RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Мітынг-рэквіем «Усенародны боль і памяць» адбыўся ў Кіраўскім раёне

Ля мемарыяльнага комплексу «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці» ў вёсцы Боркі адбыўся мітынг-рэквіем «Усенародны боль і памяць», прысвечаны 80-годдзю з дня трагедыі ў в. Боркі. 15 чэрвеня 1942 года фашысцкімі карнікамі на гэтай зямлі было знішчана больш за дзве тысячы мірных жыхароў.

У мітынгу-рэквіеме прынялі ўдзел старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, старшыня Кіраўскага райвыканкама Галіна Слабоднікава, старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Сакадынец, старшыня абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Глаз, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Казека, дэлегацыі працоўных калектываў, прадстаўнікі раённых структур грамадскіх аб’яднанняў, духавенства, моладзь.

У памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны да брацкай магілы і пліт сцяны памяці былі ўскладзены кветкі ад Магілёўскага аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, райвыканкама, раённага Савета дэпутатаў, дэлегацый.

Да прысутных звярнулася старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ірына Раінчык, якая адзначыла, што дата 15 чэрвеня 1942 года назаўжды ўвайшла ў гісторыю Беларусі як адзін з самых трагічных дзён. Зверствы і злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў, учыненыя на беларускай зямлі, беспрэцэдэнтныя па сваім маштабе і трагізме. Сусветная гісторыя не ведае прыкладаў такога мэтанакіраванага генацыду народа.

У 2008 годзе ў в. Боркі адбылося адкрыццё мемарыяльнага комплексу «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці». А ў 2019 годзе ініцыятыву кіраўніцтва рэгіёна па рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу падхапіла ўся вобласць. Ідэю падтрымаў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, і ўжо ў 2020 годзе з удзелам кіраўніка дзяржавы быў урачыста адкрыты мемарыяльны комплекс.

Па словах Ірыны Раінчык, праўдзівае асвятленне падзей і гістарычных фактаў, фарміраванне ў моладзі пачуцця патрыятызму, гонару за гераічнае мінулае сваёй краіны з’яўляецца асноўнай задачай як органаў выканаўчай і распарадчай улады, так і грамадскіх арганізацый вобласці, асабліва цяпер – у Год гістарычнай памяці.

«Мы знаходзімся на святой зямлі, – адзначыла ў сваім выступленні старшыня райвыканкама Галіна Слабоднікава. – Памятны знак «Памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці», адноўлены ўдзячнымі нашчадкамі, стаў не толькі месцам масавай трагедыі, але і месцам, якое сцвярджае каштоўнасць чалавечага жыцця».

Кіраўнік раёна звярнулася да маладога пакалення: «Мы жывём у дынамічным свеце, які змяняецца кожны дзень дзякуючы інавацыям, гістарычным падзеям. Але ў пагоні за віртуальнай пахвалой і зносінамі не трэба забываць аб галоўным – чалавечых якасцях. Памятаеце, вы – новае пакаленне духоўна моцнага народа, які захаваў нацыянальную ідэнтычнасць. Вы – нашчадкі герояў, якія ў страшнай вайне разам з брацкімі савецкімі народамі абаранілі родную зямлю і выратавалі Еўропу ад нацызму».

Галіна Слабоднікава адрасавала словы ўсім прысутным: «Велізарная адказнасць кладзецца на нас за захаванне гістарычнай памяці. Мы павінны разумець, што толькі мы нясём сваю долю адказнасці за лёс свайго раёна, свайго краю, сваёй краіны. Сёння, калі нас штурхаюць да разладу і нянавісці, нам як ніколі неабходныя вера і вернасць нашым патрыятычным традыцыям».

Ад імя маладога пакалення слова было прадастаўлена вучню СШ № 2 імя К. П. Арлоўскага Ільі Лавіцкаму: «Памяць – гэта тое, што застаецца з намі і чым мы можам аддзячыць тым, хто загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, абараняючы мір і свабоду сваёй Радзімы. Жыхары Борак, як і тысячы абаронцаў Айчыны, загінулі за мір на зямлі, за тое, каб наступныя пакаленні жылі ў свабоднай краіне і з упэўненасцю глядзелі ў будучыню. Яны вартыя вечнай славы і памяці. Хай дзень 15 чэрвеня яшчэ раз нагадае ўсім, як важна берагчы мір, які так цяжка дастаўся нашым дзядам і прадзедам».

Удзел у мітынгу-рэквіеме прымалі вайскоўцы 147-га зенітнага ракетнага палка.

Літаратурную кампазіцыю – урывак з паэмы «Марыйка» Аляксандра Казекі – пра боркаўскую трагедыю – паказалі навучэнцы Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.

Удзельнікі мітынгу-рэквіема ўшанавалі памяць жыхароў Борак хвілінай маўчання. Жалобную памінальную літыю адслужыў настаяцель прыходу Свята-Косма-Даміянаўскага храма айцец Максім.

Падчас мерапрыемства адбылася акцыя «Звон смутку». А таксама былі высаджаны дрэвы памяці – 80 – па колькасці гадоў, якія прайшлі з той крывавай даты…

kirovsk.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая