RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Лабараторыя тэатральнай фатаграфіі ўпершыню ўвайшла ў спецпраграму «М@rt.кантакт»

Лабараторыя тэатральнай фатаграфіі ўпершыню ўвайшла ў спецыяльную праграму міжнароднага моладзевага тэатральнага форуму «М@rt.кантакт», паведаміла куратар творчага праекта, магілёўскі фатограф Яўгенія Аліфірэнка.

Лабараторыя будзе працаваць у Магілёве на працягу ўсяго фестывалю з 21 па 27 сакавіка. «Праект рэалізуецца на моладзевым форуме ўпершыню за 15 гадоў яго правядзення, – сказала субяседніца. – Ідэя ўзнікла падчас падрыхтоўкі фотавыставы «Форум.zip 2.0», якая адкрыецца ў арт-фае Магілёўскага драмтэатра ў першы дзень фестывалю. Наша задача – не задакументаваць падзеі «М@rt.кантакту», а паказаць яго асаблівую атмасферу, закуліссе, выварат. Гледзячы на здымкі мінулых гадоў, разумееш, што фестываль так і не адкрыўся гледачам з гэтага боку».

Да ўдзелу ў лабараторыі тэатральнай фатаграфіі запрашаюцца фатографы, якія любяць тэатр і адкрыты да эксперыментаў. На працягу фестывальнага тыдня яны наведаюць усе мерапрыемствы форуму–спектаклі, майстар-класы, абмеркаванні крытыкаў. Кожны дзень па выніках працы яны будуць дзяліцца здымкамі і ўражаннямі, публікаваць іх у сацыяльных сетках і выбіраць фатаграфію дня. Творчае супрацоўніцтва будзе цікавым і інтэнсіўным, абяцаюць арганізатары.

Таксама ў спецыяльную праграму «М@rt.кантакт» увайшла моладзевая медыялабараторыя. Гэтая майстэрня стала ўжо традыцыйнай і ад форума да форума актыўна рэалізуецца ў сацыяльных сетках. Менавіта там удзельнікі лабараторыі пішуць міні-рэцэнзіі на спектаклі, публікуюць інтэрв’ю з акцёрамі, рэжысёрамі і крытыкамі, абмяркоўваюць апошнія тэатральныя падзеі. Мэта праекта–не навучыць кагосьці пісаць пра тэатр, а даць гледачу больш шырокае і поўнае ўяўленне пра жыццё форума, адзначае куратар медыялабараторыі Вольга Семчанка.

У спецыяльную праграму форума сёлета таксама ўвайшлі лекцыя Юрыя Шахватава–рэжысёра і арт-дырэктара расійскага фестывалю маладой драматургіі «Любімаўка» –пра актуальнасць сучаснай драматургіі, майстар-клас па акцёрскім майстэрстве «Як зрабіць тэатр з нічога» ад вядомага расійскага драматурга, рэжысёра, акцёра і педагога Мікалая Каляды, майстар-клас «Эцюдны метад працы акцёра» ад рэжысёра і тэатральнага педагога, загадчыка кафедры Расійскага інстытута сцэнічных мастацтваў Веніяміна Фільшцінскага.

Акрамя гэтага, на форуме будзе працаваць майстэрня маладой рэжысуры. На гэты раз акцёры пад кіраўніцтвам расійскага рэжысёра Мікалая Балабана створаць эскіз спектакля па паэтычнай драме Марыны Цвятаевай «Федра». У сваю чаргу ўдзельнікі першай драматургічнай лабараторыі пад куратарствам беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага напішуць п’есу аб Магілёве і яго жыхарах. Выніковы драматургічны матэрыял будзе прадстаўлены ў фармаце чыткі ў апошні дзень форума на сцэне абласнога драматычнага тэатра.

Міжнародны моладзевы тэатральны форум «М@rt.кантакт» у гэтым годзе адбудзецца ўжо 15-ым разам. У яго праграму ўвайшлі 24 спектаклі з 11 краін свету. Гэта ўнікальныя пастаноўкі як маладых, так і ўжо вядомых тэатральных калектываў. Гледачоў чакае шмат класічнага матэрыялу, які будзе прадстаўлены ў эксперыментальнай форме. За ўвесь час правядзення моладзевага тэатральнага форуму ў Магілёве было паказана 237 спектакляў, якія наведала больш за 50 тыс. гледачоў.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая