RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Бірукоў: Пра геапалітыку, залежнасць Беларусі ад сённяшняй сітуацыі і магчымасці развіцця

Аляксею Бірукову, старшаму выкладчыку кафедры гісторыі і філасофіі МДУ імя А. Куляшова, лектару магілёўскай абласной грамадскай структуры «Беларускае таварыства «Веды», часта прыходзіцца звяртацца да тэмы міжнародных адносін у свеце, выступаючы ў студэнцкіх аўдыторыях, перад працоўнымі калектывамі. Практыка ўдзелу ў міжнародных канферэнцыях, добрае веданне гісторыі развіцця краін і англійскай мовы дазваляюць яму аналізаваць інфармацыю з разнастайных, у тым ліку з замежных, крыніц. 

— Аляксей Віктаравіч, у Беларусі няма значных прыродных рэсурсаў, наша асноўнае багацце — працавітыя людзі. Што, на ваш погляд, трэба зрабіць для таго, каб наступствы цяперашняга становішча былі для насельніцтва менш балючымі?

— Прыродныя рэсурсы, безумоўна, вялікая падтрымка. Нездарма ёсць такі выраз — «нафтавая іголка». На яе падсаджваюцца, на ёй камфортна і не хочацца нічога змяняць. Наша краіна, сапраўды, не мае вялікіх прыродных рэсурсаў. Гэта, з аднаго боку, праблема, з іншага — мы не прывучаныя сядзець на «іголках». Адсутнасць прыродных рэсурсаў заўсёды прымушала нас быць гібкімі і арыентавацца ў прасторы. Для таго каб наша будучыня не была туманнай, на маю думку, трэба перш за ўсё вызначыцца з эканамічнай канцэпцыяй развіцця. Раней эканамічныя мадэлі доўжыліся дзесяцігоддзямі, цяпер яны змяняюцца вельмі хутка. Трэба працаваць на апярэджанне і кіравацца самым прагрэсіўным попытам, які на сёння ёсць. Па-другое, здаецца неабходным пераасэнсаваць ролю дзяржавы ў эканамічным жыцці. Аптымізацыя і рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных выдаткаў вымушаюць захаваць прысутнасць дзяржаўнага фінансавання толькі там, дзе яго нішто не заменіць. Інвестыцыі ў прарывы ніводная, нават самая багатая, дзяржава зрабіць самастойна не зможа, на гэта проста не хопіць сродкаў. Трэба стымуляваць бізнес, каб ён таксама ўкладваўся. Гэта, уласна, тое, што і Кітай калісьці рабіў. Спачатку ён будаваў за замежныя грошы, а потым за свае — як дзяржаўныя, так і прыватныя. Ёсць аб'ектыўныя тэндэнцыі, якія адбываюцца ў эканоміцы сучаснага свету, з якімі мы нічога зрабіць не можам. А ўсё, што можам, гэта падрыхтавацца і прыстасавацца. Глабалізацыя, якая адбываецца ва ўсім свеце, ад нас не залежыць, не мы распрацоўваем яе правілы. Трэба знайсці тыя нішы і напрамкі, па якіх мы можам дакладна
прарвацца.

Другая міжнародная тэндэнцыя, якую мы ніяк не зможам змяніць, — чацвёртая прамысловая тэхналагічная рэвалюцыя. Наша дзяржава справілася з захаваннем рабочых месцаў, недапушчэннем беспрацоўя, цяпер стаіць задача шукаць новыя падыходы, каб імкліва рухацца наперад. Тэмпы развіцця сталі вельмі хуткімі, далей яны будуць яшчэ больш паскарацца. Трэба больш актыўна развіваць самазанятасць насельніцтва. Калі людзі самі сабе ствараюць рабочыя месцы, дзяржаве гэта на карысць, бо не трэба думаць аб працаўладкаванні. Без павышэння ўдзельнай вагі прыватнага сектара ў эканоміцы нікуды не дзецца, і ў апошнія гады гэта ўжо паступова адбывалася. Пакуль дзяржсектар у прамысловасці ў нас дамінуючы. Ёсць прыклады паспяховых прыватных вытворчасцяў, той жа «Сервалюкс», але іх пакуль мала. Тым не менш, дзяржаўна-прыватнае партнёрства для пераходу на якасна новую высокатэхналагічную эканоміку — сусветная тэндэнцыя, і мы, лічу, павінны ісці ў гэтым напрамку.

— Сёння Кітай займае асцярожную пазіцыю ў адносінах да тых падзей, якія адбываюцца ў свеце: ні з кім не ўступае ў канфрантацыю, захоўвае зносіны і з Захадам, і з Амерыкай, і з Расіяй, і з Беларуссю. Усе, між тым, чакаюць, калі ж ён вызначыцца.

— Кітай завязаны на інтарэсах як з Захадам, так і з Расіяй, з краінамі Азіі і Афрыкі. Апошнія, перадусім, гэта рынкі ўкладання яго інвестыцый і крыніцы прыродных рэсурсаў. Некаторыя краіны недаацэньваюць Усход, але Кітай вельмі рацыянальны ў сваіх дзеяннях. Ён вядзе доўгую гульню, не афішуе свае мэты, усе яго праекты на перспектыву. Сёння ён будуе эканоміку сярэдзіны ХХІ стагоддзя. Нейтральная пазіцыя Кітая выкліканая тым, што ён ні з кім не хоча сварыцца.

— Раскажыце падрабязней пра чацвёртую прамысловую рэвалюцыю. Наколькі гэта актуальна для Беларусі?

— Яшчэ ў пачатку нулявых вядомы расійскі палітык, былы кіраўнік партыі «Яблык» Рыгор Яўлінскі, вельмі трапна сказаў: «Да сярэдзіны ХХІ стагоддзя ў свеце не застанецца такога паняцця, як «краіны, якія развіваюцца». Будуць дзяржавы развітыя і неразвітыя назаўсёды.» То-бок краіны, якія генерыруюць тэхналогіі, будуць жыць на вельмі высокім узроўні. А лёс краін, так званай аграрнай сыравіннай перыферыі, — служы́ць развітому свету сыравіннымі пляцоўкамі і спажываць яго тавары. Гэта вельмі сумны сцэнарый, але на сёння логіка развіцця свету менавіта такая.

Мадэль беларускай эканомікі, магчыма, добрая для нас, але яна пачынае разыходзіцца з той логікай, якая ёсць у перадавых краін: добра, што бізнес-ініцыятыва стала расці, што прыватны сектар пачаў павялічвацца, але дрэнна, што ён канцэнтруецца ў сферы гандлю і паслуг, не ідзе ў вытворчасць. Але чацвёртая прамысловая рэвалюцыя — вельмі адказны працэс. Гэта вытворчасць высокіх тэхналогій, прадукцыі з вельмі высокай дабаўленай вартасцю. Новая эканоміка мае патрэбу ў высокакваліфікаванай рабочай сіле. Тая індустрыялізацыя, якая сёння ідзе на Захадзе, адбываецца на прынцыпова новай, тэхналагічнай аснове. Самая вялікая праблема — дзе ўзяць грошы на перабудову і падрыхтоўку спецыялістаў з высокай кваліфікацыяй, якія змогуць працаваць на прагрэсіўным абсталяванні. На ўсё жыццё іх не падрыхтуеш, трэба ўвесь час павышаць кваліфікацыю, бо тэхналогіі абнаўляюцца вельмі хутка. Кітай калісьці падняўся дзякуючы таннай рабочай сіле. Але пасля сусветнага крызісу 2008—2010 гадоў і прынятага рашэння павышаць даходы насельніцтва рабочая сіла ў Кітаі перастала быць таннай. І прадукцыя паволі падаражэла. А гэта — падзенне канкурэнтаздольнасці на знешнім рынку. Наступствы крызісу адчулі ўсе краіны — і развітыя, і тыя, якія развіваюцца. Ён наглядна прадэманстраваў, што без росту даходаў насельніцтва, без устойлівага павышэння ўзроўню жыцця забяспечыць стабільнасць развіцця эканомікі немагчыма. Цяпер той жа Кітай стымулюе адукацыю моладзі за мяжой. З прыцэлам, каб яна потым новыя веды, тэхналогіі, вопыт, якога няма ў Кітаі, прывезла ў краіну. Кітай укладвае ў тое грошы, бо ведае, што гэтым маладым будаваць эканоміку будучага.

— Але тыя ж літоўцы скардзяцца, што ў іх усе вялікія прадпрыемствы закрылі і моладзь паехала ў іншыя краіны шукаць лепшай долі...

— Мы тлумачым жыццё зыходзячы з той мадэлі, да якой прывыклі, — нам так больш зразумела. Але гэта не заўсёды аб'ектыўная карціна. Страта індустрыяльнага патэнцыялу, безумоўна, — гэта не зусім добра. Аднак у той жа Прыбалтыцы, дзе мадэрнізацыя буйных вытворчасцяў прымусіла з'ехаць частку насельніцтва з краіны, сёння вельмі нізкі ўзровень беспрацоўя. І яны тлумачаць такую тэндэнцыю тым, што ва ўмовах глабалізацыі свету для чалавека ўжо не так важна, дзе знаходзіцца месца яго работы. Дзяржава, між тым, засталася, эканоміка працягвае працаваць. Усё, што адбылося, — перабудавалася структура, якая выкінула лішнюю рабочую сілу. Яна працаўладкавалася ў іншых краінах. У савецкі час многія людзі з Беларусі таксама пераязджалі, напрыклад, у Расію, Казахстан, ва Украіну, і гэта не ўспрымалася як трагедыя. Таму можна казаць толькі пра тое, што розныя краіны па-рознаму спраўляюцца з эканамічнымі праблемамі. Мы абралі шлях адкладзеных рэформаў: спачатку ўсё, што можна, захавалі і ўсіх накармілі, а потым пачалі адзяваць, «даваць айфоны». Ні ў якім разе нельга казаць пра тое, што наш шлях памылковы і мы павінны кінуцца ўслед за нашымі заходнімі суседзямі. Універсальных сцэнарыяў тут не існуе. Правільнай для кожнай асобнай краіны з'яўляецца толькі тая эканамічная мадэль, якая працуе эфектыўна.

— Што нам варта рабіць найперш, каб наша мадэль была эфектыўнай?

— Нам трэба актыўна развіваць навуку і тэхналагічны сектар. На жаль, мы не маем магчымасці, як раней, развіваць міжнародную калабарацыю. Тэхналогіі на сённяшні дзень — гэта не нацыянальная ўласнасць. Усе сусветныя праграмы — напрыклад касмічныя — міжнародныя. Ні ў адной краіны грошай і мазгоў на гэта не хопіць. Тут важна супрацоўніцтва некалькіх дзяржаў. Удзел у такіх праектах толькі ўзбагачае, бо дае новыя веды і рабочыя месцы. Сёння самая небяспечная сітуацыя ў свеце — гэта менавіта тэхналагічная ізаляцыя, замацаванне адставання. Менавіта гэтым пагражае выцісканне з інфармацыйнага, тэхналагічнага абмену. Калі за 100 % узяць вытворчасць сусветных высокіх тэхналогій, на долю ЗША прыходзіцца больш чым 40 %. Другая краіна — Японія, потым ідуць Еўропа і Кітай. Сёння сусветнае развіццё забяспечваецца не рэсурсамі і нават не кантролем над імі, яно забяспечваецца развіццём тэхналогій. Хто дае тэхналогіі, той і кіруе.

— Аляксей Віктаравіч, а чым Беларусь можа ўсё ж такі быць цікавай іншым краінам?

— У нас шмат момантаў, па якіх мы можам быць цікавымі. Наша геаграфічнае размяшчэнне — гэта і вялікі плюс, і вялікі мінус. Былі б мы наводшыбе, ніхто б да нас не лез, нікому б мы не былі цікавыя. Але таму, што мы ў цэнтры кантынента, да нас уважліва прыглядаюцца. Для таго ж Кітая мы цікавыя як вялікі лагістычны хаб, адкуль прамы шлях і на Захад, і на Усход. Яшчэ адзін плюс — спакойнае, законапаслухмянае насельніцтва. Мы разумеем наступствы анархіі і ніколі не будзем з гэтым эксперыментаваць. Украінцы, напрыклад, у гэтым сэнсе больш эмацыянальныя. Мы паважаем сістэмнасць, стабільнасць. Еўропе наш народ цікавы і тым, што мы, у адрозненне ад Усходу, бліжэйшыя ёй ментальна. Акрамя ўсяго, у нас незабруджаная экалогія, добрая інфраструктура, прырода, якой у Еўропе, па сутнасці, не засталося. Беларусь нават у такі складаны перыяд застаецца прывабнай і, я лічу, мае добрыя шанцы на перспектыву. Толькі ад нас саміх залежыць наша будучыня.

Нэлі Зігуля, zviazda.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая