RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Дзіцячы палатачны археалагічны лагер пачаў працу ў Асіповіцкім раёне

Дзіцячы палатачны археалагічны лагер «Радзімічы» пачаў працу ў аграгарадку Ліпень Асіповіцкага раёна. Пра гэта расказаў загадчык аддзела экалогіі і краязнаўства Асіповіцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ігар Петух.

«Выхаванцамі кругласутачнага аздараўленчага лагера сталі 60 падлеткаў ва ўзросце ад 12 да 15 гадоў –навучэнцы ўстаноў адукацыі раёна, – адзначыў суразмоўца. – Заяўкі прымалі ад усіх жадаючых – не абавязкова, каб дзіця было ўдзельнікам або пераможцам алімпіяд і конкурсаў па гісторыі. Дастаткова звычайнай цікавасці да гістарычнага мінулага Асіповіцкага раёна і нашай краіны. Сёлета было вельмі шмат жадаючых пабываць у нашым лагеры, прыём заявак прыйшлося закрыць задоўга да пачатку змены. Так, першапачаткова на 2 змены планавалася набраць 40 чалавек, а ў выніку колькасць дзяцей павялічылася да 60-ці. Некаторыя з іх прыязджаюць у лагер ужо не першы сезон».

Лагер размясціўся на тэрыторыі ліпеньскага вучэбна-педагагічнага комплексу «Дзіцячы сад – сярэдняя школа». Для пражывання дзяцей устаноўлены чатыры вайсковыя палаткі, прадастаўленыя вайсковай часцю 12147, а таксама наладжаны паўсядзённы побыт –абсталяваны ложкі, ёсць пераносная лазня і душ. Харчаванне ажыццяўляецца ў школьнай сталовай. Па словах суразмоўцы, у такіх палявых умовах дзеці становяцца больш дысцыплінаванымі і самастойнымі, вучацца клапаціцца аб сваёй гігіене, выконваць чысціню і арганізоўваць асабістую прастору.

«Выхаванцы першага і другога заезду правядуць у палатачным лагеры па 9 дзён, – адзначыў Ігар Петух. – Упэўнены, гэты час праляціць для іх цалкам непрыкметна, бо праграма знаходжання ў лагеры вельмі насычаная і разнастайная. У яе ўвайшлі аздараўленчыя, культурныя, інтэлектуальныя і спартыўныя мерапрыемствы. Акрамя таго, для дзяцейбудзе праведзены шэраг экскурсій па прадпрыемствах раёна, самых старых вуліцах Асіповічаў, а таксама пахаваннях часоў Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым годзе акцэнт зроблены на краязнаўства і археалогію. Прычым кіруюць раскопкамі не толькі прадстаўнікі аддзела адукацыі райвыканкама, але і навуковыя супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У прыватнасці, кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік навуковай установы Ігар Язэпенка».

Па словах суразмоўцы, асобная ўвага –патрыятычнаму і маральнаму выхаванню дзяцей. «Нашы маладыя людзі павінны расці патрыётамі і годнымі грамадзянамі сваёй краіны, а таксама проста быць добрымі і сумленнымі, – падкрэсліў ён. – Гэта прышчапляецца з дзяцінства і шмат у чым залежыць ад асабістага прыкладу бацькоў і педагогаў. У свой час для мяне такім узорам і арыенцірам на жыццёвым шляху стаў мой выкладчык, вядомы навуковец і выпускнік гістарычнага факультэта Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (цяпер МДУ імя А. А. Куляшова) Вячаслаў Фёдаравіч Капыцін. Менавіта ён адкрыў на тэрыторыі аграгарадка Ліпень апошнюю знакавую стаянку –пасяленне старажытных жыхароў. Таму сам лагер і раскопкі прысвечаны светлай памяці вучонага і яго жонкі».

Палатачны археалагічны лагер «Радзімічы» існуе ўжо больш за 20 гадоў, мае свае ўстояныя традыцыі і дасягненні. У розныя гады дзеці, якія ўдзельнічалі ў археалагічных раскопках, знаходзілі на тэрыторыі раёна прадметы ўжытку жыхароў Сярэднявечча, датаваныя XV–XVII стст.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая