RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Галоўная мэта нашай працы – захаваць жыцці людзей»: начальнік УДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама Вячаслаў Крылоў правёў прэс-канферэнцыю

Галоўная мэта працы Дзяржаўтаінспекцыі – захаваць жыцці людзей. На гэта звярнуў увагу начальнік УДАІ УУС Магілёўскага аблвыканкама палкоўнік міліцыі Вячаслаў Крылоў, падводзячы сёння вынікі дзейнасці падначаленай службы за 2019 год.

Ён адзначыў, што ў справе гарантавання бяспекі на дарогах важна ўцягнуць у працэс не толькі вядомыя структуры, уладу, але і кожнага кіроўцу, пешахода. «Галоўнае – не быць абыякавымі, – падкрэсліў Вячаслаў Крылоў. – Бачыш праблему, п’янага чалавека за рулём, на дарозе – паведамі па нумары «102». Магчыма, менавіта гэты званок дапаможа пазбегнуць трагедыі і выратуе чыёсьці жыццё».

 

Зніжэнне па асноўных паказчыках

У цэлым па выніках 2019 года ДАІ рэгіёна – сярод найлепшых у разрэзе рэспублікі, расказаў Вячаслаў Крылоў. Адзначаецца зніжэнне па асноўных паказчыках. Так, за 12 месяцаў на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 405 ДТЗ, у якіх 52 чалавекі загінулі, 451 атрымаў траўмы. У параўнанні з 2018 годам колькасць дарожна-транспартных парушэнняў зменшылася на 23 выпадкі, колькасць загінулых – на 13 чалавек, пацярпелых – на 25.

Пры гэтым найбольшая колькасць ДТЗ па відах здарэнняў – гэта наезды на пешаходаў (37% ад агульнай колькасці) і сутыкненні транспартных сродкаў (34%). А сярод прычын лідзіруюць наступныя: невыкананне правілаў праезду скрыжаванняў (60 ДТЗ), пешаходных пераходаў (47), парушэнне ПДР пешаходамі (47), кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення (46).

І ўсё ж самымі цяжкімі па наступствах застаюцца апошнія: загінула 13 чалавек і 53 траўміраваныя. Дарэчы, у 2019 годзе супрацоўнікі ДАІ вобласці выявілі 2 263 факты кіравання транспартам у нецвярозым стане (у параўнанні з 2018-м адмінусавалі 9%), у тым ліку паўторна на працягу года затрымалі 119 такіх кіроўцаў. «П’яныя на дарогах – гэта сур’ёзная праблема, – падкрэсліў Вячаслаў Крылоў. – У чарговы раз хочацца заклікаць усіх нашых грамадзян не быць у баку і паведамляць пра людзей, паводзіны якіх небяспечныя і патрабуюць прыняцця неадкладных мер па іх выдаленні з праезджай часткі».

 

Пешаходы «ліхачаць» на дарозе не радзей, чым кіроўцы

Значны працэнт сярод ДТЗ у 2019 годзе складаюць наезды на пешаходаў (37% ад агульнай колькасці). У большасці сваёй гэта адбываецца ў цёмны час сутак, пры адсутнасці святлоадбівальных элементаў, наяўнасць якіх, дарэчы, з’яўляецца патрабаваннем правілаў дарожнага руху.

Як паказвае статыстыка, пешаходы «ліхачаць» на дарозе не радзей, чым кіроўцы: летась зарэгістравана 29 703 парушэнні ПДР, у тым ліку 2 789 – у стане ап’янення. І гэта толькі малая доля, паколькі часта інспектары робяць пешаходам заўвагі, не караюць, а праводзяць прафілактычныя гутаркі.

 

 

Асаблівая ўвага – дзецям на дарозе

У Магілёўскай вобласці адзначаецца зніжэнне колькасці ДТЗ з удзелам непаўналетніх. У 2019-м такіх зарэгістравана 53 (адмінусавалі два выпадкі), у выніку адно дзіця загінула, 52 атрымалі траўмы. Новы 2020-ы таксама пачаўся з гібелі падлетка. Пры гэтым па віне дзяцей адбылося толькі 15 ДТЗ, што складае 24,5% ад агульнай колькасці.

Прычын здарэнняў нямала: раптоўны выхад на праезджую частку з-за транспартных сродкаў, якія стаяць, пераход праезджай часткі на забараняльны сігнал святлафора, кіраванне веласипедамі па вуліцах і дарогах дзецьмі, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту і інш. І ўсё ж у аснове ўсіх ДТЗ з удзелам непаўналетніх – бескантрольнасць з боку дарослых, лічыць Вячаслаў Крылоў.

 

Удасканаленне арганізацыі дарожнага руху

У 2019 годзе супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі прымалі меры па ўдасканаленні арганізацыі дарожнага руху і наглядзе за выкананнем дарожнымі і камунальнымі арганізацыямі стандартаў у гэтай сферы, расказаў начальнік УДАІ УУС аблвыканкама. Праводзіліся кантрольныя праверкі тэхнічнага стану вуліц і аўтамабільных дарог, у тым ліку працы вулічнага асвятлення, агляды чыгуначных пераездаў, пад’язных шляхоў да месцаў масавага адпачынку грамадзян і дзіцячых аздараўленчых лагераў.

Як вынік, дарожнымі і камунальнымі арганізацыямі вобласці ў 13 месцах выкананы падзел транспартных і пешаходных патокаў шляхам пабудовы тратуара. На 11 участках устаноўлены пешаходныя агароджы. Уладкаваныя 42 штучныя няроўнасці для прымусовага зніжэння хуткасці руху транспартных сродкаў. Пабудавана 7 святлафорных аб’ектаў. На 42 вуліцах раённых цэнтраў лямпавыя свяцільні замененыя на святлодыёдныя. Н 8 участках вулічна-дарожнай сеткі адпаведнымі знакамі абмежаваныя хуткасныя рэжымы. Ва ўзаемадзеянні з СЗАТ «Бяспечныя дарогі Беларусі» ў 14 месцах устаноўлены стацыянарныя датчыкі кантролю хуткасці.

У 2019 годзе праведзены аналіз дарожна-транспартных здарэнняў, а таксама парушэнняў правілаў, у выніку чаго было выяўлена 110 участкаў з аднатыпнымі парушэннямі ПДР і 39 – з канцэнтрацыяй ДТЗ. Прынятыя меры ўжо дазволілі паменшыць колькасць апошніх на 15.

 

Аб недахопе парковак

Парковачных месцаў сапраўды не хапае, асабліва ў буйных гарадах, такіх, як Магілёў і Бабруйск, падкрэсліў Вячаслаў Крылоў. ДАІ надае асаблівую ўвагу гэтаму пытанню пры ўзгадненні праектаў будаўніцтва аб’ектаў масавага прываблівання грамадзян. Акрамя таго, пастаянна ўносяцца прапановы ў Магілёўскі гарвыканкам па пашырэнні існуючых і будаўніцтве новых стаянак. І яны ствараюцца, але прырост транспартных сродкаў значна апярэджвае тэмпы будаўніцтва парковачных месцаў.

Аднак гэта не апраўдвае кіроўцаў, якія пакідаюць аўтамабілі на тратуарах, газонах, а таксама на праездах у дварах, загароджваючы практычна ўсю праезджую частку. Нярэдка ў выхадныя дні на паркоўках ля буйных крамаў, гандлёвых цэнтраў усе месцы занятыя, а калі і сустракаюцца свабодныя, то яны прызначаныя для інвалідаў. І некаторыя кіроўцы без якіх-небудзь фізічных або псіхічных асаблівасцей займаюць на стаянках гэтыя месцы, свядома ігнаруючы ПДР і маральныя прынцыпы.

А часам не хапае элементарнай інфармаванасці, прызнаў Вячаслаў Крылоў. Так, напрыклад, для зручнасці наведвальнікаў у ТРЦ «Атрыум», які знаходзіцца ў самым цэнтры Магілёва, ёсць паркінг, дзе за першую гадзіну стаянкі плаціць не трэба.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая