RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Найбуйнейшыя прадпрыемствы Магілёўскай вобласці масава вакцынуюць сваіх супрацоўнікаў

Масавая вакцынацыя ад COVID-19 паступова выходзіць на новы ўзровень. Калі ўчора прышчэпку рабілі ў асноўным людзям з групы рызыкі –медыкам, педагогам, пенсіянерам, то сёння яна даступная ўсім жадаючым. На вакцынацыю запісваюцца цэлымі калектывамі! ААТ «Бабушкина крынка» адным з першых у Магілёве арганізавала такую магчымасць для сваіх супрацоўнікаў. Працэдуру работнікі праходзяць у гарадской паліклініцы № 6.

Без пабочных эфектаў

...Сёння ў аддзяленні дзённага знаходжання шостай магілёўскай паліклінікі некалькі іншае прызначэнне. Тут прапісаўся прышчэпачны пункт, прычым заняў адразу некалькі кабінетаў. Перш чым патрапіць туды, пацыенту трэба будзе прайсці папярэдні агляд урача, падчас якога памераюць тэмпературу, ціск, пульс, сатурацыю, папросяць адказаць на пытанні аб хранічных і іншых захворваннях. Усё гэта, падкрэсліваюць медыкі, не галачкі дзеля: у справе вакцынацыі дробязей не бывае. Ад здароўя і самаадчування чалавека шмат у чым залежыць і вынік працэдуры.

Сярод тых, хто рыхтаваўся зайсці ў працэдурны кабінет, у асноўным супрацоўнікі ААТ «Бабушкина крынка». Вядучы ветурач Васіль Арлоў прызнаўся, што прыйшоў ужо па другі кампанент. Першы ўкол перанёс лёгка. Разлічвае, што і другі этап вакцынацыі пройдзе бязбольна. Не ў навінку працэс і для цесляра Дзмітрыя Гаравога. Ён прызнаўся, што рады магчымасці прышчапіцца. Гэта рэальны шанец вяртання да ранейшага жыцця, вольных зносінаў з сябрамі і калегамі. Начальнік службы эканамічнай бяспекі Вячаслаў Балашэнка таксама трапіў у адну з першых груп калектыву, якія пачатковы этап вакцынацыі прайшлі яшчэ ў красавіку. Ён адзначыў, што тады адчуў толькі сам укол:

– Некаторыя з калегаў казалі, што ў іх падымалася тэмпература, нямела рука або з’яўлялася пачырваненне, але асабіста я нічога такога не адчуў. І літаральна на наступны пасля вакцынацыі дзень выйшаў на працу.

Укалоцца і адпачыць

Намеснік генеральнага дырэктара «Бабушкиной крынки» Святлана Сташэўская адзначыла: перш чым прыступіць да вакцынацыі, прадпрыемства арганізавала для работнікаў сустрэчы з урачамі з магілёўскіх абласнога і занальнага цэнтраў гігіены і грамадскага здароўя вочна і ў рэжыме анлайн. Медыкі расказалі пра перавагі такой працэдуры, адказалі на зададзеныя пытанні. Графік вакцынацыі склалі так, каб было зручна кожнаму з супрацоўнікаў:

– Да паліклінікі людзей падвозяць групамі да вызначанага, раней прызначанага часу, каб яны не стаялі ў чарзе. Пачалася вакцынацыя на нашым прадпрыемстве 20 красавіка, а ў філіяле ў Быхаве і таго раней – 14 красавіка. Усяго прышчапіліся больш за 250 чалавек, і гэты працэс працягваецца.

Намесніца галоўнага ўрача Таццяна Кандакова ўдакладніла, што працэс вакцынацыі ў паліклініцы № 6 стартаваў у студзені. Жадаючых абараніцца ад каранавіруса з дапамогай вакцыны шмат:

– Сёння ў лісце чакання –850 чалавек. Звыш тысячы ўжо завяршылі поўны курс вакцынацыі. Запрашаем пацыентаў да вызначанага часу – так, каб не было цісканіны. Пасля працэдуры ў іх ёсць магчымасць адпачыць, у тым ліку (пры жаданні) прылегчы на кушэтку.

Шанец для кожнага

Медсястра Алена Скамейка расказала, што за дзень у сярэднім сто і больш чалавек робяць прышчэпкі. Сярод пацыентаў нямала пажылых. Самаму старэйшаму з іх 88 гадоў. Медперсанал клінікі вакцынаваў таксама сваіх калег з магілёўскіх анкадыспансера і бальніцы № 1, педагогаў школ. Медыкаў і настаўнікаў, якія па розных прычынах не змаглі прышчапіцца са сваімі калектывамі, прымаюць і сёння. «Працэс, – сцвярджае Таццяна Анатольеўна,– адладжаны да драбнюткіх дэталяў. Звесткі аб праведзенай вакцынацыі пацыентаў, якія тэрытарыяльна да нас не адносяцца, перадаем у паліклінікі па месцы жыхарства». Свае супрацоўнікі, зразумела, таксама вакцынаваныя, так што пры неабходнасці могуць расказаць асабліва ўсхваляваным грамадзянам, што гэта зусім не страшна.

Галоўны ўрач Магілёўскай цэнтральнай паліклінікі Аляксандр Басенка канстатаваў, што напярэдадні вакцынацыі праведзена вялікая падрыхтоўчая работа з насельніцтвам:

– Мы выступалі на старонках газет, па тэлебачанні, у калектывах –усё для таго, каб як мага лепш растлумачыць людзям, што такое вакцынацыя і навошта яна патрэбная. Як вядома, любую хваробу лепш папярэдзіць, чым потым лячыць. Нашы аргументы былі пачутыя: сёння жадаючыя прышчапіцца запісваюцца ў чаргу.

Загадчык аддзела грамадскага здароўя Магілёўскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Наталля Петэрсан таксама ўпэўненая, што вакцынацыя –гэта шанец застацца здаровым або перахварэць у лёгкай форме. І грэбаваць ім нельга. «Часам, – адзначыла Наталля Петэрсан,– з-за недахопу інфармацыі ці нават фэйкаў людзі не вырашаюцца на такі крок. І ім даводзіцца нагадваць, што менавіта дзякуючы своечасовым і масавым прышчэпкам да мінімуму скараціліся такія сур’ёзныя інфекцыі, як поліеміэліт, востры гепатыт В, сухоты і многія іншыя». Масавая вакцынацыя ад COVID-19 таксама дазволіць забыцца пра страх заразіцца самому або заразіць родных і знаёмых. І жыць такім жа паўнавартасным жыццём, як і раней.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая