RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Па кім гудуць званы Хатыні... 22 сакавіка спаўняецца 81 год з дня Хатынскай трагедыі

 У Беларусі сёння аддаюць даніну памяці ахвярам вёскі Хатынь, якая была спалена фашыстамі 81 год таму - 22 сакавіка 1943 года. Успамінаючы Хатынь, беларусы ўспамінаюць тысячы іншых беларускіх вёсак, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вёску Хатынь гітлераўцы спалілі разам са 149 жыхарамі, з якіх 75 дзяцей. Ні ў чым не вінаватым людзям з вёскі фашысты вынеслі смяротны прыгавор. З дамоў у вёсцы гітлераўцы выгналі старых, дзяцей, жанчын і мужчын. Хворых і слабых падштурхвалі прыкладамі. Усіх сагналі ў гумно на ўскраіне, у якім некалі захоўвалася сена. Дарослыя як маглі супакойвалі дзяцей, але трывога з кожнай хвілінай усё мацней ахоплівала іх. Зачыненыя ўнутры, яны не ведалі, што рабілася звонку.

У гэты час некалькі салдат абкладвалі сцены гумна саломай, лілі бензін і палілі запалкі. Драўлянае гумно імгненна загарэлася. У дыме задыхаліся і плакалі дзеці. Дарослыя спрабавалі выратаваць дзяцей. Пад націскам дзясяткаў чалавечых цел не вытрымалі і абваліліся дзверы. У палаючым адзенні, ахопленыя жахам, людзі кінуліся ўцякаць, але тых, хто вырываўся з полымя, фашысты абыякава расстрэльвалі з аўтаматаў і кулямётаў.

На месцы вёскі ў памяць аб загінулых быў створаны мемарыяльны комплекс «Хатынь». Рашэнне аб будаўніцтве мемарыяла было прынята ў 1966 годзе. Урачыстае адкрыццё комплексу адбылося 5 ліпеня 1969 года.

Тэматычна хатынскі мемарыял складаецца з некалькіх частак, але мае адзінае кампазіцыйнае рашэнне, якое паўтарае планіроўку былой вёскі. У цэнтры - бронзавая скульптура «Няскоранага чалавека», побач - сімвалічны дах гумна, у якім жывымі спалілі людзей. На брацкай магіле – «Вянок Памяці». На месцы кожнага з 26 спаленых дамоў - помнік-зруб з абеліскам у выглядзе пячнай трубы, на якім знаходзіцца мемарыяльная дошка з імёнамі загінулых жыхароў дома. Абеліскі ўвянчаны званамі.

На тэрыторыі комплексу знаходзяцца адзіныя ў свеце «Могілкі вёсак»: 185 урнаў з зямлёй з вёсак, спаленых разам з жыхарамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але так і не адноўленых.

Яшчэ адзін мемарыяльны элемент хатынскага комплексу – «Дрэва жыцця», на галінах якога ў алфавітным парадку пералічаны назвы 433 беларускіх вёсак, спаленых акупантамі разам з жыхарамі, але адноўленых пасля вайны. На мемарыяльнай «Сцяне памяці» ўстаноўлены пліты з назвамі 260 лагераў смерці і месцаў, дзе фашысты масава знішчалі на тэрыторыі Беларусі людзей. У памяць аб загінулых гарыць Вечны агонь.

У 2004 годзе, да 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі была праведзена рэканструкцыя дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Рэканструкцыя была завершана да 25 чэрвеня 2004 года.

18 сакавіка 2023 года на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Хатынь» адбылася цырымонія асвячэння царквы Раства Прасвятой Багародзіцы, адноўленай па ўзоры таго храма, які быў тут раней. Пабудаваць копію царквы ўдалося дзякуючы таму, што ў Нацыянальным гістарычным архіве захаваліся апісанні хатынскага храма канца XVIII стагоддзя.

У дзень 80-й гадавіны трагедыі вёскі Хатынь, 22 сакавіка 2023 года, у мемарыяльным комплексе адбылося адкрыццё экспазіцыі новага Музея памяці ахвяр беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

У 2023 годзе мемарыяльны комплекс «Хатынь» наведалі больш за 500 тыс. чалавек.

Трагедыя Хатыні - не выпадковы эпізод вайны, а адзін з тысячы фактаў, якія сведчаць аб мэтанакіраванай палітыцы генацыду гітлераўскай Германіі ў адносінах да насельніцтва Беларусі. 8 лютага 2024 года ў Беларусі пачаўся судовы працэс па справе Уладзіміра Катрука, вядомага як кат Хатыні. Восенню 1941 года ён добраахвотна ўступіў у арганізацыю ўкраінскіх нацыяналістаў, а потым (не пазней за студзень 1943 года) увайшоў у склад узброенай арганізаванай злачыннай групы - 118-га батальёна ахоўнай паліцыі. Сумесна з іншымі карнікамі, з'яўляючыся камандзірам аддзялення, ён рэалізоўваў агульную з нацысцкімі злачынцамі мэту планамернага знішчэння беларускага народа шляхам забойстваў, пазбаўлення людзей жылля, адзення і прадуктаў харчавання. Катруку ўдалося пазбегнуць адказнасці. Ён скрыўся ад правасуддзя і пражываў у Канадзе да сваёй смерці. 18 сакавіка 2024 года Вярхоўны Суд Беларусі прызнаў Уладзіміра Катрука вінаватым ва ўчыненні генацыду, гэта значыць злачынстве, прадугледжаным арт.127 КК. У адносінах да яго быў вынесены абвінаваўчы прыгавор без назначэння пакарання.

У гісторыі беларускага правасуддзя такі працэс праводзіўся ўпершыню. Паводле слоў намесніка генеральнага пракурора Аляксея Стука, яго значэнне заключаецца ў захаванні памяці аб подзвігу і ахвярах беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, аднаўленні гістарычнай справядлівасці і забеспячэнні прынцыпу няўхільнасці пакарання. Ён падкрэсліў, што гэта першае судовае рашэнне, але не апошняе. У бліжэйшы час у суды Беларусі будуць накіраваны і іншыя справы такой катэгорыі.

Комплекс «Хатынь» уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Сюды едуць людзі з розных краін, каб аддаць даніну памяці ўсім загінулым у полымі ваеннага ліхалецця беларусам. Хатынь назаўсёды застанецца страшным сімвалам тысяч беларускіх вёсак, знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Званы Хатыні - гэта памяць і перасцярога ўсяму свету аб тым, што бяда, якая здарылася тут, больш ніколі не павінна паўтарыцца.

БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая