RU BY EN 中文
Twitter Instagram

ЕС выдзеліць 30 тыс. еўра на рэалізацыю рэгіянальных ініцыятыў Магілёўскай вобласці

У Магілёўскай вобласці яшчэ шэсць ідэй будуць падтрыманы Еўрапейскім Саюзам. Агульная сума грантаў–30 тыс. еўра. Пра гэта стала вядома на кірмашы «Мясцовыя ініцыятывы для мікрарэгіёнаў развіцця», якая праходзіла напярэдадні ў рэжыме анлайн.

Такія кірмашы – ключавыя этапы ўнікальнага для Беларусі праекта «Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцяў занятасці ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці», які стартаваў 1 студзеня 2019 года. Ён фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Слаўгарадскім раённым выканаўчым камітэтам у партнёрстве з Быхаўскім, Клічаўскім, Краснапольскім і Чэрыкаўскім райвыканкамамі і Міжнародным фондам развіцця сельскіх тэрыторый. Па выніках двух праведзеных з пачатку рэалізацыі праекта кірмашоў грантавую падтрымку ў суме 102 тыс. еўра ўжо атрымала 12 рэгіянальных ініцыятыў, якія паспяхова рэалізуюцца на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.

Як расказала каардынатар праекта «Сеткавае ўзаемадзеянне для паляпшэння магчымасцяў занятасці ў сельскіх раёнах Магілёўскай вобласці» Ірына Марціновіч, у сакавіку 2020 года стартаваў чарговы конкурс «Мясцовыя ініцыятывы для мікрарэгіёнаў развіцця», які прайшоў у два этапы. Пяць пілотных рэгіёнаў Магілёўскай вобласці падалі заяўкі, у якіх прадставілі свае мікрарэгіёны развіцця і мясцовыя ініцыятывы. Іх прэзентацыя і аб’яўленне грантаў адбыліся 26 чэрвеня.

Сярод пераможцаў–ініцыятыва «Зялёны горад–кветкавы свет», ініцыятарам якой выступіла Слаўгарадская першасная арганізацыя ГА«Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам». У межах праекта плануецца стварыць школу «зялёнага» бізнесу, аграноміі, ландшафтнага дызайну, дзе, у ліку іншага, правесці тэматычны бізнес-курс. Яго мэта–наладзіць збыт прадукцыі, вырашчанай на асабістых падсобных гаспадарках жыхарамі мікрарэгіёна. Звыш 50 чалавек зможа рэалізаваць сябе ў сферы прадпрымальніцкай дзейнасці, уключаючы маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі, людзей пенсійнага і перадпенсійнага ўзросту. У перспектыве мяркуецца арганізаваць працу дзіцячага рэсурснага ECO-цэнтра, стварыць зялёныя сцежкі, безбар’ернае асяроддзе, усталяваць святлодыёднае асвятленне і інш.

Падтрымана таксама ініцыятыва Слаўгарадскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці аб стварэнні інклюзіўнай тэатральнай студыі «Эдэльвейс». Тут будуць арганізаваны школы акцёрскага майстэрства, мастацтва нанясення грыму, афармлення і пашыву касцюмаў. На базе студыі плануецца правесці серыю навучальных мерапрыемстваў: «Як талент ператварыць у бізнес», «Як зарабіць больш». Дзякуючы рэалізацыі ініцыятывы больш за 20 маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі змогуць рэалізаваць сябе ў галіне вольнага часу занятасці, звыш 50 чалавек – выкарыстоўваць атрыманыя навыкі на практыцы ў сферы прадпрымальніцкай і дзелавой актыўнасці. Будзе створана 5 рабочых месцаў у новым квартале «Маладзёжны» Слаўгарада.

Атрымала адабрэнне ідэя стварэння і абсталявання цэнтра па развіцці і навучанні верхавой яздзе на базе коннага фальварка «Фаварыт-Агра» (Краснапольскі раён). Плануецца, што ў будучым ён стане асноўным аб’ектам сельскага бізнесу мікрарэгіёна «Сідараўскі гасцінец». У перспектыве магчыма стварэнне тут дзіцячага іпацэнтра.

У Быхаўскім раёне фінансавую падтрымку атрымае ініцыятыва «Жаночае рамесніцтва». На базе УА «Баркалабаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад–сярэдняя школа» маюць намер стварыць арт-студыю, дзе беспрацоўныя дзяўчаты і жанчыны, інваліды і іншыя катэгорыі насельніцтва з нізкім узроўнем даходаў будуць ствараць вырабы з воўны. Запланавана правядзенне навучальных курсаў па дызайне і тэхналогіях, маркетынгу, кааперацыі. 

На развіццё рамесніцтва будзе накіравана і ініцыятыва Клічаўскага раёна «Ад рамяства да даходаў».

Ініцыятыва Чэрыкаўскага раёна пад добрай назвай «Гасцініца для сябра» дазволіць арганізаваць занятасць насельніцтва, атрымаць дадатковы заробак, даглядаючы гадаванцаў, праводзячы ветэрынарны агляд, а таксама асвоіць новую прафесію грумера (фактычна, гэта стыліст для сабак і катоў).

У жніўні стартуе новы конкурс рэгіянальных ініцыятыў, дзякуючы якому падтрымку атрымаюць тыя, хто зможа арганізаваць працу і прывабіць да ўдзелу ў сваёй ідэі трох і больш партнёраў пілотнага рэгіёна, ахопіць занятасцю найбольшую колькасць грамадзян, адзначыла Ірына Марціновіч. Агульны бюджэт грантавай падтрымкі складзе 72 тыс.

«Конкурсы праектаў праводзяцца з мэтай падтрымкі ініцыятыў, якія дапаўняюць адна адну, узмацняючы канкурэнтныя перавагі, і ствараюць трывалы падмурак для ўстойлівага развіцця пілотнага рэгіёна, – падкрэсліла суразмоўца. – Комплексны падыход у сферы садзейнічання занятасці, індывідуальны – да кожнага, навучанне і ініцыятыўнасць грамадзян, грантавая падтрымка, як дэманстрацыя і ўзмацненне патэнцыялу чалавечых магчымасцяў і тэрыторый, спрыяюць эканамічнаму росту, сацыяльна-эканамічнаму развіццю тэрыторый, устойліваму руху ўсіх збалансаваных інтарэсаў. Нездарма кажуць, што пад ляжачы камень вада не цячэ, што вада і камень точыць! Хто хоча, той заўсёды знойдзе, а людзі сельскіх тэрыторый– прадпрымальныя і актыўныя!».

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая