RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс будзе ўведзены ў прамысловую эксплуатацыю з 1 верасня

Адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс будзе ўведзены ў прамысловую эксплуатацыю з 1 верасня, паведаміў журналістам дырэктар Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра (ГІАЦ) Міністэрства адукацыі Юрый Круглік падчас мерапрыемства «Лічбавая трансфармацыя сістэмы адукацыі: асноўныя задачы і напрамкі развіцця».

«Гэты рэсурс ужо працуе з 1 студзеня ў тэставым рэжыме. Гэта наш сумесны праект з Нацыянальным інстытутам адукацыі (НІА) і Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі (АПА). ГІАЦ Мінадукацыі забяспечвае тэхнічнае суправаджэнне і распрацоўку рэсурсу, а вось яго напаўненне навучальнымі матэрыяламі – гэта ўжо нашы калегі з НДА і АПА. З 1 верасня гэты рэсурс запрацуе на поўную моц. Мы правялі пэўны комплекс работ, звязаных з рэдызайнам сайта, распрацавалі дадаткова раздзелы», – расказаў Юрый Круглік.

Паводле яго слоў, на сёння рэсурсам можа скарыстацца любы навучэнец. «Выбраць тэму ўрока, клас, навучальны прадмет або дысцыпліну. Самастойна, калі гэта трэба, вывучыць параграф, прагледзець відэафрагмент, які метадычна вывераны. Распрацоўшчыкамі з’яўляюцца вядучыя настаўнікі Беларусі. Акрамя гэтага, у частцы кантролю, самаправеркі ведаў прайсці тэст, нават паглядзець, якія адказы былі правільнымі і няправільнымі. Калі ёсць жаданне больш глыбока вывучаць прадмет або тэму, то многія настаўнікі ў нас вядуць свае або блогі ў інтэрнэце, або інтэрнэт-сайты. У раздзеле «Дадатковыя матэрыялы» ёсць спасылкі на гэтыя блогі або сайты, – адзначыў дырэктар. – Гэта разумны дадатак для таго, каб навучэнец мог ліквідаваць прабелы, якія ў яго ёсць па той ці іншай тэме».

Ёсць праграма развіцця гэтага рэсурсу. «Мы не стаім на месцы. Ён тэхнічна і тэхналагічна будзе перажываць змены. Ужо ёсць на гэта адпаведнае тэхнічнае заданне», – падкрэсліў Юрый Круглік.

Мерапрыемства, якое праводзіцца пры падтрымцы ААЦ і Міністэрства адукацыі, заклікана стаць эфектыўнай дыялогавай пляцоўкай для абмеркавання актуальных пытанняў лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі і выпрацоўкі стратэгічных рашэнняў у гэтай сферы. Удзельнічаюць у пасяджэнні прадстаўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, занятых у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, а таксама сістэмы адукацыі Беларусі з усіх рэгіёнаў краіны.

На пасяджэнні асвятляюцца пытанні абароны інфармацыі, прымянення электроннага лічбавага подпісу ва ўстановах адукацыі, актуальных IT-рашэнняў у названай сферы, а таксама іншыя пытанні па тэматыцы пляцоўкі. У прыватнасці, прэзентаваны адзіны інфармацыйна-адукацыйны рэсурс, створаны для падтрымкі навучэнцаў пры арганізацыі аддаленага навучання. Дадзены рэсурс дапаможа ў вывучэнні матэрыялу па ўсіх вучэбных дысцыплінах.

Таксама ўдзельнікі абмяркуюць адзін з найважнейшых кампанентаў лічбавізацыі сферы адукацыі – стварэнне рэспубліканскага інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя. Паспяховая і своечасовая рэалізацыя праекта мае вялікае значэнне для наступнага развіцця адукацыі ў Беларусі.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая