэміялогіі Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Максім Саковіч, загадчык кансультатыўнай паліклінікі Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы Дзяніс Арлоў, урач-алерголаг Магілёўскай дзіцячай паліклінікі № 4 Вераніка Сакалоўская.

Па ініцыятыве Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя з 24 па 30 красавіка 2022 года штогод праводзіцца Еўрапейскі тыдзень імунізацыі, якая спрыяе папулярызацыі асноўнай ідэі аб тым, што імунізацыя мае найважнейшае значэнне для прафілактыкі захворванняў і абароны жыцця. Паколькі вакцыны абараняюць кожнага паасобку і дазваляюць абараняць калектыўнае здароўе ўсіх людзей як членаў сусветнай супольнасці. Тэма Еўрапейскага тыдня імунізацыі ў 2022 годзе – доўгае жыццё для ўсіх. І накіравана яна на тое, каб падкрэсліць важнасць раўнапраўнага і шырокага доступу да вакцын, які спрыяе забеспячэнню доўгага і здаровага жыцця кожнага.

На прэс-канферэнцыі спецыялісты расказалі аб актуальнасці міжнародных і нацыянальных кампаній у падтрымку вакцынацыі. Пагаварылі пра нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак і пералік прафілактычных прышчэпак па эпідэміялагічных паказаннях як магчымасць спецыфічнай абароны ад інфекцый у Рэспубліцы Беларусь. Абмеркавалі пытанні даступнасці, мэтазгоднасці і эфектыўнасці вакцынацыі насельніцтва супраць інфекцыі COVID-19.

Так аб эпідэмічнай сітуацыі па вакцынакіраваных інфекцыях у Магілёўскай вобласці, абапіраючыся на даныя мінулых гадоў і сённяшнія паказчыкі, а таксама аб меркаваных прагнозах на будучыню і аб вакцынапрафілактыцы праінфармаваў прысутных Максім Саковіч.

«Міжнародная кампанія ў падтрымку вакцынацыі, якая праводзіцца не першы год і ў якой актыўна прымае ўдзел Рэспубліка Беларусь, заклікана звярнуць увагу як насельніцтва, так і медыцынскіх работнікаў на важнасць, даступнасць, эфектыўнасць і бяспеку імунапрафілактыкі як сродку абароны ад інфекцыйных захворванняў, – расказаў спецыяліст. – Вакцынацыя насельніцтва ў межах нацыянальнага календара прафілактычных прышчэпак і ў межах пераліку па эпідэмічных паказаннях праводзіцца на бясплатнай аснове. Праблем з даступнасцю вакцын няма.

Калі гаварыць пра вакцынацыю па эпідэмічных паказаннях, гэта катэгорыя прафілактычных прышчэпак заклікана абараніць чалавека ад інфекцыйных захворванняў у пэўных сітуацыях. Напрыклад, звязаных з прафесійнымі рызыкамі або пры кантакце з хворым чалавекам. А таксама пры выездзе ў краіны або рэгіёны з неспрыяльным становішчам па некаторых захворваннях, напрыклад, пры распаўсюджанні клешчавога энцэфаліту. З некаторых часоў сюды ж адносіцца і прафілактыка COVID‑19.

Сёння праца праводзіцца бесперапынна. Сістэма пастаўкі і забеспячэння вакцынамі арганізацый аховы здароўя функцыянуе бесперабойна.

Што тычыцца прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі, я лічу, што з часам яна пяройдзе ў разрад планавай вакцынацыі, паколькі інфекцыя нікуды не знікне. Усе этапы, якія былі вызначаны Нацыянальным планам вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі, практычна завершаны. Мы ўжо падыходзім да ахопу, які дасць магчымасць гаварыць аб стварэнні пэўнага ўзроўню калектыўнага імунітэту – каля 70%. На сёння гэта лічба ўжо складае 67,5».

Аб новых вакцынакіруемых інфекцыях у сваю чаргу расказаў Дзяніс Арлоў:

«Навука аб вакцынапрафілактыцы дынамічная, паколькі ўвесь час вынаходзяцца новыя вакцыны. Напрыклад, за апошні год з моманту мінулага АТІ, у нашай рэспубліцы з’явілася вакцына ад менінгакокавай інфекцыі, якая выклікае вялікі працэнт смяротных зыходаў і інвалідызацыі. На даны момант вакцынацыя праводзіцца на платнай аснове. Акрамя таго, з’явілася вакцына ад клешчавога энцэфаліту. У апошнія гады, асабліва з прыходам каранавіруснай інфекцыі, стала актуальнай вакцынацыя супраць пнеўмакокавай інфекцыі. Сучасная вакцына дазваляе ўжываць яе як для дарослых, так і для малых да года. Яна не абараняе ад грыпу ці COVID-19, але дазваляе знізіць рызыкі бактэрыяльных ускладненняў.

У цяперашні час у барацьбе з сезонным грыпам, напрыклад, атрымала распаўсюджванне так званая квадрывалентная вакцына ад грыпу, якая ўключае некалькі штамаў для большай абароны.

Сітуацыя з віруснымі інфекцыямі змяняецца, пашыраецца спектр вакцын і, зразумела, у залежнасці ад «парадку дня» змяняецца нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. Пра гэта стараемся своечасова інфармаваць насельніцтва, у тым ліку і праз сродкі масавай інфармацыі».

Аб парадку вакцынацыі дзяцей ва ўмовах COVID-19 расказала Валянціна Сакалоўская. Яна падкрэсліла, што такая магчымасць з’явілася са снежня мінулага года.

«У нашай краіне праводзіцца імунізацыя падлеткаў 12–17 гадоў вакцынай Sinopharm. У такіх краінах, як Ізраіль, Вялікабрытанія, ЗША, Кітай, вакцынацыя праводзіцца з 5-гадовага ўзросту, што гаворыць аб профілі бяспекі вакцыны.

Паколькі штам COVID-19 муціруе і дзеці пачалі ўспрымаць інфекцыю і больш актыўна хварэць, еўрапейская тэхнічная кансультатыўная група экспертаў па пытаннях імунізацыі дала рэкамендацыі па вакцынацыі падлеткаў з 12 гадоў. Абгрунтоўваецца гэта тым, што дзеці малодшага ўзросту маюць больш нізкую ўспрымальнасць да заражэння COVID-19 і хварэюць у лёгкай або бессімптомнай форме.

Цяпер мы вядзём інфармацыйную работу з бацькамі, каб яны разумелі важнасць стварэння сямейнага імунітэту, бяспеку вакцыны і не баяліся прывіваць сваіх дзяцей.

Яшчэ хацела б звярнуць увагу бацькоў на тое, што, незалежна ад эпідсітуацыі, не варта забываць пра планавыя прышчэпкі ў адпаведнасці з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак. Калі дзіця здаровае, прышчэпкі павінны быць зроблены па зацверджаным графіку».

Падчас сваіх выступленняў спецыялісты акцэнтавалі ўвагу, што за мінулыя дзесяцігоддзі мінулага і гэтага стагоддзя правядзенне прафілактычных прышчэпак дазволіла дамагчыся значных поспехаў у прафілактыцы шэрагу інфекцыйных захворванняў ва ўсім свеце: ліквідавана натуральная воспа і цыркуляцыя двух з трох дзікіх штамаў віруса поліяміеліту, адзначаецца значнае зніжэнне колькасці выпадкаў адзёру, краснухі, дыфтэрыі, слупняку, генералізаваных формаў туберкулёзу і вострага віруснага гепатыту ў дзяцей, а таксама іншых інфекцый, якія папярэджваюцца з дапамогай імунізацыі.

Важнасць і бясспрэчнасць вакцынацыі як самага эфектыўнага спосабу прафілактыкі інфекцыйных захворванняў стала яшчэ больш відавочная падчас маштабнага і імклівага развіцця пандэміі COVID-19.

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая