RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Гісторык Мікалай Барысенка – аб палітычнай сітуацыі ў краіне, «каляровых рэвалюцыях» і сапраўднай любові да Радзімы

Імёны 26 тысяч чырвонаармейцаў вернутыя з нябыту стараннямі нязменнага кіраўніка Магілёўскага гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалая Барысенка і яго калег. Аўтар 20 кніг, з якіх 10 –пра вайну, ужо амаль 30 гадоў мае адну мэту –аддаць даніну памяці героям. Чалавек, для якога гісторыя не проста праца, а сэнс жыцця, не можа заставацца абыякавым да таго, што адбываецца сёння ў краіне.

– Мікалай Сяргеевіч на сваёй старонцы ў Facebook апублікаваў пост «Наш выбар на карысць Айчыны». Пра тое, што наша сіла ў гістарычнай памяці, што, не маючы трывалага падмурка, створанага папярэднімі пакаленнямі, немагчыма пабудаваць будучыню. Рэакцыя была неадназначнай, знайшліся тыя, хто абвінаваціў Вас у нагнятанні абстаноўкі…

– Не дзіўна. Для падобных каментатараў словы, што я салідарны з Прэзідэнтам, як чырвоная ануча для быка. Але ён тысячу разоў мае рацыю, калі на адкрыцці мемарыяла ў Борках у памяць спаленых вёсак Магілёўшчыны сказаў, што, калі, не дай Бог, пачнецца вайна, яна не пакіне ўбаку нікога, увойдзе ў кожны дом.

Рэвалюцыя страшная наступствамі. Пацверджанне таму – каля 50 «каляровых», якія прынеслі сваім краінам не шчасце, а разруху, заняпад эканомікі, пакуты. У адрозненне ад Сербіі, Грузіі, Украіны, у Беларусі радыкальнай апазіцыі не ўдалося раптоўна зламаць тое, што стварылі нашы бацькі і дзяды.

Любы пераварот –гэта адмаўленне таго, што паспела пабудаваць дзяржава: дасягненняў, досведу, гісторыі…

– З падачы «лідара ў эміграцыі» Ціханоўскай пратэстанты, якія называюць сябе «неверагоднымі», выступаюць ад імя «ўсяго беларускага народа» з патрабаваннямі ўсе «зрынуць, разбурыць». Але нават памножаная на 10 колькасць мітынгоўцаў (а выходзяць на вуліцы, як правіла, адны і тыя ж) не дацягне і да 10 працэнтаў насельніцтва краіны. Як жа быць астатнім? Якія і ёсць народ, што жадае захаваць Беларусь, спакойна жыць і працаваць? Каб зрабіць яго сваім прыхільнікам, апазіцыянеры спрабуюць накаліць абстаноўку да патрэбнага «каляровай рэвалюцыі» градуса. У тым ліку праз упраўляемы телеграм-каналамі хаос. Празаходнім СМІ расказваюць пра ціск на іх, збіццё.

Сёння гэтым пакутуе ўвесь свет: людзям спадабалася ламаць. Яны з лёгкасцю руйнуюць адносіны, сямю, дзяржаву –упэўненыя, што пабудуюць лепш…

– Можна будаваць, не руйнуючы дашчэнту, а можна разбурыць, але нічога не пабудаваць наўзамен. Ядро пратэстоўцаў – незалежныя, на першы погляд, гандляры, індывідуальныя прадпрымальнікі (скалацілі, дарэчы, капітал пры «ненавісным дыктатарскім рэжыме») і інтэлігенцыя,якая далучылася да іх. Але ім ужо мала дастатку. Хочацца самасцвердзіцца, кіраваць дзяржавай. І дзеля гэтага яны выкарыстоўваюць усе сродкі, пачынаючы ад барацьбы за свабоду слова і друку, заканчваючы цкаваннем іншадумцаў, дыверсіямі на чыгунках, пагромамі... Лямантуючы на плошчах аб свабодзе і еўрапейскім шляху развіцця, абяцаючы пабудаваць дэмакратычны цуд-дзяржаву, яны не прапаноўваюць нічога канкрэтнага.

Раю маладым пратэстоўцам: замест таго каб абмотвацца бчб-сцягамі, схадзіце з намі ў пошукавую экспедыцыю – пракрочыўшы дзясяткі кіламетраў пешшу, выкапайце кубаметры мёрзлай зямлі, патрымайце ў руках прастрэленыя чэрапы людзей, абгарэлыя косткі жыўцом спаленых дзяцей... Можа, нешта зразумееце.

Чырвонаармейцы, астанкі якіх мы нядаўна паднялі пад Слаўгарадам, у 1941-м паклалі жыццё не за «еўрапейскія каштоўнасці», а за Радзіму. Правільнае, няправільнае, крывое, савецкае – але сваё! Верылі: іх нашчадкі будуць жыць у міры, зробяць краіну лепшай. І наша задача (у клуб уваходзяць і студэнты, і працоўная моладзь) – захаваць памяць аб героях. Мы –мірныя людзі. Але калі спатрэбіцца ўзяць у рукі зброю, каб абараніць суверэнітэт Беларусі, – возьмем. І паверце, у нас, якія выраслі ў лясах,балотах, выхаваных у экспедыцыях на баявых палях пад Магілёвам, Чавусамі, Слаўгарадам, Клічавам, шанцаў абараніць сваё куды больш.

Жорсткасць сілавікоў –адзін з казыроў мітынгоўцаў і адна з самых абмяркоўваемых тэм…

– Задача праваахоўнікаў у любой краіне –абараняць яе і свой народ. Тым больш калі на вуліцы выходзяць радыкалы, зараджаныя на гвалт. Чаму ж, мусіруючы гэтую тэму, пратэстанты настолькі аднабокія? Чаму не разважаюць пра метады сілавікоў у любімых імі Польшчы, Францыі, ЗША? Там з такімі «мірнымі» дэманстрантамі не цырымоняцца, кожны атрымлівае што заслужыў –па законе.

Маё меркаванне: раз пазіцыянуеш сябе як рэвалюцыянер, гатовы на радыкальныя меры дзеля змены дзяржаўнага ладу,чакай, што атрымаеш адпор. Дзекабрысты, бальшавікі ў 1917 годзе за ідэю ішлі на расстрэл, шыбеніцу, катаргу. А цяперашнія, «канапавыя», заплакалі: на вуліцы, аказваецца, б’юць!

У любой сітуацыі трэба ўмець дамаўляцца. Мы заўсёды былі адзіныя:Беларусь не дапусціла расколу ні па рэлігійнай, ні па нацыянальнай прыкмеце.

Што, на ваш погляд, можа вырашыць сітуацыю? Які варыянт найбольш прыдатны?

– Эвалюцыйныя пераўтварэнні. Вулічныя эмоцыі ствараюць яшчэ большы раскол у грамадстве. Перамовы за круглым сталом, з аднаго боку, прадстаўнікоў цяперашняй улады, з другога –разважлівых палітыкаў, якія маюць вагу сярод апазіцыі ў Беларусі і за мяжой (Ціханоўская, якую піярыць Захад, не ў рахунак), – вось што можа дапамагчы развіццю краіны.

Маладое пакаленне без ведання гісторыі губляе арыенціры.

За рэзалюцыю ААН аб барацьбе з гераізацыяй нацызму ў 2019 годзе прагаласавалі 133 краіны. Беларускі Парламент у найбліжэйшы час плануе разгледзець аналагічны законапраект.

– На інтэрнэт-прасторах, дзе «жыве» моладзь, кажуць пра карысць нацызму, чысціні арыйскай расы, яе перавазе над іншымі. Начытаюцца неакрэплыя розумы гэтага трызнення і малююць на целе, будынках (нават на легендарным Буйніцкім полі) свастыку. Яны не разумеюць: пад гэтымі «сцягамі» здзяйсняліся самыя жорсткія за ўсю сусветную ваенную гісторыю злачынствы. Беларусь–адна з найбольш пацярпелых у гады Вялікай Айчыннай вайны краін. У тых жа Борках, на Кіраўшчыне, фашысты і калабарацыяністы 15 чэрвеня 1942-га расстралялі і спалілі 2027 мірных жыхароў. На мемарыяле–пранізлівае завяшчанне нявінна забітых: «Мы былі падобныя на вас: любілі, гадавалі дзяцей, працавалі на сваёй зямлі, хацелі зрабіць яе лепшай... Той страшны дзень перакрэсліў усё: надзеі, мары, жыцці... Памятайце пра нас. Зрабіце ўсё, што мы не паспелі, і раскажыце ўсім: няма нічога страшнейшага за вайну. Забыццё можа паўтарыць трагедыю!»

Я супраць гераізацыі нацызму ў любых яго праявах. Таму што не выкрасліць з памяці Трасцянец, Асвенцым, Майданек…

 

Упэўнены, любы нармальны чалавек, чым бы адраджэнне неанацызму ні апраўдвалі будаўнікі «новых дэмакратычных дзяржаў», якімі б перавагамі ні вабілі, мяне падтрымае.

 СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая