RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Аляксандр Лукашэнка: жніво - гэта наш харчовы фронт, а на вайне перамагае той, хто лепш падрыхтаваны

Жніво для беларусаў - гэта харчовы фронт, а на вайне перамагае той, хто лепш падрыхтаваны. На гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі.

Нараду па ўборачнай кампаніі кіраўнік дзяржавы праводзіць у выглядзе вялікай селектарнай нарады не ўпершыню. У такім фармаце відаць сітуацыю на месцах, усе поспехі і недахопы ў рэжыме рэальнага часу.

«Жніво - заўсёды пытанне нумар адзін. Па сутнасці, момант ісціны і фініш вялікай работы ўсяго аграпрамысловага комплексу на працягу сельскагаспадарчага года, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я вас запрасіў у такім складзе на селектарную нараду ў сувязі з тым, што, шчыра кажучы, у мяне ёсць апасенні расслаблення кадраў у сувязі з умовамі надвор'я. У Беларусі заўсёды бывае так: засушыць, а потым залье. Майце на ўвазе, так можа быць, а, хутчэй за ўсё, будзе і ў гэтым годзе. Пасля гэтай засухі можа быць вельмі сырое і дажджлівае надвор'е ў жніўні. І тады мы яшчэ недаатрымаем ураджай з-за сваёй неарганізаванасці ў сувязі з вільготным надвор'ем».

«Для таго каб забяспечыць уласную харчовую бяспеку, каб на стале ў нас, як кажуць у народзе, быў «і хлеб, і да хлеба», каб перапрацоўшчыкі былі забяспечаны сыравінай, а жывёлагадоўля - кармамі, цяпер усім нам трэба максімальна арганізавацца. Жніво - гэта, калі хочаце, наш харчовы фронт. І ад гэтага фронту залежыць усё. На вайне як на вайне. Перамагае той, хто лепш падрыхтаваны, хто задзейнічаў усе рэсурсы і ваюе ад зары да зары. Як я часта кажу, лепш на гэтым фронце ваяваць, чым на гарачым. Сёння трэба сумленна адказаць на пытанне: дзе мы спраўляемся, а дзе недапрацоўваем. І тэрмінова ўсе недахопы выправіць», - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што рыхтавацца да ўборачнай кампаніі ў краіне пачалі з восені мінулага года. «Наведвалі рэгіёны, высвятлялі, якія ёсць праблемы, дзе патрэбны дапамога дзяржавы і маё прамое ўмяшанне. Усе вашы пажаданні па дапамозе вёсцы, па падтрымцы сельскагаспадарчага комплексу мною падтрыманы. Неабходныя рашэнні па выдзяленні бюджэтных крэдытаў на закупку мінеральных угнаенняў, гаруча-змазачных матэрыялаў, рамонт тэхнікі прыняты. Значыць, у мяне ёсць поўнае права патрабаваць, прычым максімальна жорстка, высокіх вынікаў і аддачы. Тым больш практыка мінулага года паказала, што нашым сельгасарганізацыям пад сілу збіраць добрыя ўраджаі», - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнтам была пастаўлена задача замацавацца па ўраджаі на ўзроўні прыкладна 9,5-10 млн т збожжа ўсіх відаў. Але, па запэўненні спецыялістаў і ўрада, якія зноў адзначаюць пагодны фактар, колас у гэтым годзе лягчэйшы на 15 працэнтаў і прагназуемы валавы збор збожжа, уключаючы рапс, кукурузу, свірэпіцу і іншыя культуры, складзе крыху больш за 9 млн т. Гэта менш за ўзровень 2022 года.

«І гэта тое, што цяпер знаходзіцца на корані. Што трэба яшчэ без страт убраць і адправіць у сховішчы. Урад запэўнівае, што такой колькасці нам амаль хопіць для забеспячэння краіны харчовым і фуражным збожжам. Я ў гэтым абсалютна не сумняваюся. Дадаткова мною прынята рашэнне па закупцы збожжа ў Расіі. Цана пакуль блізкая да сабекошту нашага збожжа, чаму і прымалася рашэнне. Хацелася б пачуць, што зроблена ў гэтым плане. Паўтару сказанае ў Оршы: збожжа сёння як золатавалютныя рэзервы. Заўсёды спатрэбіцца і пастаянна расце ў цане. Прынамсі, такіх цэн на міжнародным рынку, як учора і сёння, не было і не будзе. Гэта дакладна. І калі ў нас ёсць свабодныя магутнасці, чаму б іх не запоўніць рэзервам збожжа», - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Адказным за аграпрамысловы комплекс кіраўнік дзяржавы адрасаваў шэраг пытанняў па актуальнай тэматыцы: якая абстаноўка з уборкай на гэты момант і што, зыходзячы з гэтага, адбудзецца ў перспектыве, ці засталіся нявырашаныя пытанні, у тым ліку з гатоўнасцю збожжаўборачнай тэхнікі, у якім стане зернеачышчальна-сушыльныя комплексы?

«Неабходна задзейнічаць вытворчыя магутнасці камбінатаў хлебапрадуктаў, яны павінны арганізаваць прыёмку і дапрацоўку збожжа кругласутачна, - даручыў Прэзідэнт. - Калі будуць свабодныя сховішчы, іх трэба запоўніць танным набытым збожжам».

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў, каб дзяржзаказ на збожжа жалезна быў выкананы, і выказаў упэўненасць у тым, што так і будзе: «Гэта наш харчовы залаты запас».

Асобна кіраўнік дзяржавы спытаў пра забяспечанасць працоўнымі рэсурсамі. «Уборка збожжа - справа ўсенародная. Як дакладваюць, запланавана прыцягнуць дадаткова 3 тыс. механізатараў, як і ў мінулым годзе, - сказаў ён. - Ведаю, многія мужыкі, асабліва тыя, хто родам з вёскі, спецыяльна бяруць водпускі на ліпень і ўладкоўваюцца працаваць камбайнерамі, каб зарабіць добрыя дадатковыя грошы для сваіх сем'яў (хутка дзяцей у школу адпраўляць). Разам з прамысловымі прадпрыемствамі няхай губернатары прадставяць планы, адкуль і каго яны возьмуць. Не павінна быць ні недахопу ў спецадзенні, ні ў паўнацэннай гарачай ежы ў полі. Людзей трэба накарміць своечасова».

Асаблівую ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на захаванне парадку і дысцыпліны. «МУС і МНС павінны забяспечыць абарону ад пажараў палёў і людзей, сачыць за тым, каб не загарэлася збожжаўборачная і зернесушыльная тэхніка», - адзначыў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама ўказаў на неабходнасць аказаць дапамогу тым, хто жыве на прыватных падворках, дзе каля 30 тыс. га засеяна збожжавымі культурамі. «Асаблівая ўвага - пажылым і адзінокім грамадзянам, вяскоўцам. Лішкі збожжа закупяць камбінаты хлебапрадуктаў», - сказаў ён.

Гаворачы аб рабоце сродкаў масавай інфармацыі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што перадавікі жніва - гэта сапраўдныя героі нашага часу: «Яны заслугоўваюць таго, каб імі ганарыліся і на іх раўнялася ўся краіна. Я бачу, гэта работа пачалася, трэба яе пашыраць і паглыбляць».

«Разлічвайце сілы і рэсурсы. Узровень арганізацыі работы і працоўнай дысцыпліны павінен быць узорным. Вы бачыце, што адбываецца вакол, - рэзюмаваў Прэзідэнт. - Часта вас прашу і вам нагадваю: галоўнае для таго, каб быў мір і спакой, - гэта эканоміка».

Што адбываецца на палях і ў гаспадарках? Галоўныя прэтэнзіі Аляксандра Лукашэнкі да аграрыяў і кіраўніцтва на месцах

Аляксандр Лукашэнка пра збожжавую здзелку: усе так клапаціліся аб Украіне, а адмовіліся прапусціць вывазное збожжа

Аляксандр Лукашэнка: ніякая тэхніка пад плотам стаяць не можа

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў навесці ў сельгасарганізацыях жалезны парадак у кадравым пытанні

Александр Лукашэнка запатрабаваў ад Мінпрама звярнуць увагу на якасць айчыннай сельгастэхнікі

Аляксандр Лукашэнка патрабуе не скардзіцца на надвор'е, а рупліва працаваць у полі. Якая сітуацыя ў кожным рэгіёне?

Што даручыў Аляксандр Лукашэнка па выніках вялікага селектара

Колькі каштуе сучасны малочнатаварны комплекс? У Мінскай вобласці выйшлі на аптымальную цану

Якія рэгіёны больш за ўсё выклікаюць апасенне і што даручыў Аляксандр Лукашэнка. Дэталі прэзідэнцкага селектара

«Гэта добрыя грашовыя культуры». Аляксандр Лукашэнка пазітыўна ацаніў перспектывы вырошчвання азімых ячменю і рапсу

«Запас бяды не чыніць». Аляксандр Лукашэнка адзначыў правільнасць дзеянняў па забеспячэнні рэзерваў збожжа

БЕЛТА, фота БЕЛТА, фота Юліі Таранавай

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая