RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Калі чалавек не спяшаецца вакцынавацца, вакцына сама ідзе да яго

Менавіта такі прынцып узялі на ўзбраенне медыкі, калі вырашылі арганізаваць мабільныя прышчэпачныя пункты ад COVID-19 у гандлёвых цэнтрах Магілёва і Бабруйска. Сёння вакцына максімальна даступная і бясплатная, аднак да выпрацоўкі калектыўнага імунітэту яшчэ далёка: не кожны знаходзіць час і жаданне дабегчы да ўстановы аховы здароўя. Людзі прыдумваюць страшылкі аб прышчэпцы, шукаюць адгаворкі, каб яе не рабіць, і ў чарговы раз спадзяюцца на авось: раптам хвароба мяне не закране. Медыцынскія работнікі катэгарычна не згодныя з такой пастаноўкай пытання і гатовы самі працаваць на выездзе, каб растлумачыць: лепш за вакцыну абароны няма.

Пераступаеш парог Магілёўскага ГЦ «Е-сіці» – і погляд адразу ўпіраецца ў рэкламны шчыт з надпісам: «Вакцынацыя ад COVID-19. Абарані сябе і блізкіх». На падлозе–паказальнікі кірунку руху, а ў зоне бачнасці – яшчэ адзін шчыт-арыенцір. Разметка прыводзіць да прасторнага павільёна, дзе праводзіцца вакцынацыя: не знайсці яго сапраўды складана, бо паказальнікі, якія прыцягваюць увагу, размешчаны на кожным уваходзе ў гандлёвы аб’ект. Ды і сам мабільны пункт, арганізаваны Магілёўскай паліклінікай № 6, аформлены прыгожа і з густам: зусім не горш, чым у сучасных медыцынскіх цэнтрах. Тут вам і ветлівы, уважлівы персанал, і зручныя банкеткі, каб не стаяць у чаканні сваёй чаргі, і нават «камплімент ад установы»– вазачка з цукеркамі.

Пункт вакцынацыі адкрыўся паўгадзіны таму, а ў фае ўжо ўтварылася чарга. Перад уваходам таксама некалькі груп людзей: разглядаюць новы павільён, чытаюць надпісы, бяруць інфармацыйныя бюлетэні, цікавяцца, калі можна зрабіць прышчэпку і што для гэтага трэба. Сярод тых, хто сёння прыйшоў па першы кампанент, шмат жыхароў найбліжэйшых дамоў: зазірнулі ў гандлёвы цэнтр па прадукты і заадно вырашылі атрымаць дозу імунітэту. Некаторыя прыехалі мэтанакіравана па кітайскую вакцыну Vero Cell: патрэбны прышчэпачны пашпарт для выезду за мяжу. Аказалася, што такі мабільны пункт вельмі папулярны: за першыя тры дні яго працы тут прышчапілася больш за 30 чалавек.

Дзяніс Беспальчы і яго жонка Алена даўно хацелі вакцынавацца, але ўсё не атрымлівалася: то часуне было, то патрэбнай вакцыны. А калі побач з домам з’явіўся прышчэпачны пункт, прыйшлі сюды ўсёй сям’ёй разам з падгадаваным сынам. «Мы чакалі менавіта кітайскую вакцыну: сваякі прышчапляліся ёю, і ўсё прайшло добра, без наступстваў, – расказаў глава сям’і. – Спачатку думалі звярнуцца ў паліклініку, а потым убачылі, што можна вакцынавацца прама тут, у магазіне. Вакцынавацца ў гандлёвых цэнтрах значна зручней: не кантактуеш з такой колькасцю хворых людзей, як у паліклініцы, можаш прыйсці зрабіць прышчэпку ўсёй сям’ёй, нават з дзіцем».

«Вакцынацыя ад каранавіруснай інфекцыі ўсё больш і больш набірае папулярнасць сярод насельніцтва, – адзначае галоўны ўрач Магілёўскай паліклінікі № 6 Віктар Алексяйкоў. – Аднак чалавеку трэба знайсці час і магчымасць прыехаць правакцынавацца, бо не заўсёды гэта можа быць зручна. А ў гандлёвыя цэнтры людзі ходзяць нашмат часцей, чым у паліклінікі і бальніцы, таму рэалізавана ідэя стварэння такога мабільнага прышчэпачнага пункта. Мы абсталявалі яго ўсім неабходным для аказання медыцынскіх паслуг. Да добрай справы падключылася і адміністрацыя гіпермаркета: на бязвыплатнай аснове выдзелілі памяшканне, далі мэблю і абсталяванне, аказалі садзеянне ва ўсіх арганізацыйных пытаннях».

У прышчэпачным пункце створаны ўсе ўмовы, адпаведныя кабінету прыёму ўрача і працэдурнай. Акрамя таго, наладжана камп’ютарная сувязь і падключаны інтэрнэт, дзякуючы чаму ёсць доступ да агульнагарадской інфармацыйнай медыцынскай сістэмы. Урачы на прыёме могуць паглядзець электронную медкарту пацыента і ацаніць стан яго здароўя. Медперсанал гатовы да любой, нават неспадзяванай сітуацыі: напрыклад, у пункце ёсць укамплектаваная ўкладка для аказання тэрміновай неадкладнай медыцынскай дапамогі. У выпадку неабходнасці прама на месцы можна зрабіць і электракардыяграму.

Асобная ўвага нададзена інфармацыйнай працы з насельніцтвам, паколькі многія людзі прыходзяць развеяць свае страхі з нагоды прышчэпкі. Напрыклад, у першы дзень працы прышчапілася 16 чалавек і яшчэ 35 прыйшлі пагутарыць з медыцынскімі работнікамі па пытаннях вакцынацыі. Медыкі ўпэўнены, што большасць з іх потым абярэ час і абавязкова вакцынуецца. «Нашы ўрачы і медсёстры адносяцца з разуменнем і адказнасцю да сваёй працы, таму імкнуцца стварыць на прышчэпачным пункце максімальна камфортныя ўмовы, – удакладняе Віктар Алексяйкоў. – Калі мы дыскрэдытуем гэту добрую справу (спецыялісты праявяць непрафесіяналізм, напрыклад, укол зробяць не так), то адштурхнем пацыентаў і пойдзе зваротная рэакцыя. Яны ўжо не параяць сваім знаёмым прышчапіцца, а папярэдзяць, што лепш сюды не хадзіць. Наша прафесійная і сацыяльная адказнасць–дастукацца да кожнага, перамагчы скептыцызм. Мы пастаянна бачым цяжкія выпадкі, выкліканыя каранавіруснай інфекцыяй, назіраем рост захворвання, аднак такія факты можа прадухіліць толькі вакцынацыя».

Час працы прышчэпачнага пункта ў буднія дні–з 13.00 да 19.00 без перапынку. Прышчэпку ад каранавіруснай інфекцыі тут могуць зрабіць толькі грамадзяне Беларусі, таму прад’яўленне дакумента, які сведчыць асобу, абавязковае. Па выніках вакцынацыі ўсім жадаючым у паліклініцы № 6 выдадуць прышчэпачны сертыфікат. А вось замежных грамадзян будуць прывіваць непасрэдна ў самой установе аховы здароўя.

«Такі ж выязны прышчэпачны пункт працуе ў гандлёвым цэнтры «Атрыум» абласнога цэнтра, – адзначыла намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Ала Ляховіч. – 21 верасня будзе запушчаны мабільны пункт вакцынацыі ў будынку чыгуначнага вакзала ў Магілёве. Такім чынам мы спадзяёмся ахапіць тых, хто едзе з дачы ці на дачу, і не даходзіць да ўстановы аховы здароўя. Таксама перагаворы па стварэнні прышчэпачных пунктаў вядуцца з адміністрацыяй ГЦ «Парк-Сіці» і Цэнтральнага ўнівермага. Калі такая форма працы будзе запатрабавана сярод насельніцтва, мы арганізуем аналагічныя пункты па ўсім горадзе».

Паводле статыстыкі, у Магілёве першым кампанентам ужо вакцынавана без малога 22% ад усяго насельніцтва, а гэта больш за 80 тыс. чалавек. Штодня першым кампанентам прышчапляецца прыкладна 2‑2,5 тыс. гараджан і столькі ж – другім. Гэты паказчык у абласным цэнтры трохі вышэйшы за сярэднерэспубліканскі ўзровень, але ўсё роўна праца па вакцынацыі павінна быць актывізавана. Неабходна засцерагчыся ад COVID-19 да пачатку ўздыму сезоннага захворвання, сфарміраваць калектыўны імунітэт, пры якім варта прышчапіць не менш за 60% насельніцтва. Медыкі ўпэўнены: чым больш людзей зараз вакцынуецца, тым вышэй верагоднасць таго, што новая хваля каранавіруснай інфекцыі не дасць рэзкага скачка і сур’ёзных ускладненняў.

«У сувязі з ростам сезонных вірусных захворванняў і павелічэннем колькасці выяўленых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі на першае месца па-ранейшаму выходзіць прафілактыка, а найбольш эфектыўнай яе формай застаецца вакцынацыя, – адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Старавойтаў. – На жаль, нягледзячы на даступнасць і бясплатнасць вакцыны, жадаючых прышчапіцца не многа. Прычым кожны прыдумвае для сябе розныя прычыны: адны кажуць, што вакцына ўплывае на геном чалавека, іншыя ўпэўнены, што яна ўздзейнічае на рэпрадуктыўную функцыю арганізма, а трэція баяцца, што іх чыпіруюць. Аднак не варта забываць, што ў свой час вакцынацыя дапамагла чалавецтву перамагчы воспу. І сёння прышчэпка з’яўляецца адзіным эфектыўным варыянтам, які дапаможа прадухіліць вокамгненнае распаўсюджванне каранавіруснай інфекцыі».

Па словах Аляксандра Старавойтава, вірус пастаянна муціруе і становіцца больш агрэсіўным: стан пацыентаў ускладняецца ў максімальна кароткія тэрміны, павялічваецца колькасць формаў, пры якіх у хворага з’яўляецца кіслародная залежнасць. COVID-19 яшчэ не набыў сваёй сезоннасці і перыядычнасці, а пасля летніх канікул атрымалася «перакрыжаванне» вірусаў з розных пунктаў свету. У такой сітуацыі многае залежыць ад сацыяльнай пазіцыі і адказнасці кожнага. Прадухіліць працяг віруса і паставіць яму бар’ер можна толькі сумеснымі намаганнямі. Для гэтага медыкі і пашыраюць магчымасці вакцынацыі: выязджаюць на прадпрыемствы і ў арганізацыі, арганізуюць мабільныя прышчэпачныя пункты ў гандлёвых цэнтрах. У найбліжэйшы час будуць таксама арганізаваны пункты вакцынацыі супраць COVID-19 на базе ўніверсітэтаў і каледжаў.

«Сёння мы назіраем павышэнне сезоннай віруснай інфекцыі, –сказаў на заканчэнне начальнік галоўнага ўпраўлення. – Са з’яўленнем тэмпературы, кашлю і катару многія пачынаюць панікаваць і гаварыць, што гэта COVID-19. На самай справе гэта не так, бо каранавірусная інфекцыя не замясціла ўсе астатнія вірусы, якія цыркулююць на тэрыторыі нашай краіны. Аднак гэта не здымае з нас адказнасці: пры любой віруснай інфекцыі неабходна выконваць элементарныя правілы гігіены: насіць маскі, дэзынфікаваць рукі, пазбягаць вялікіх скапленняў людзей, прымаць лекавыя сродкі і часова дыстанцыявацца ад здаровых людзей. Заўсёды трэба памятаць, што захворванне лягчэй прадухіліць, чым лячыць».

 

БЕЛТА

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая