RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Каб павіншаваць ветэрана, магілёўскія ратавальнікі падняліся да яго на балкон па пажарнай лесвіцы з букетам руж

Жыхары дамоў па Юбілейным бульвары ў Магілёве сёння расчынялі вокны і выходзілі ў двор, спрабуючы зразумець, што адбываецца. Да аднаго з пад’ездаў падкаціла пажарная машына, да акна падставілі пажарную лесвіцу ...Ні дыму, ні брандспойта, ні трывогі не было. Затое быў аркестр, шыкоўны букет бардовых руж і падарункі, якія падняў па лесвіцы супрацоўнік МНС, выйшаў на балкон, размешчаны на другім паверсе, і ўрачыста ўручыў чалавеку ў ордэнах і медалях – ветэрану Вялікай Айчыннай вайны і пажарнай службы Андрэю Сямёнавічу Маісееву.

– Дзякуй, я так крануты, – з балкона дзякаваў той, для каго, уласна, і быў арганізаваны незвычайны канцэрт. – За ўсё сваё жыццё не ўзгадаю такога цудоўнага віншавання. А мне ж нямала гадоў…

Андрэю Сямёнавічу ў жніўні споўніцца 96. У гады Вялікай Айчыннай ён быў механікам-кіроўцам знакамітага танка Т-34, а затым цяжкага танка ІС-2, удзельнічаў у вызваленні Украіны, Малдавіі, Румыніі, Венгрыі, Аўстрыі.

– У войска мяне прызвалі ў жніўні 1942, праз некалькі дзён пасля таго, як мне споўнілася 18, – успамінае ветэран. – І адразу адправілі на фронт. Баявое хрышчэнне я прайшоў падчас адной з найбуйнейшых бітваў Вялікай Айчыннай вайны. Я – удзельнік Сталінградскай бітвы і ведаю, што такое «стаяць насмерць». Гэта было пекла: ад выбухаў снарадаў зямля скаланалася так, што падкідвала танкі.

За Сталінград Маісееў удастоены ордэна Айчыннай вайны II ступені. Ён яму вельмі дарагі, як і медаль «За баявыя заслугі», іншыя баявыя ўзнагароды.

Сапраўдны герой, у кастрычніку 1943-га ў Запарожскай вобласці ён выратаваў свайго камандзіра. Іх танк падбілі, два баявыя таварышы Андрэя загінулі, а параненага ў галаву камандзіра танка Маісееў паспеў выцягнуць з падпаленай машыны. А вось выратаваць сябра і земляка Рыгора Бязрукава, чый танк загарэўся ў іншым баі, на жаль, не здолеў. Хоць і спрабаваў, але сам атрымаў найцяжэйшыя апёкі і некалькі сутак знаходзіўся на мяжы жыцця і смерці.

За гады вайны Андрэй Сямёнавіч быў паранены чатыры разы, двойчы яго завочна пахавалі родныя. Але ён выжыў Усім смерцям на злосць. І ўпэўнены ў тым, што на вайне яго ахоўвала каханне:

– На фронт мяне праводзіла мая дзяўчына – Ганначка. Плакала, вядома, а я сказаў: «Дачакайся. Вярнуся з вайны – пажэнімся...».

Пажаніліся. І пражылі разам больш за 60 гадоў. У іх нарадзіліся дзеці, унукі, праўнукі. А аб вайне, аб баявых таварышах ветэран расказвае моладзі і піша ў аўтабіяграфічным дзённіку. Дарэчы, з вайны ў яго засталіся танкавы шлем, салдацкая пляшка, палявая сумка, узнагародны партсігар.

Танкавы шлем Андрэй Сямёнавіч сёння апрануў з нагоды свята:

– Яго мне ў маі 1945-га падарыў наш камандзір. І для мяне гэта вельмі каштоўны падарунак. А на фатаграфіі, што вісіць на балконе (яе прымацавалі ратавальнікі – заўвага аўт.), я таксама адлюстраваны ў Дзень Перамогі 1945-га.

– Жыццёвы шлях Андрэя Сямёнавіча – гэта частка нашай агульнай гісторыі. Пасля вайны ён больш за 22 гады прапрацаваў у пажарнай службе, – удакладняе начальнік Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Дзямідаў. – Мы рэгулярна сустракаемся, у Дзень Перамогі заўсёды яго наведваем. Ён вельмі актыўны, пазітыўны чалавек. Гэтым разам, каб не рызыкаваць яго здароўем, вырашылі павіншаваць нашага ветэрана вось такім арыгінальным спосабам.

Сёння Маісееву падарылі не толькі кветкі, падарункі і святочны настрой, але і ўручылі юбілейны медаль «75 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гадоў.

– У Магілёве і Магілёўскім раёне пражывае 730 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, вязняў канцлагераў, – пералічвае ваенны камісар Магілёва і Магілёўскага раёна Мікалай Гамолка. – І мы абавязкова павіншуем іх усіх. Нягледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю, знойдзем магчымасць гэта зрабіць, бо для іх гэта вельмі важна.

...Духавы аркестр абласнога ўпраўлення МНС іграе «Смуглянку», «Тры танкісты», «Кацюшу», «Дарогу на Берлін», пасля чаго прадстаўнікі МНС, ваенкамата дружна зацягваюць «Дзень Перамогі». Песню падхопліваюць усе прысутныя ў двары, уключаючы жыхароў навакольных дамоў. І ляцяць у неба паветраныя шары. Праводзіўшы іх вачыма, ветэран з балкона махае на развітанне:

– Міру вам усім, дабра і радасці. З надыходзячым святам – 9 Мая! Я слаўлю ўсіх, чые імёны ўвайшлі ў гісторыю па праве!

Імя Андрэя Сямёнавіча Маісеева – адно з іх.

СБ

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая