RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Магілёўская вобласць і кітайская правінцыя Чжэцзян маюць намер прапрацаваць пытанне ўстанаўлення пабрацімскіх сувязяў

Магілёўская вобласць і кітайская правінцыя Чжэцзян маюць намер прапрацаваць пытанне ўстанаўлення пабрацімскіх сувязяў. Такая дамоўленасць дасягнута сёння падчас цырымоніі адкрыцця кітайскай анлайн-выставы «Садовы стыль і будаўніцтва», паведамілі ў Магілёўскім агенцтве рэгіянальнага развіцця.

Наш рэгіён і Паднябесную ўжо трывала звязваюць пабрацімскія адносіны з правінцыямі Цзянсу і Шэньсі, і выбудоўванне партнёрства працягваецца, нягледзячы на перыяд зніжэння дзелавой актыўнасці, выкліканай пандэміяй Covid-19.

У працы анлайн-выставы прымае ўдзел больш за 200 кампаній –вытворцаў правінцыі Чжэцзян. Да ўдзелу ў цырымоніі былі запрошаны афіцыйныя прадстаўнікі Расійскай Федэрацыі, Казахстана, Індыі і Філіпін. Рэспубліку Беларусь прадставіў намеснік старшыні камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Павел Марыненка. Кітайскі бок выказаў гатоўнасць у пашырэнні эканамічных і партнёрскіх адносін з нашым рэгіёнам і гатовы забяспечыць удзел магілёўскіх прадпрыемстваў у выставе на бязвыплатнай аснове.

Сама ж выстава пройдзе на платформе відэасувязі Zoom. Праца непасрэдна з беларускімі прадпрыемствамі будзе арганізавана з 1 ліпеня.

Па пытаннях удзелу ў анлайн-выставе неабходна звяртацца ў ААТ «Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця”. Кантактныя даныя: тэл.+375 44 582 28 18, 8 0222 74 61 91, e-mail: agencymogilev@ya.ru.

Суразмоўцы дадалі, што з 8 па 12 чэрвеня з мэтай пошуку новых партнёрскіх кантактаў і азнаямлення з перспектыўнымі распрацоўкамі пры падтрымцы ААТ«Магілёўскае агенцтва рэгіянальнага развіцця»магілёўскія прадпрыемствы, сярод якіх«Чырвоны металіст»і«Асіповіцкі завод аўтамабільных агрэгатаў», ТАА «Ніка Тэхноладжы», ЧТПУП«БАЛАРТ»і інш., прынялі ўдзел у выставе «Машынабудаванне і абсталяванне», арганізаванай адміністрацыяй горада Ханчжоу (правінцыя Чжэцзян).

Дарэчы, у студзені-красавіку 2020 года экспарт тавараў Магілёўскай вобласці ў КНР склаў $ 7,4 млн. і вырас да аналагічнага перыяду 2019-га на 52,6%. У Паднябесную пастаўляліся мяса птушкі, ялавічына, лён, малочная сыроватка, лесаматэрыялы распілаваныя, мэбля.

Экспарт паслуг у Кітай па выніках гэтых жа месяцаў склаў $ 1,5 млн. (тэмп росту 224,3%). Найбольш запатрабаванымі былі будаўнічыя, якія прынеслі больш за 93% ад гэтай сумы і дадалі ў параўнанні са студзенем-красавіком 2019 года 135,4%. Рост экспарту будаўнічых паслуг забяспечаны за кошт рэалізацыі праекта «Будаўніцтва сацыяльнага жылля» з прыцягненнем тэхніка-эканамічнай дапамогі ўрада КНР у Магілёўскай вобласці.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая