RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Анатоль Ісачанка: клопат аб будучым пакаленні - самыя надзейныя, разумныя і высакародныя інвестыцыі

Прыярытэтныя напрамкі сістэмы адукацыі Магілёўшчыны - выхаванне і развіццё асобы - абмеркавалі напярэдадні навучальнага года на канферэнцыі педагагічных работнікаў у абласным цэнтры творчасці.
 
У маштабным форуме прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль Ісачанка, яго намеснік Валерый Малашка, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Заблоцкі, намеснік пракурора Магілёўскай вобласці Андрэй Волкаў, ганаровыя госці, настаўнікі, кіраўнікі ВНУ і ССНУ, прадстаўнікі галіновага прафсаюза, упраўленняў і аддзелаў па адукацыі, а таксама ветэраны педагагічнай працы.

Звяртаючыся да прысутных, старшыня Магілёўскага аблвыканкама падкрэсліў, што на парадку дня, у першую чаргу, рэалізацыя права кожнага дзіцяці на адукацыю, фізічнае і духоўнае развіццё, гарантаванне бяспекі, прадастаўленне якаснага і здаровага харчавання, медыцынскае суправаджэнне.

«Школа XXI павінна ўвасабляць у сабе тую хату, у якой адбываецца вельмі важнае ў жыцці дзяцей, дзе цікава і пазнавальна, сучасна і тэхналагічна. Школа павінна быць другім домам, а настаўнікі другімі пасля бацькоў», - падкрэсліў кіраўнік вобласці.
 
Анатоль Ісачанка звярнуў увагу ўсіх прысутных на працу па аказанні дапамогі ў падрыхтоўцы дзяцей да школы: «Безумоўна, для рэалізацыі ўсіх мерапрыемстваў патрэбна сістэмная мэтанакіраваная праца кожнага з нас. Бо канчатковая мэта - камфортныя ўмовы для настаўнікаў і максімальная карысць для вучняў - варта любых намаганняў».

Кіраўнік Прыдняпроўскага краю запэўніў, што ўсе пытанні на ўзроўні Урада і Магілёўскага аблвыканкама дадзеныя спецыялістам сістэмы адукацыі ў пачатку года вырашаны.
 
У гэтым годзе з абласнога бюджэту на правядзенне бягучага і капітальнага рамонтаў выдзелена Br68 млн. Капітальна адрамантавана 39 школ.
 
Будуюцца два дзіцячыя садкі ў Магілёве і Бабруйску, дзве школы - у Магілёве і Асіповічах.
 
Забяспечаны падвоз навучэнцаў транспартам з тэрмінам эксплуатацыі да 10 гадоў пад поўную патрэбнасць.
 
Па выніках праведзенага эксперыменту па арганізацыі харчавання больш як у 60 працэнтах (188), арганізавана харчаванне з прымяненнем новых прынцыпаў і падыходаў. Для гэтага набыта і ўстаноўлена ўсё неабходнае абсталяванне.

Была закранута і тэма падрыхтоўкі кадраў. Анатоль Ісачанка перакананы, што час патрабуе новых падыходаў да падрыхтоўкі спецыялістаў:
 
«Паспяховае вырашэнне кадравых пытанняў непарыўна звязана з актыўным уцягваннем школьнікаў і студэнтаў у працоўныя справы пры актыўным удзеле арганізацый – заказчыкаў. Сістэма прафесійнай адукацыі павінна гнутка рэагаваць на запыты рэгіянальнага рынку працы.
 
Сучасная школа мае патрэбу ў новым тыпе настаўніка – у арсенале якога энтузіязм, самыя сучасныя методыкі і тэхналогіі навучання, якія яны гатовыя ўкараніць у навучальны працэс, педагогу, які ідзе ў нагу з часам – сёння гэта прадвызначае поспех вучня».
 
Дарэчы, у новым навучальным годзе пачнуць свой працоўны шлях 430 маладых спецыяліста. Кіраўнік вобласці звярнуў увагу на неабходнасць аказання ім усебаковай дапамогі і падтрымкі не толькі ў стварэнні камфортных умоў працы, але і вырашэнні жыллёвых, бытавых пытанняў.
 
Паводле слоў Анатоля Ісачанкі, развіццё сістэмы адукацыі - адзін з галоўных прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнай палітыкі, а клопат аб будучым пакаленні - самыя надзейныя, разумныя і высакародныя інвестыцыі.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Андрэй Заблоцкі расказаў аб выніках работы галіны адукацыі ў 2022/2023 навучальным годзе і абазначыў задачы на 2023/2024 навучальны год.

«Галоўная задача галіны над рэалізацыяй якой працавала сістэма адукацыі ў 2022/2023 навучальным годзе - гэта прадастаўленне якасных адукацыйных паслуг на ўсіх узроўнях пры эфектыўным выкарыстанні бюджэтных сродкаў», - сказаў Андрэй Заблоцкі.

З мэтай навукова-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу, напярэдадні канферэнцыі была арганізавана работа тэматычных секцый і круглых сталоў. У час іх работы былі разгледжаны сучасныя падыходы ў павышэнні якаснай дашкольнай, агульнай сярэдняй адукацыі, развіццё прафесійнай і дадатковай адукацыі, выхаваўчай і ідэалагічнай работы.

Асновай для выбудоўвання эфектыўнага адукацыйнага асяроддзя з'яўляецца сістэма дашкольнай адукацыі. Дзіцячыя сады сустрэнуць каля 40 тыс. дашкалят. Павышэнне запатрабаванасці ў атрыманні дашкольнай адукацыі дало магчымасць павялічыць ахоп дзяцей ад 1 года да 6 гадоў на 3,5 працэнта і дасягнула 83 працэнты ад усіх дзяцей рэгіёну. Згодна з нарматывамі сацыяльна-дзяржаўных стандартаў у частцы забяспечанасці дзяцей месцамі ў дашкольных установах паказчык склаў 98,6 працэнта.

Стварэнне ашчаджальнага асяроддзя непарыўна звязана з умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы, арганізацыяй медыка-педагагічнага суправаджэння, што дае магчымасць другі год запар захоўваць стабільныя паказчыкі колькасці дзён, прапушчаных адным дзіцем па хваробе.

Сярод значных падзей у сістэме дашкольнай адукацыі ў Магілёўскай вобласці трэба адзначыць, што па выніках работы за 2022 год дзіцячы садок аграгарадка Кадзіна прызнаны лепшай дашкольнай установай у сельскай мясцовасці ва ўсёй Беларусі.

У Вейна пасля рэканструкцыі ўведзены ў эксплуатацыю будынак дзіцячага сада на 50 месцаў.

«Будзем і ў далейшым развіваць інфраструктуру дашкольнай адукацыі, у першую чаргу ў раёнах інтэнсіўнай жылой забудовы», - адзначыў Андрэй Заблоцкі.

У структуру агульнасярэдняй адукацыі ўваходзіць 320 устаноў з кантынгентам навучэнцаў больш за 116 тыс. чалавек.
 
«Мы дасягнулі пазітыўных вынікаў у якасці адукацыі, - распавёў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі. - Перш за ўсё ў развіцці здольнасцяў нашых навучэнцаў.
 
Па выніках работы ў мінулым навучальным годзе 69 працэнтаў школьнікаў маюць дастаткова высокі ўзровень ведаў. Сярэдні бал атэстата 8,5 і больш маюць 32 працэнты выпускнікоў сярэдняй школы. Атэстат асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатымі і сярэбранымі медалямі атрымалі 443 выпускнікі 11 класаў. Гэта на 46 медалёў больш, чым летась.
 
Сведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай выдадзена 557 выпускнікам 9-х класаў.
 
Андрэй Заблоцкі расказаў і аб поспехах школьнікаў у мінулым годзе як у алімпіядным руху, так і ў новым для іх цэнтралізаваным экзамене.
 
На рэспубліканскім этапе алімпіяды па вучэбных прадметах у агульным рэйтынгу сярод іншых абласцей Беларусі каманда Магілёўскай вобласці заняла 3-е месца, заваяваўшы 84 дыпломы.
За апошнія 2 гады прадстаўнікамі вобласці заваявана 9 медалёў рознай вартасці на міжнародных алімпіядах па хіміі, геаграфіі, матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы.
 
У бягучым навучальным годзе істотна змянілася сістэма выніковай атэстацыі навучэнцаў. Правядзенне цэнтралізаваных іспытаў паказала, што бачны абсалютна кожны вучань сярэдняй школы. Гэта дазваляе атрымаць сур'ёзны інструментарый для работы па павышэнні якасці адукацыі.
 
Новая сістэма здачы экзаменаў і паступленні ў ВНУ адкрывае сур'ёзныя перспектывы для выпускнікоў. У адораных хлопчыкаў і дзяўчынак з'явілася магчымасць паступіць на выбраную імі спецыяльнасць без уступных іспытаў. Зменены падыходы і да мэтавай формы навучання.
 
У бягучым годзе 5 тыс. 995 вучняў 11 класаў упершыню здавалі выпускныя экзамены ў новым фармаце. Вынікі паказалі, што ў цэлым выпускнікі пацвердзілі свае гадавыя адзнакі.
 
На цэнтралізаваных іспытах атрымана 187 100-бальных вынікаў. На цэнтралізаваным тэсціраванні - 46. Для параўнання летась на ЦТ было 25 100-бальных вынікаў.

Сярод лідэраў - абласныя ліцэі. 4 выпускнікі атрымалі па 3-х навучальных прадметах па 100 балаў плюс 100-бальны атэстат і ў агульнай суме набралі 400 балаў. Гэта вынікі следства высокай матывацыі навучэнцаў, узроўню іх падрыхтоўкі і прафесіяналізму педагогаў.
 
Для выяўлення ў вучняў неабходных ведаў, звязаных з будучай прафесійнай дзейнасцю, пашыраецца сетка профільных класаў. У новым навучальным годзе прадоўжаць функцыянаваць профільныя класы педагагічнай, спартыўнай, аграрнай, ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Улічваючы запатрабаванасць інжынерных прафесій на рынку працы, з 1 верасня адкрыюцца профільныя інжынерныя класы ў 26 установах.
 
У сістэме спецыяльнай адукацыі адзначаецца павелічэнне колькасці дзяцей, якія вучацца ў класах - групах інтэграванага навучання і выхавання. пунктаў карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Інклюзіўныя ідэі атрымліваюць у грамадскай свядомасці ўсё больш разумення і прызнання. Гэта форма навучання дае магчымасць узмацніць ролю сям'і ў выхаванні дзяцей, уключыць іх у сумесную дзейнасць з аднагодкамі, тым самым забяспечыўшы паспяховую адаптацыю да ўмоў сацыяльнага асяроддзя.
 
Закрануў Андрэй Заблоцкі шэраг іншых тэм, сярод якіх уплыў розных платформаў сеткі інтэрнэт на светапогляд дзяцей, роля сістэмы адукацыі ў патрыятычным выхаванні, падрыхтоўка кадраў і іншыя.

Аб кадрах на педагагічнай канферэнцыі гаварыў і рэктар Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі Міхаіл Жудро:
 
«Адна з найбольш значных функцый МДАІРА – стварэнне ўсіх неабходных умоў для развіцця прафесійнай, патрыятычна-выхаваўчай дзейнасці педагогаў, якія спрыяльна ўплываюць на матывацыю, паглыбленне ведаў і развіцця іх практычных навыкаў у сістэме бесперапыннай адукацыі.
 
Ключавой мэтай інстытута з'яўляецца фарміраванне педагога-патрыёта новага тыпу - граматнага, гнуткага, ініцыятыўнага, адказнага, матываванага, гатовага жыць і працаваць на карысць роднай краіны.
 
Атрымаць такі вынік у сістэме адукацыі магчыма толькі ў тым выпадку, калі педагог дасягнуў найвышэйшай ступені ўсведамлення ідэалогіі дзяржавы, нацыі, культуры, мовы і самога сябе ў кантэксце прафесійнай дзейнасці. Толькі ў гэтым выпадку якасць ідэалагічнага выхавання будзе забяспечана!»
 
Пасля выступленняў спікераў на сцэне цэнтра творчасці адбылася традыцыйная перадача сімвала мудрасці і ведаў маладым спецыялістам. У гэтым годзе сімвал мудрасці ўручалі педагогі пачатковых класаў, людзі, якія з гонарам носяць званне першага настаўніка.

Затым адбылася цырымонія ўзнагароджання лепшых спецыялістаў сферы адукацыі рэгіёну ганаровымі граматамі і падзякамі абласнога выканаўчага камітэта, абласнога Савета дэпутатаў, Міністэрства адукацыі, а таксама нагруднымі знакамі «Выдатнік адукацыі».

Галіна Гаўрыловіч, фота аўтара

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая