RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Хрэсны ход з Магілёва ў Быхаў адбудзецца ў гонар Баркалабаўскай іконы Божай Маці

Традыцыйны хрэсны ход у гонар Баркалабаўскай іконы Божай Маці адбудзецца 23 ліпеня. Паломнікам трэба будзе пераадолець 40 км шляху з Магілёва ў Быхаў, расказалі ў Быхаўскім райвыканкаме.

Адпраўной кропкай стане Свята-Мікольскі манастыр у абласным цэнтры, канчатковай - Свята-Узнясенскі жаночы манастыр у пасёлку Баркалабава Быхаўскага раёна, дзе знаходзіцца цудатворны абраз. Па дарозе праваслаўныя вернікі зробяць прыпынак у капліцы в. Салтанаўка і правядуць там літыю аб супакоі воінаў, якія загінулі ў бітве пры Салтанаўцы 23 ліпеня 1812 года.

Асноўныя мерапрыемствы ў гонар Баркалабаўскай іконы Божай Маці пройдуць 24 ліпеня. У Свята-Узнясенскім манастыры адбудзецца святочнае богаслужэнне і вадасвятны малебен з удзелам мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, арцыбіскупа Магілёўскага і Мсціслаўскага Сафронія, біскупа Бабруйскага і Быхаўскага Серафіма.

Як адзначылі ў Магілёўскай епархіі БПЦ, Баркалабаўская ікона Божай Маці - адна з самых ушанаваных святынь у Беларусі, спісы якой знаходзяцца ў многіх храмах краіны. Па паданні, ікону ў Баркалабаўскай абіцелі пакінуў рускі князь Пажарскі. Калі ён вяртаўся з чарговага паходу, яго коні спыніліся каля манастыра і нікуды не рушылі, паказаўшы гэтым месца далейшага знаходжання святыні.

Знакаміты абраз праславіўся цудамі падчас Паўночнай вайны і вайны 1812 года. Пасля 1920 года, калі манастыр быў зачынены, абраз захоўвалі вернікі, а напярэдадні Вялікадня 1953 года прынеслі ў Свята-Троіцкі храм Быхава. Цудатворны абраз захоўваўся там да ліпеня 2010 года, нязменна збіраючы вялікую колькасць вернікаў.

25 ліпеня 2010 года святыня была ўрачыста перанесена ў адроджаную Баркалабаўскую абіцель, дзе адзначаюць двайное свята цудатворнага абразу: 24 ліпеня - дзень здабыцця і 25 ліпеня - дзень перанясення іконы з граду Быхава.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая