RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Нагадваць аб ахове працы ніколі не позна і не празмерна –намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў

Нагадваць аб ахове працы ніколі не позна і не празмерна. Такое меркаванне выказаў у гутарцы з журналістамі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Ігар Старавойтаў. Сёння ён прымае ўдзел у рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Ахова працы –клопат агульны», якая праходзіць на пляцоўцы Беларуска-Расійскага ўніверсітэта.

«На пытанні аховы працы трэба звяртаць ўвагу пастаянна. Людзі спяшаюцца на працу штодня, і тут адбываюцца пэўныя працэсы, якія могуць нанесці шкоду іх здароўю», – адзначыў Ігар Старавойтаў.

Ён падкрэсліў, што падобныя канферэнцыі сталі традыцыйнымі, і ў большасці сваёй яны праходзяць у Магілёве. Сёлетняя – ужо сёмая. Дыялог з’яўляецца часткай тыдня нулявога траўматызму, які праходзіць па ўсёй краіне з 13 па 17 верасня. «У гэты непрацяглы перыяд мы канцэнтруем усе нашы сілы на тлумачэнне пытанняў бяспекі, глядзім, як выконваецца заканадаўства. Мэта –дасягнуць адсутнасці траўмаў на вытворчасцях у гэты тыдзень».

У сферы аховы працы шмат пытанняў, якія можна і трэба вырашаць разам, адзначыў Ігар Старавойтаў. Наймальнікі, работнікі і іх прадстаўнікі павінны працаваць у адзінай счэпцы. «Мы шмат гадоў прасоўваем гэту тэму, паколькі важна, каб не толькі наймальнік адказваў за пытанні аховы працы, але і работнікі супрацоўнічалі, праяўлялі ініцыятыву ў гэтым кірунку», – канстатаваў ён.

Правядзенне штогадовай канферэнцыі – важны момант ва ўдасканаленні падыходаў да аховы працы, упэўнены Ігар Старавойтаў. Удзельнікі з усёй рэспублікі дзеляцца тут назапашаным за год вопытам, абмяркоўваюць праблемныя пытанні, абменьваюцца станоўчымі практыкамі. Пасля гэта інфармацыя даводзіцца на месцах, выдаюцца тэматычныя матэрыялы.

У цэлым па краіне, па словах Ігара Старавойтава, фіксуецца тэндэнцыя зніжэння траўматызму на вытворчасці ў параўнанні з 2020-м. «Разлічваем на тое, што пэўныя станоўчыя тэндэнцыі захаваюцца да канца года», – падсумаваў намеснік міністра.

Дарэчы, дзякуючы намаганням усіх зацікаўленых, станоўчая дынаміка па зніжэнні ўзроўню вытворчага траўматызму захоўваецца і ў Магілёўскай вобласці. Нароўні з традыцыйнымі мерамі знаходзяць сваё прымяненне і новыя метады працы. Наяўнасць кваліфікаваных кадраў – адно з галоўных пытанняў. Таму на працягу некалькіх гадоў арганізацыі рэгіёна прымаюць новых спецыялістаў па ахове працы толькі пасля праходжання папярэдняга субяседавання і атрымання рэкамендацый Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы аб адпаведнасці ўзроўню ведаў кандыдата вакантнай пасадзе. Праца мабільных груп па аказанні практычнай і метадычнай дапамогі работнікам арганізацый Прыдняпроўскага краю набыла сістэмны характар. У абавязковым парадку вынікі іх працы разглядаюцца на пасяджэннях гаррайвыканкамаў з заслухоўваннем кіраўнікоў арганізацый. Праводзіцца вялікая інфармацыйная праца –гэта тэматычныя відэаролікі на тэлебачанні і святлодыёдных экранах, гукавыя –у транспарце, размяшчэнне матэрыялаў па ахове працы на сайтах выканкамаў.

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў аховы працы, – падкрэсліў, адкрываючы канферэнцыю, намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. – Не таму, што ёсць нейкі разрыў у зносінах. Кожны год прыносіць свае навацыі, жыццё дыктуе шэраг новых правілаў. І для магілёўцаў важна даведвацца з першых вуснаў аб новых падыходах, ідэях, якія потым транслююцца на ўсю краіну з пляцоўкі нашага рэгіёна».

У сваю чаргу, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях Алег Семянчук паведаміў, што ў эканоміцы задзейнічана 45% людзей, якія жывуць на планеце. І захаванне здароўя, жыцця кожнага адбіваецца на росце прадукцыйнасці працы, дабрабыце грамадзян, забеспячэнні стабільнасці ў нашым грамадстве. «Нарматыўна-прававая база ў краіне па гэтай тэме адпрацавана, знаходзіцца на досыць высокім узроўні, – адзначыў ён. – Але імклівыя змены і развіццё нашага грамадства, узнікненне новых працоўных, грамадскіх, вытворчых адносін, дыктуюць умовы, для якіх неабходна карэкціроўка дзеючага заканадаўства. І такія канферэнцыі, вучоба садзейнічаюць выяўленню слабых месцаў з мэтай аператыўнай іх карэкціроўкі».

Штогадовая рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Ахова працы–клопат агульны» праходзіць у Магілёве 16–17 верасня. Пытанні стварэння здаровых і бяспечных умоў працы, прафілактыкі вытворчага траўматызму на адной пляцоўцы абмяркоўваюць прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, органаў дзяржаўнага нагляду, кіраўнікі і спецыялісты па ахове працы арганізацый Рэспублікі.

За два дні канферэнцыі яе ўдзельнікі азнаёмяцца з асноўнымі напрамкамі ўдасканалення заканадаўства аб працы і аб ахове працы, абмяркуюць падрыхтаваныя змены ў Правілы расследавання і ўліку няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў, а таксама падзеляцца вопытам практычнай работы па стварэнні здаровых і бяспечных умоў працы.

Падчас канферэнцыі прадугледжана наведванне ААТ «Бабушкина крынка» з мэтай азнаямлення з вытворчымі працэсамі і арганізацыяй аховы працы на прадпрыемстве.

Ольга Емельянова, фото Галины Гаврилович

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая