RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і песенныя калектывы збярэ фестываль-конкурс народнай творчасці «Крычаўскі канёк»

V міжрэгіянальны фестываль-конкурс народнай творчасці «Крычаўскі канёк» пройдзе 3 кастрычніка ў парку Перамогі Крычава. Свята збярэ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і песенныя калектывы, як паведамілі карэспандэнту сайта ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай працы.

«Крычаўшчына заўсёды славілася сваімі ўмельцамі-майстрамі, у тым ліку ганчарамі – нездарма цэлы раён у старой частцы горада носіць традыцыйную назву Ганчароўка, – распавялі суразмоўцы. – Дзіцячая свістулька ў выглядзе стылізаванага коніка (без ног) была адметнай асаблівасцю вырабаў крычаўскіх майстроў. Такія «качка-коні» з’яўляліся абярэгамі (качка – сімвал ночы, конь – дня) і ахоўвалі ад злых духаў. Той самы «Крычаўскі канёк» стаў эмблемай фестывалю, які ўпершыню прайшоў у 2015 годзе як пленэр па кераміцы».

У фестывалю-конкурсу тры асноўныя тэмы. Першая – гліна, паколькі з самых старажытных часоў чалавек карыстаецца вырабамі з яе (музычныя інструменты, прадметы побыту, посуд). Другая – конь, які з’яўляецца адным з самых распаўсюджаных вобразаў у славянскай міфалогіі, фальклоры, абрадах і гульнях. Трэцяя – свой «канёк». Тут гаворка ідзе пра чалавека, які любіць сваю працу, якасна, прафесійна і з веданнем справы працуе ці нешта даказвае. Пра такіх кажуць: «Гэта яго канёк».

Праграма фестывалю разнастайная і шырокая. Яна ўключае конкурс па вырабе глінянай цацкі-свістулькі, выставы-продажы, майстар-класы, выступленні вакальных калектываў, індывідуальных выканаўцаў, фальклорных ансамбляў, тэатралізаваных груп. Тут будуць працаваць тэматычныя пляцоўкі, літаратурная выстава, кірмаш рамёстваў з удзелам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з рэгіёнаў Магілёўскай вобласці і краін блізкага замежжа. Для дзяцей прывязуць атракцыёны, падрыхтуюць сюжэтна-гульнявыя праграмы, правядуць конкурс малюнка на асфальце.

Фестываль накіраваны на развіццё і папулярызацыю народнай фальклорнай культуры, паказ рознабаковых форм, відаў і жанраў народнага фальклору, абмен вопытам і развіццё сувязяў у сферы культуры паміж рэгіёнамі, павышэнне прафесійнага майстэрства ўдзельнікаў.

Пачатак мерапрыемства ў 13.00.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая