RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адзіны дзень інфармавання: Міхаіл Русы сустрэўся з навучэнцамі і педагагічным калектывам Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл Русы сёння сустрэўся з навучэнцамі і педагагічным калектывам Магілёўскага абласнога кадэцкага вучылішча імя Героя Савецкага Саюза Яўгена Нікалаенкі. Гутарка адбылася ў межах Адзінага дня інфармавання.

Сёння кадэцкае вучылішча з’яўляецца адным з лідараў па ўзроўні падрыхтоўкі навучэнцаў сярод аналагічных профільных навучальных устаноў краіны, адзначыў Міхаіл Русы. Амаль 80% выпускнікоў па выніках мінулага года паступілі ў ВНУ, многія з іх хутка стануць афіцэрамі, а гэта эліта дзяржавы. Таму важна, каб вучылішча адпавядала свайму статусу і па ўзроўні матэрыяльна-тэхнічнай базы. У ліку перспектыўных планаў – добры стадыён, рамонт будынка, дзе раней знаходзіліся майстэрні. Тут плануецца размясціць трэнажорную залу з душавымі і распранальнямі, залу рукапашнага бою і яшчэ дзве экспазіцыі – пра гісторыю кадэцкага вучылішча і пра Афганскую вайну. Ёсць намеры адкрыць залу харэаграфіі, дзе хлопцы будуць вучыцца танцаваць вальс, паланэз, мазурку. І найважнейшы праект – абласны цэнтр патрыятычнага выхавання. Яго адкрыццё павысіць матывацыю падрастаючага пакалення да ваеннай службы, а таксама выведзе работу па ваенна-патрыятычным выхаванні на новы ўзровень. Вучні 8–10-х класаў з усёй вобласці змогуць вывучаць тут асновы ваеннай справы, страявую падрыхтоўку і інш.

«Для рэалізацыі дзесьці будзем знаходзіць спонсараў, у чымсьці дапаможа аблвыканкам, – падкрэсліў Міхаіл Русы. – Галоўная задача ваеннага – абараняць Радзіму. І кадэты з юнага ўзросту рыхтуюцца да будучай прафесіі. Іх рашэнне не спантаннае. Ёсць магчымасць амаль у рэальных умовах вайсковай службы вызначыцца: ці здольны потым пайсці па выбраным шляху, забяспечыць той узровень патрабаванняў, які ў далейшым будзе да яго прад’яўляцца як да афіцэра беларускай арміі?»

Немалаважны складнік працэсу навучання кадэтаў – патрыятычнае выхаванне, а гэта немагчыма без ведання гісторыі краіны, яе славутасцей. Таму распрацоўвацца спецыяльная праграма, якая ўключае наведванне знакавых культур, сацыяльных аб’ектаў, гістарычных месцаў Прыдняпроўскага краю і Сінявокай.   

На думку Міхаіла Русага, патрыятычнае выхаванне і асновы ваеннай справы павінны прадстаўляць адзіную сістэму, якая суправаджае жыхароў краіны ад дзіцячага садка да працоўнага месца. «Мы абавязаны ўмець сябе абараняць, ведаць, што такое абарона, армія, дысцыпліна, любоў да Радзімы, – падкрэсліў ён. – Таму стварыць рэгіянальны цэнтр патрыятычнага выхавання менавіта на базе кадэцкага вучылішча – правільнае рашэнне. Для гэтага тут ёсць усё: месца для пражывання, уладкаваная сталовая, выдатны педагагічны калектыў. Тут сяржанты са свайго асяроддзя, і гэта не вайсковая часць, але і не проста ўстанова адукацыі».

Падчас сустрэчы Міхаіл Русы расказаў аб развіцці Саюзнай дзяржавы, закрануў пытанні эканамічнага развіцця Беларусі. «Учора два прэзідэнты ўзгаднілі асноўныя эканамічныя і палітычныя дакументы, накіраваныя на тое, каб Саюзная дзяржава працавала так, як трэба, не было перашкод для перамяшчэння тавараў, дзейнічала адзіная сістэма энергазабеспячэння, транспартных патокаў. І гэта вельмі сур’ёзны крок у эканамічным кірунку. Многія кажуць, вось мы аддаём частку самастойнасці. Але ў нас 60% вырабленых тавараў прадаецца за межы краіны, і вялікая частка – у Расійскую Федэрацыю. У той жа час амаль 80% камплектуючых, якія набываем для зборкі буйнагабарытнай тэхнікі, імпартуюцца з краіны-суседкі. Мы – адно цэлае, адзін механізм».  

Пры гэтым Міхаіл Русы звярнуў увагу: Беларусь – высокаадукаваная, талерантная, самадастатковая краіна з высокім узроўнем развіцця эканомікі. Кожны дзясяты трактар у свеце – беларускі, як і кожны трэці вялікагрузны аўтамабіль, кожная трэцяя тона прададзенага на экспарт масла, кожная чацвёртая тона сыру. «Такія канкурэнты вельмі нявыгадныя, таму ідзе барацьба», – канстатаваў старшыня Пастаяннай камісіі.

Ён падзякаваў жыхарам Магілёўшчыны за выбар, які быў зроблены год таму, за правільную грамадзянскую пазіцыю. «Калі на стратнае прадпрыемства прыходзіць добры кіраўнік, яно становіцца на ногі, а ў дзяржаве – тым больш. Быць лідарам краіны – тытанічная праца, аналітычная, ідэалагічная, маральная, – падкрэсліў Міхаіл Русы. – Важна, каб мы заўсёды заставаліся людзьмі, патрыётамі, паважалі сваю краіну. Ёсць Канстытуцыя, асноўныя законы. Іх трэба выконваць. Самае галоўнае цяпер – мір, спакой і магчымасць працаваць».

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая