RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Леанід Заяц: Беларусь абрала правільную стратэгію па развіцці пацярпелых ад выбуху на ЧАЭС раёнаў

Беларусь выбрала правільную стратэгію па развіцці пацярпелых ад выбуху на ЧАЭС раёнаў. Такое меркаванне выказаў старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падчас мітынгу-рэквіема, прысвечанага 35-ай гадавіне выбуху на Чарнобыльскай АЭС, які прайшоў сёння ў Быхаве.

«Чарнобыльская аварыя стала для ўсіх нас выпрабаваннем на трываласць. Абраная дзяржавай стратэгія дазволіла захаваць станоўчую дынаміку развіцця пацярпелых раёнаў, стварыць годныя ўмовы для жыцця людзей і, што самае галоўнае, гарантаваць бяспеку, – адзначыў Леанід Заяц. – Яркі таму доказ – добраўпарадкаваныя гарады і пасёлкі, новыя вытворчасці і інвестыцыі ў эканоміку рэгіёнаў. Задача ўлады – зрабіць усё, каб людзі адчувалі сябе абароненымі, упэўненымі ў заўтрашнім дні, каб ствараліся маладыя сем’і і нараджаліся дзеці».

Па словах старшыні Магілёўскага аблвыканкама, за 35 гадоў у Беларусі праведзена каласальная праца па пераадоленні наступстваў чарнобыльскай трагедыі.

«Толькі за апошнія пяць гадоў і толькі ў Магілёўскай вобласці на гэтыя мэты было выдзелена каля Br280 млн. Працягнуліся газіфікацыя жыллёвага фонду, будаўніцтва водаправодных сетак, аб’ектаў камунальнага і бытавога абслугоўвання, будаўніцтва і рэканструкцыя дарог і вуліц, уводзіцца ў эксплуатацыю новае, добраўпарадкаванае жыллё. Пастаянна вядуцца будаўніцтва і рэканструкцыя аб’ектаў сацыяльна-культурнай сферы. Дзяржава забяспечвае прадастаўленне ўсіх сацыяльных гарантый, кампенсацый і льгот, устаноўленых заканадаўствам. На гэтыя мэты ў 2016–2020 гадах накіравана звыш Br66 млн. Дзейнічае праграма санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення пацярпелых ад наступстваў аварыі».

Сёння ў Быхаве адкрылі памятны знак у гонар подзвігу быхаўчан – ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Як адзначыў старшыня Быхаўскага райвыканкама Дзмітрый Марціновіч, Быхаўская зямля сур’ёзна пацярпела ад выбуху ў Чарнобылі – насельніцтва раёна скарацілася амаль на 40%, скарацілася вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. «Але сёння мы бачым, як дзякуючы суладнай і карпатлівай працы нам ўдалося не толькі захаваць многае з дасягнутага, але і дамагчыся новых вынікаў. На нашай зямлі працягваюць жыць і развівацца людзі, нараджаюцца дзеці, кожны год да нас прыязджаюць маладыя спецыялісты. А дапамога дзяржавы дазваляе нам ствараць усе неабходныя ўмовы для нармальнага і якаснага жыцця нашага насельніцтва», – адзначыў старшыня райвыканкама.

Дзякуючы дзяржаўнай праграме па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС школьнікі раёна атрымліваюць бясплатнае харчаванне, арганізоўваецца аздараўленне насельніцтва, будуецца жыллё, рэканструіруюцца аб’екты водазабеспячэння, дарогі і вуліцы, працягваецца газіфікацыя населеных пунктаў, адкрываюцца новыя сучасныя вытворчасці. «Толькі за апошнія два гады для сістэмы адукацыі раёна набыта два аўтобусы, зроблены капітальны рамонт дзіцячага садка № 6. Пабудавана і запушчана ў эксплуатацыю 6 станцый абезжалезвання. На тэрыторыі раёна пачалі працу новая вытворчая пляцоўка СЗАТ «Агралінк», дрэваапрацоўчы ўчастак Быхаўскага лясгаса. Сур’ёзная падтрымка аказваецца і аграрыям. Толькі летась па дзяржаўных праграмах развіцця вёскі гаспадаркамі раёна набыта 57 адзінак тэхнікі», – падкрэсліў Дзмітрый Марціновіч.

У жалобным мерапрыемстве прыняла ўдзел Дзіна Бандарэнка – ліквідатар наступстваў аварыі ў Чарнобылі. Жанчына тады жыла ў Быхаве. «Я тады працавала ў ПМК-247 (сучасная назва). Мы будавалі лазні, узводзілі школы і дамы для перасяленцаў. Тады было вельмі страшна, моцная спякота стаяла на вуліцы. Нягледзячы на страх, мы выконвалі сваю працу, – падзялілася жанчына. – Я вельмі люблю свой Быхаў і сваю Беларусь. Нейкі час жыла ў Стаўрапальскім краі, але мяне заўсёды цягнула на радзіму. У мяне радуецца душа за тое, што пацярпелыя землі не вымерлі, што мы змаглі зберагчы жыццё ў гэтых раёнах».

Усяго ў Быхаўскім раёне жыве каля 200 ліквідатараў наступстваў выбуху на ЧАЭС. Гэта людзі, якія ў 1986 годзе дапамагалі адсяляць жыхароў з забруджаных тэрыторый, зразалі заражаны грунт і стаялі ў ачапленні.

БЕЛТА, фота - mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая