RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Міхаіл Русы правёў асабісты прыём у Шклоўскім раёне

Асабісты прыём грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб у аграгарадку Гарадзішча Шклоўскага раёна правёў памочнік Прэзідэнта – інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы. Ён выслухаў амаль 20 пытанняў не толькі ад жыхароў Шклоўскай зямлі – прыехалі людзі з Магілёва і Дрыбінскага раёна.

Праблемы падымаліся розныя: ад рамонту дарог да памераў арэнднай платы за жыллё, але найбольш папулярнымі былі зямельныя спрэчкі. Магіляўчанка Наталля Касьяненка планавала пабудаваць у абласным цэнтры гандлёва-офісны аб’ект і нават узгадніла гэтае пытанне з двума землекарыстальнікамі. Але ў нейкі момант адзін з апошніх змяніўся, і пачатковец выступіў супраць будоўлі Касьяненка. Наталля Уладзіміраўна лічыць, што было парушана заканадаўства. Цяжба бакоў доўжыцца ўжо не адзін год, і ў нейкі момант дайшла да суда, але і гэта праблему не вырашыла. Міхаіл Русы даручыў разабрацца ў пытанні і для ўстанаўлення ўсіх дэталяў карціны сфарміраваць невялікую брыгаду.

Аліна Шчамялёва з Гарадзішча, мама дваіх малалетніх дзяцей, перажывае за лёс мясцовага дзіцячага сада. У верасні аварыйны будынак закрылі, а дашкалят размясцілі непадалёк у школе. Толькі ўмоў там не стварылі ніякіх, лічыць маладая жанчына:

– Мой сын Саша і дзесяць іншых дзяцей ходзяць у гэты так званы дзіцячы сад. На самай справе, гэта памяшканне пяць на дзесяць метраў, дзе змясціліся стол загадчыцы, дзіцячыя ложкі, гульнявая зона і месца прыёму ежы. Там нават адзін рукамыйнік на ўсіх. Ды і школьнікі пастаянна бегаюць, перашкаджаюць. Першапачаткова нам казалі, што ў 2019 годзе будзе распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя, а ў 2020-м будзе выкананы капітальны рамонт дзіцячага сада. Але, калі я паказала Міхаілу Іванавічу фота ўмоў для дзяцей на новым месцы, ён прыйшоў у жах і даручыў пры любых умовах адрамантаваць дашкольную ўстанову да канца гэтага года.

Галоўная выснова, якую зрабіў Міхаіл Русы па выніках прыёму, што праца з кадрамі і людзьмі павінна быць пануючай:

– Усе пытанні, якія ўзнікаюць, – гэта недапрацоўка на месцах і недастатковае тлумачэнне людзям сутнасці іх праблемы. Прыём гэта пацвердзіў: тут недапрацавалі, там не падказалі, тут не пракантралявалі – і завязваецца часам невырашальны вузел. Ды і адказы для людзей нярэдка рыхтуюць вельмі вялізныя. Я прачытаў дзесяць лістоў і, хоць сам спецыяліст у гэтых пытаннях, з цяжкасцю зразумеў, што менавіта адказалі тым, хто звярнуўся. Людзям патрэбна яснасць і варыянты вырашэння іх праблемы, выкладзеныя даступнай мовай. Таксама важная глыбіня прапрацоўкі рашэнняў, якія прымаюцца. Не проста адпіска, а якасна падрыхтаваныя дакументы.

Міхаіл Русы падкрэсліў, што плануе павялічыць частату асабістых прыёмаў як у гарадах, так і ў сельскай мясцовасці:

– Будзем выбудоўваць працу па-іншаму. Трэба быць бліжэй да людзей, бо не ўсе могуць прыехаць на прыём у Магілёў або райцэнтр. У Гарадзішчы столькі людзей звярнулася, колькі ў абласным цэнтры не заўсёды бывае. Значыць, трэба працаваць з імі і тлумачыць шматлікія нюансы.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая