RU BY EN 中文
Twitter Instagram

На Магілёўшчыне працягваецца сяўба кукурузы

Хоць цяперашняя зацяжная вясна і красавіцкае пахаладанне на Магілёўшчыне затрымалі пасяўную мінімум на дзесяць дзён, ва ўсіх раёнах поўным ходам працягваецца сяўба кукурузы. Гэта сёння галоўны клопат аграрыяў на палях. Усяго ў вобласці пасеяна 53,7 тысячы гектараў–40 працэнтаў ад запланаванага. Пры гэтым практычна завершана сяўба кукурузы, прызначанай на зерне, пасеяна 39,2 тысячы гектараў, або 93 працэнты пасяўных плошчаў.

Начальнік аддзела інтэнсіфікацыі раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Лілія Гулінская лічыць, што ў тэхналагічныя тэрміны сяўба кукурузы ўкладваецца і спяшацца класці збожжа ў халодную зямлю не трэба:

– У пачатку мая гаспадаркі сеялі кукурузу з асцярогай. Насцярожваў леташні вопыт, калі раннія пасевы месяц не ўзыходзілі, і аграномы асцерагаліся, што трэба будзе перасяваць. Цяпер сяўба кукурузы ў самым разгары. Паўднёвыя раёны – на завяршальнай стадыі гэтых работ. Большасць раёнаў ужо справіліся з сяўбой кукурузы на зерне. Насеннем забяспечаны ўсе гаспадаркі. На сілас у беларускіх кукурузна-калібровачных заводаў закупілі цэнтралізавана за кошт будучага малака праз малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы айчыннае насенне. На збожжа, у асноўным, выкарыстоўваем гібрыды імпартнай селекцыі.

У паўднёвы Глускі раён заўсёды раней прыходзіць вясна і цяпло, таму ўсе гаспадаркі аднымі з першых вывелі сеялкі дакладнага высеву на палі. 626 гектараў пасеялі ў ААТ «Аграфірма «Слаўгарадскі», больш за 400–у ААТ «Эксперыментальная база «Глуск», 528 – у ААТ«Глуская зара». Усяго ў раёне пасеялі кукурузу на 2,5 тысячы гектараў. У тым ліку ўсе гаспадаркі цалкам справіліся з сяўбой на збожжа, заклаўшы насенне для гэтых мэтаў на плошчы 1,5 тысячы гектараў.

У цэлым па вобласці скарачаюцца пасевы кукурузы, кукурузны сілас максімальна імкнуцца замяніць сенажом. Не абышла гэта тэндэнцыя і Глускі раён: для стварэння больш паўнавартаснай і пажыўнай кармавой базы на тысячу гектараў скарацілі пасяўныя плошчы кукурузы за кошт павелічэння пасеваў люцэрны і шматгадовых бабова-злакавых траў. Але тым не менш «царыца палёў» застаецца незаменным кормам малочнай жывёлагадоўлі.

– У гэтым годзе сеем 6 тысяч гектараў кукурузы, – расказаў галоўны спецыяліст вытворча-тэхнічнага аддзела райсельгасхарчу Глускага райвыканкама Валерый Глаз. – Да сяўбы культуры мы нядрэнна падрыхтавалі глебу. Зааралі арганіку ў разліку 50 тон на гектар. Зрабілі паўнавартасную стартавую запраўку глебы каліем і азотам. Праз малочна-перапрацоўчае прадпрыемства «Бабушкина крынка» цэнтралізавана закупілі 170 тон насення беларускіх гібрыдаў, якія ўжо першапачаткова апрацаваны двума атручвальнікамі. За насенне гаспадаркі будуць разлічвацца малаком.

А вось Клічаўскі УКСП «Саўгас «Дабраволец» на скарачэнне плошчаў пад кукурузу не ідзе–выкарміць 10-тысячнае пагалоўе бычкоў, не лічачы малочнай вытворчасці, без кукурузнага сіласу немагчыма. З сяўбой кукурузы на 3,5 тысячы гектараў у адзін момант ніяк не справіцца, перакананы на практыцы галоўны аграном «Дабравольца» Яўген Русецкі:

– Летась да сяўбы кукурузы мы прыступілі 17 красавіка, сёлета – 27-га. Можа, і ранавата пачалі класці збожжа ў непрагрэтую глебу, але ў нас іншага выйсця няма. Гэта арганізацыйная тактыка пры такіх вялікіх аб’ёмах. 12 мая завяршылі сяўбу: 2,5 тысячы гектараў – на сілас, 1 тысячу гектараў – на зерне. Насенне мы за ўласныя сродкі закупілі добрае– і на сілас, і на збожжа сеем гібрыды імпартнай селекцыі.

У Клічаўскім раёне сеяць кукурузу пачалі не толькі ў «Дабравольцы», усе астатнія гаспадаркі таксама актыўна прыступілі да закладкі насення ў глебу. Па словах намесніка начальніка райсельгасхарча Клічаўскага райвыканкама Віталя Сіты, яшчэ тры гаспадаркі, акрамя «Дабравольца», знайшлі ўласныя рэсурсы закупіць насенне імпартных гібрыдаў кукурузы для сяўбы на збожжа – адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Максімавічы-агра», «Бацэвічы-АГРА» і УКСП «Саўгас «Ольса». Для астатніх гаспадарак па адпрацаванай схеме закупілі насенне беларускай селекцыі праз ААТ «Бабушкина крынка».

– Сяўба кукурузы ідзе ў добрым выразным тэхналагічным тэмпе ў першую чаргу таму, што ў мінулым годзе ўсе гаспадаркі ў раёне закупілі сеялкі дакладнага высеву. Ні аднаго гектара кукурузы і на сілас, і на зерне мы не сеем цяпер пасяўнымі агрэгатамі. Пад кукурузу вылучаем не менш 6,5 тысячы гектараў. Хоць мы і нарошчваем плошчы пад шматгадовыя бабовыя травы для стварэння кармавой базы, але ўсё ж накарміць жывёлу сенажом аб’ектыўна не можам. Пакуль нарошчваем сянажныя рэсурсы (летась амаль падвоілі аб’ёмы), усё роўна робім стаўку на кукурузны сілас. Галоўнае–нарыхтаваць яго якасным, з граматным выкарыстаннем кансервантаў.

У трэндзе ў аграномаў Магілёўскага раёна – таксама беларускія гібрыды кукурузы. Намеснік начальніка райсельгасхарча Магілёўскага раёна Генадзь Давыдаў удакладніў:

– У раёне завяршылі сяўбу кукурузы, прызначанай на збожжа на плошчы 5370 гектараў. Усяго пад кукурузу вылучылі 7700 гектараў. Са стартам масавай кукурузнай сяўбы мы не спяшаліся. Чым даўжэй насенне гэтай цеплалюбівых культуры праляжыць у зямлі, тым больш зніжаецца яго ўсходжасць. Але зараз дзённая выпрацоўка складае больш за тысячу гектараў. З такімі тэмпамі працы засталося менш, чым на тыдзень. Імпартныя гібрыды выкарыстоўваюць на збожжа ў ААТ «Вендараж», «Авангард», «Магілёўскі лянок», ЗАТ «Агракамбінат «Зара»і «Сервалюкс агра». Астатнія гаспадаркі атрымалі ў лік будучага малака насенне беларускай селекцыі з дапамогай цэнтралізаванай закупкі праз «Бабушкину крынку». Пры правільнай агратэхніцы вырошчвання яны даюць добрыя ўраджаі не толькі на сілас і на зялёны корм, але і на зерне.

zilmogilev.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая