RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Беларускія медыкі зрабілі айчынную медыцыну вядомай і прызнанай ва ўсім свеце – Леанід Заяц

Беларускія медыкі зрабілі айчынную медыцыну вядомай і прызнанай ва ўсім свеце. На гэта звярнуў увагу старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, адкрываючы ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню медыцынскага работніка.

«Сёння не толькі з маіх вуснаў, але і ад тысяч грамадзян Магілёўскай вобласці гучаць словы падзякі за нястомную працу, сапраўдную грамадзянскую мужнасць і гераізм у выратаванні жыццяў нашых людзей. Асабліва ярка гэта выявілася ў апошні час. Пачынаючы з сакавіка 2020 года і да сённяшняга дня медыцынскія работнікі знаходзяцца на перадавой і бліскуча спраўляюцца з пандэміяй».

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў: дзякуючы прафесіяналізму нашых урачоў сёння вырашаюцца многія пытанні. Нездарма сферы аховы здароўя кіраўнік дзяржавы надае вялікае значэнне.

Па словах Леаніда Зайца, мадэрнізацыя існуючай базы, узровень развіцця медыцыны зрабіў гэту сферу адной з найбольш значных у краіне. «Грамадзяне Сінявокай і жыхары Магілёўскай вобласці шчыра ўдзячныя медыкам за працу, цёплую душу, вялікае сэрца і тое, што яны паказалі, як трэба выконваць свой абавязак: з гонарам, годнасцю і застаючыся адданым сваёй краіне».

Пра тое, што працу медыцынскіх работнікаў ва ўмовах пандэміі можна назваць сапраўдным подзвігам, гаварыў і намеснік міністра аховы здароўя Барыс Андрасюк. Ён адзначыў, што сярод усіх рэгіёнаў менавіта Магілёўская вобласць–у ліку перадавых, бо па выніках рэспубліканскага агляду якасці і культуры медыцынскага абслугоўвання насельніцтва за 2020 год рэгіён прызнаны пераможцам сярод адміністрацыйных тэрыторый.

У Магілёўскай вобласці, дзякуючы кіраўніцтву, вядзецца актыўнае будаўніцтва новых медыцынскіх аб’ектаў, адзначыў Барыс Андрасюк. «Міністэрства аховы здароўя ўзяло парытэт: рэгіён узводзіць, мы дапамагаем набываць сучаснае медыцынскае абсталяванне, – паведаміў ён. – Сёння адкрылі кабінет камп’ютарнай тамаграфіі ў Магілёўскім абласным дыягнастычным цэнтры, ангіяграфічны кабінет у Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы. Гэта выводзіць вобласць на іншы ўзровень, павышае планку аказання медыцынскіх паслуг».

У сваю чаргу, начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў заўважыў: кожны медыцынскі работнік працуе больш чым на стаўку. «Гэта мінімум паўтары, а часам даводзіцца выпрацоўваць і дзве. Таму асноўнае жыццё праходзіць на працы, – сказаў ён. – Мінулы год быў даволі цяжкім. Былі хвалі каранавіруса, іншых захворванняў. Тым не менш медыцына адпрацавала па пяцібальнай сістэме на выдатна. Мы не толькі не спынілі планавую дапамогу. колькасць пацыентаў, якіх пралячылі ў стацыянарных умовах, адпавядае мінуламу году. З-за ковіда мы перакваліфікавалі частку нашых устаноў, але нават хірургічных аперацый было зроблена больш за 64 тыс., а таксама 1,5 тыс. кардыялагічных і кардыяхірургічных аперацый, больш за 1 тыс. унутрысасудзістых умяшальніцтваў. Таму для медыкаў рэгіёна гэты год быў рухам да новых вышынь».

Дарэчы, сёння сістэма аховы здароўя ў Магілёўскай вобласці дазваляе жыхарам атрымаць любы від высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі. Укаранёны сучасныя метады аказання высокатэхналагічнай дапамогі ў кардыялогіі і кардыяхірургіі, анкалогіі, траўматалогіі і артапедыі, эндаваскулярныя метады аператыўных умяшальніцтваў. У 2020 годзе многае зроблена для паляпшэння работы ўстаноў аховы здароўя. Уведзены ў эксплуатацыю лячэбны корпус дзіцячай бальніцы ў Бабруйску, завершана будаўніцтва паліклінікі ў раёне «Казіміраўка» ў Магілёве для абслугоўвання дарослага і дзіцячага насельніцтва, рамонтна-будаўнічыя работы па рэканструкцыі паліклінік Кіраўскай, Мсціслаўскай, Асіповіцкай цэнтральных раённых бальніц. Пачата ўзвядзенне кардыяхірургічнага корпуса Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы, радыялагічнага корпуса № 3 Магілёўскага абласнога анкалагічнага дыспансера.

Медыцынскія работнікі Магілёўшчыны супрацоўнічаюць з арганізацыямі і прадпрыемствамі розных сфер народнай гаспадаркі. Але, мабыць, больш цеснае супрацоўніцтва аб’ядноўвае медыкаў з установамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У 2020 годзе за сваю працу 24 медработнікі дамоў-інтэрнатаў і аддзяленняў кругласутачнага знаходжання цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання былі адзначаны ўзнагародамі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Магілёўскага аблвыканкама, Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Урачу агульнай практыкі Вясноўскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця Іне Галамака за высокі прафесіяналізм па выніках года прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Магілёўшчыны». Спецыяльнай прэміі Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы ў намінацыі «Ахова здароўя» ўдастоена 9 маладых урачоў Магілёва, Бабруйска, Бялынічаў, Касцюковічаў.

Акрамя таго, у сферы медыцыны рэгіёна, як у ніякай іншай, існуе традыцыя пераемнасці пакаленняў. Сярод медыкаў Магілёўскай вобласці мноства сямейных працоўных дынастый. Гэта сем’і Беланожка, Быкавых, Клачковых, Кончыцаў-Філюшкіных, Мельнікавых, Малашка, Сцепанюкоў, Ляховіч, Пратасевіч і многіх іншых. Многія налічваюць па тры-чатыры пакаленні з агульным стажам працы значна больш за стагоддзе.

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню медыцынскага работніка, сабрала сёння ў малой зале Палаца культуры вобласці кіраўнікоў і спецыялістаў органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў аховы здароўя рэгіёна, прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў, ветэранаў галіны, моладзь. У якасці ганаровага госця на свяце прысутнічаў архіепіскап Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній.

Прадстаўнікам сферы аховы здароўя падчас канцэрта ўручылі ганаровыя граматы і падзякі Савета Міністраў, Адміністрацыі Прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Міністэрства аховы здароўя, Магілёўскага аблвыканкама і абласнога Савета дэпутатаў, знакі «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь», «Найлепшы настаўнік», «Ветэран», «За працу ў імя жыцця», медалі Рускай Праваслаўнай Царквы «Патрыяршая падзяка». Таксама словы падзякі людзям у белых халатах гучалі ад прадстаўнікоў розных прафесій. Уклад у дасягненне пастаўленых мэтаў кожнага, хто звязаў сваё жыццё з аховай здароўя людзей, неацэнны. Дзякуючы іх ведам, вопыту і таленту пацыенты набываюць здароўе і вяртаюцца да паўнацэннага жыцця, адзначылі спікеры.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая