RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Ільнаводы Магілёўскай вобласці паспяхова завяршылі пасяўную

Паспяхова завяршылі пасяўную льнаводы вобласці. Насенне лёну легла ў глебу на плошчы 7 300 гектараў. Гэта другі пасля Віцебскай вобласці паказчык па аб’ёмах вырошчвання лёну-даўгунцу ў рэспубліцы. Сярод тых, хто асабліва вызначыўся на пасяўной, у аблсельгасхарчы называюць ільновадаў ААТ «Горкілён». Адносіны да вырошчвання гэтай культуры ў гэтай гаспадарцы можна, без усялякіх перабольшанняў, назваць узорнымі.

Мы пабывалі ў гаспадарцы, калі сяўбу даўгунцу вялі на апошніх гектарах. Як вядома, лён–расліна вельмі капрызная. На вынік уплывае кожная дробязь. Нездарма ж у народзе кажуць: «Лён любіць паклон». Ільнаводы ў ААТ «Горкілён»умеюць «кланяцца» гэтай культуры. Усё тут, пачынаючы ад падрыхтоўкі да сяўбы і заканчваючы ўборкай, робіцца са строгім захаваннем тэхналагічных патрабаванняў вырошчвання даўгунцу.

– Самае галоўнае для пасеву лёну, – лічыць галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Паўлючэнка, – правільна падабраць поле. Каб яно адпавядала кіслотнасці, у норме былі аграхімічныя паказчыкі. Важна ўлічыць выбар папярэднікаў. Як вядома, лёну патрэбны сяміпольны севазварот. Звычайна мы высейваем лён пасля збожжавых культур. Сеем насеннем французскай і беларускай селекцыі. Пасевы лёну пачынаем рабіць пры прагрэве глебы 7–8 градусаў. Насенне ляжыць на глыбіні 5–10 см. пры вільготнасці 50–60%. Менавіта тады, калі надыходзіць фізічная спеласць глебы.

У гэтыя тэрміны ў гэтым годзе і быў пасеяны лён у гаспадарцы.

Сярод тых, хто асабліва вызначыўся на сяўбе, – механізатар Сяргей Шулікаў.

– Працую на прадпрыемстве ўжо 12 гадоў. Нядаўна атрымаў новы пасяўны агрэгат. Люблю сваю працу, раблю ўсё, як вучылі, па тэхналогіі, з добрым настроем. Мы ўсе стараемся, каб вырасціць добры ўраджай, бо ад яго залежыць наша заработная плата.

А вось Іван Маскалёў на вырошчванні лёну працуе больш 18 гадоў. Тэхналогію вырошчвання гэтай культуры вывучыў ад А да Я. Добра ведае ўсе хітрасці, як атрымаць добры ўраджай лёну.

– Аснова добрага ўраджаю, – расказвае механізатар, – закладваецца яшчэ восенню, адразу ж пасля ўборкі лёну. Вельмі многае залежыць ад якасці ўзворвання пад гэту культуру. Калі хтосьці будзе халтурыць, дрэнна ўспаша, добрага ўраджаю не чакай. Трэба ўсё рабіць сумленна. Мы ганарымся, што вырошчваем лён. Нездарма наша гаспадарка лічыцца ў галіне льнаводства адной з найлепшых у рэспубліцы.

Сёлета на сяўбе лёну працавала каля 50 чалавек. Усе працы, як і планавалася, былі праведзены ў аптымальныя тэрміны і на высокім агратэхнічным узроўні. Неўзабаве ўжо з’явяцца ўсходы.

– Наперадзе, – працягвае Дзмітрый Паўлючэнка, – не менш адказная пара– догляд пасеваў. Варта своечасова і ў неабходных дозах прымяніць стымулятары росту і мікраэлементы. Усе будзем рабіць для таго, каб вырасціць на годным узроўні ўраджай лёну.

zilmogilev.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая