Навукоўцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прыступілі да вывучэння і ацэнкі экалагічнай сітуацыі Грабянёўскага вадасховішча ў Магілёве. Пра гэта паведаміў кіраўнік МГКУП «Упраўленне камунальных прадпрыемстваў» Міхаіл Галушкоў.

«Пытанне з ачысткай Грабянёўскага вадасховішча (Святога возера) у Магілёве падымаецца ўжо не адзін год. Доўгі час гэта было ўпадабанае месца адпачынку гараджан. Аднак у апошні час экалагічная сітуацыя на возеры ідзе не самым лепшым чынам. Мы бачым негатыўную дынаміку: некалькі гадоў запар спецыялісты санстанцыі бяруць пробы вады і пасля вывучэння забараняюць тут купацца. Віной усяму, на наш погляд, тое, што практычна пасярэдзіне вадаёма знаходзіцца чаротавы востраў, дзе жыве вялікая колькасць чаек, – расказаў Міхаіл Галушкоў. – Вядома, можна было распрацаваць праект па ачыстцы возера ад чароту і трыснягу. Але перш чым пачынаць працы, мы вырашылі дасканала вывучыць пытанне. Таму сёння да нас прыбыла дэлегацыя вучоных з навукова-даследчай лабараторыі экалогіі ландшафтаў БДУ. Яны дадуць ацэнку сучаснаму стану вадасховішча і распрацуюць рэкамендацыі па яго ачыстцы».

Па словах кіраўніка УКП, галоўная мэта навукоўцаў – дапамагчы вызначыць, якія менавіта віды работ неабходна праводзіць. «Ачыстка вадаёма – вельмі дарагая і доўгая працэдура. Акрамя ўборкі чароту і трыснягу, неабходна прывесці ў парадак дно. Для гэтага таксама неабходна яго вывучыць: ці ёсць магчымасць выкарыстоўваць глей са дна Грабянёўскага вадасховішча ў сельскагаспадарчых мэтах, – адзначыў Міхаіл Галушкоў. – Сёння прадстаўнікі БДУ паказалі нам карты 1936 і 1978 гадоў. На першай бачна, што на месцы, дзе ў нас сёння возера, была забалочаная мясцовасць, на якой ішла распрацоўка тарфяных радовішчаў, побач знаходзілася адпаведнае прадпрыемства. На больш позняй карце ўжо ёсць вадаём. Супрацоўнікі лабараторыі таксама запатрабавалі ў нас вынікі даследавання вады ў вадасховішчы на працягу ўсяго часу, колькі яго назіралі спецыялісты санстанцыі. Яны падрабязна ўсё вывучаць і дапамогуць нам даведацца, па якой прычыне тут ідзе перавышэнне па розных паказчыках: ці ўплывае на стан вады размешчаны побач прыватны сектар, прамысловыя прадпрыемствы, дарога ці ж прычына ў працэсах, якія адбываюцца ўнутры возера».

Навукоўцы БДУ над вывучэннем Грабянёўскага вадасховішча будуць працаваць на працягу двух месяцаў. Пасля распрацоўкі ўсіх рэкамендацый тут плануюць пачаць ачыстку вадаёма.

БЕЛТА