RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ад харчавання да падвозу. Ігар Сергяенка азнаёміўся з падрыхтоўкай да навучальнага года школ Глускага раёна

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка напярэдадні 1 верасня сустрэўся з педагагічным актывам і наведаў шэраг устаноў адукацыі Глускага раёна. Тэмай абмеркавання стала падрыхтоўка навучальных устаноў да новага навучальнага года.

Паводле слоў Ігара Сергяенкі, работа па падрыхтоўцы да новага навучальнага года завяршылася практычна ва ўсіх установах адукацыі краіны. Цяпер стаіць задача ў сціслыя тэрміны ўстараніць недахопы, якія засталіся, для чаго паўсюдна створаны маніторынгавыя групы. Яны выязджаюць у раёны, праводзяць сустрэчы на месцах. Асноўная іх задача заключаецца ў тым, каб не толькі выявіць недахопы, але і дапамагчы аператыўна іх устараніць.

Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта пасля сустрэчы з актывам азнаёміўся з падрыхтоўкай у сярэдняй школе нумар 2 Глуска, якую наведаў незапланавана. Маштабы праведзенай работы яго здзівілі. «Школа адкрывае дзверы да новага навучальнага года ў поўнай баявой гатоўнасці, - адзначыў ён. - Аўдыторыі, класы, музей, спартзала - усё адпавядае патрабаванням, якія прад'яўляюцца, у тым ліку ў пытаннях харчавання. На прыкладзе такіх раёнаў і пасёлкаў мы бачым, з якой любоўю і інтарэсам нашы настаўнікі падыходзяць да арганізацыі сваіх рабочых месцаў і школ да новага навучальнага года. І робяць гэта без лішніх напамінаў».

Сярэдняя школа нумар 2 Глуска адзначыла ў мінулым годзе 100-гадовы юбілей. Установе сапраўды ёсць чым ганарыцца - напрыклад, у лік вядомых выпускнікоў увайшлі кампазітар і народны артыст Беларусі Валерый Іваноў, заслужаны майстар спорту краіны і чатырохразовы прызёр Паралімпійскіх гульняў у Пхёнчхане Юрый Голуб, пісьменнік і журналіст, ганаровы грамадзянін Глуска Навум Сандамірскі. «У новым навучальным годзе за нашы парты сядуць 307 чалавек з 8 населеных пунктаў, уключаючы раённы цэнтр, - падзялілася дырэктар навучальнай установы Алена Слічонак. - На падвозе дзяцей задзейнічаны 5 аўтобусаў. У школе вучыцца 98 дзяцей са шматдзетных сем'яў, гэта значыць практычна трэць ад усёй колькасці, ёсць дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У школе працуюць больш як 30 педагогаў, у тым ліку тры дэфектолагі і псіхолаг».

Нягледзячы на тое, што ў 2020 годзе ўстанова адукацыі трапіла пад капітальны рамонт з мадэрнізацыяй, да гэтага 1 верасня падрыхтоўка вялася маштабная. Уласнымі сіламі ў школе ўдзялілі належную ўвагу і кабінетам, і добраўпарадкаванню прылеглай тэрыторыі, і прысядзібнаму ўчастку. «Толькі ў гэтым годзе са свайго школьнага агарода мы нарыхтавалі амаль 2,5 т бульбы, якая пойдзе на змяншэнне кошту харчавання вучняў, - падкрэсліла Алена Слічонак. - У школе дзейнічаюць прафгрупы - сталяр, садавод і агароднік, прычым для тых, хто атрымліваюць дзве апошнія прафесіі, створана шыкоўная база. Так, у школе ёсць свае цяпліца, агарод і нават яблыневы сад, які быў закладзены ў мінулым годзе да 100-гадовага юбілею нашай навучальнай установы і ў памяць аб педагогах, якія прайшлі вайну».

Сярод самых маштабных змен гэтага года - праект па харчаванні, да якога школа падключыцца ў студзені. Час для падрыхтоўкі яшчэ ёсць, але ўжо сёння праведзена вялікая папярэдняя работа: вырашаны пытанні з абсталяваннем, дакуплены неабходны посуд, ідзе распрацоўка тэхналагічных карт новых страў, якія паспелі апрабаваць у час работы школьнага аздараўленчага лагера. З пачатку новага навучальнага года адміністрацыя будзе прапрацоўваць пытанне, як адаптаваць у сваёй школе новыя падыходы да арганізацыі харчавання дзяцей. Будзе таксама ўлічвацца, на якім перапынку лепш карміць дзяцей, каб яны не сядзелі ў класе галоднымі, паколькі некаторыя вучні прачынаюцца ў 6 раніцы, каб паспець да пачатку ўрокаў. Дырэктар адзначыла, што ў час апрабацыі новага меню дзеці ацанілі прапанаваныя стравы па заслугах. Вучням вельмі спадабаліся дранікі, фанфікі - своеасаблівыя мясныя катлеты і нават традыцыйная беларуская бабка.

Другім пунктам маршруту Ігара Сергяенкі стала Усцярхоўская сярэдняя школа Глускага раёна, якая налічвае 56 вучняў і 8 выхаванцаў дзіцячага сада. Дырэктар установы Віктар Сасноўскі - кіраўнік з 42-гадовым стажам, які ведае, што ў пытанні падрыхтоўкі да новага навучальнага года дробязей не бывае. «У нашай школе крыху больш за 10 гадоў таму быў праведзены капітальны рамонт, з таго часу мы падтрымліваем установу ў належным стане, - адзначыў ён. - Напрыклад, звярнулі ўвагу на вулічнае гульнявое абсталяванне, якое набылі і ўстанавілі для нашых дзетсадаўцаў. У новым годзе першакласнікаў у нас няма - бацькі не захацелі, каб дзіця было ў класе адно і аддалі яго ў гімназію райцэнтра. Тым не менш мы заўсёды стараемся ісці насустрач - напрыклад, арганізаваны падвоз вучня, які пражывае за 16 км ад школы».

Камфортныя і сучасныя ўмовы, а таксама высокі ўзровень падрыхтоўкі - лепшая рэклама для бацькоў. Менавіта таму ў невялікую вясковую школу ходзяць не толькі мясцовыя жыхары, сюды нават прывозяць дзяцей з самога Глуска - едзе практычна поўны аўтобус. Прыемны бонус - усіх вучняў і выхаванцаў кормяць бясплатна. Школе належаць 60 сотак зямлі, на якіх пад поўную патрэбнасць вырошчваюцца бульба, морква, буракі, капуста, фасоля. Дзякуючы такому падыходу дзеці атрымліваюць паўнацэнны рацыён.

Паводле слоў Віктара Сасноўскага, незапланаваны прыезд кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта не столькі прымусіў хвалявацца, колькі ўзрадаваў - прыемна было пачуць, што педагагічнаму калектыву не трэба спяшацца расставацца з настаўнікамі пенсійнага ўзросту. «Сёння ў школе працуюць 19 педагогаў, сем з іх пенсіянеры, аднак на першы погляд па іх так і не скажаш - яны поўныя энергіі і жадання працаваць з дзецьмі, - падкрэсліў кіраўнік. - Сярод самых маладых - настаўнік гісторыі, які застаўся пасля размеркавання. Яго стаж работы складае ўжо 5 гадоў».

Пасля Глускага раёна Ігар Сергяенка азнаёміўся з гатоўнасцю да новага навучальнага года навучальных устаноў Бабруйска.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая