RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Падрыхтоўка валанцёраў, развіццё фандрайзінгу, стварэнне крызіснага цэнтра - у абласной арганізацыі БТЧК падвялі вынікі 2022 года і падзяліліся бягучымі планамі

Пасяджэнне прэзідыума абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа па выніках 2022 года адбылося 10 лютага ў Магілёўскім аблвыканкаме ў фармаце відэаканферэнцыі. Удзел у ім узялі намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка, першы намеснік Генеральнага сакратара БТЧК Іна Лемяшэўская, намеснікі старшынь гаррайвыканкамаў, кіраўнікі структурных падраздзяленняў абласнога і гаррайвыканкамаў, старшыні прэзідыумаў раённых арганізацый БТЧК, прадстаўнікі духавенства, МНС, РАУС і інш.

У Магілёўскай вобласці шмат зроблена па ўмацаванні і далейшым удасканаленні міжнароднага руху Чырвонага Крыжа. Развіта арганізацыйная структура, прадстаўленая абласной арганізацыяй і 35 раённымі. Забяспечаны высокі ахоп членствам - мэты і задачы аб'яднання падзяляюць больш за 198 тыс. жыхароў вобласці.

Як адзначыў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БТЧК Андрэй Мартыноўскі, аб'яднанне ў 2022 годзе паспяхова спраўлялася са сваёй місіяй па паляпшэнню жыцця і здароўя ўразлівых катэгорый грамадзян, а таксама прасоўвала шэраг важных напрамкаў дзейнасці, пэўных стратэгій БТЧК да 2026 года. У іх ліку - медыка-сацыяльная дапамога і догляд дома, падрыхтоўка і рэагаванне на крызісныя і надзвычайныя сітуацыі, прафілактычная работа, распаўсюджванне ведаў аб міжнародным руху Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, аб міжнародным гуманітарным праве, развіццё валанцёрства.

«Адным з прыярытэтных напрамкаў МГА БТЧК і яе медыка-сацыяльнай службы «Дапамога» з'яўляецца аказанне медыка-сацыяльнай дапамогі. Так, на сёння аб'яднанне дапамагае 66 пажылым адзінокім грамадзянам, якія маюць патрэбу ў пастаянным староннім доглядзе. Працягнем развіваць гэты напрамак і надалей», – падкрэсліў Андрэй Мартыноўскі.

Яшчэ адзін з найважнейшых напрамкаў абласнога аб'яднання - валанцёрская дзейнасць. «Паспяхова функцыянавала і была забяспечана гатоўнасць да працы нашай каманды рэагавання на НС, якая, што прыемна, прырасла ў колькасці і на дадзены момант уключае 24 чалавекі, – працягнуў ён. - Мы працавалі на сістэмнай аснове па падрыхтоўцы валанцёраў па розных напрамках: аказанні першай дапамогі, псіхасацыяльнай падтрымкі, рэагаванню на надзвычайныя і крызісныя сітуацыі. Плануем і ў далейшым удзяляць значную ўвагу якаснай падрыхтоўцы валанцёраў нашай каманды, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы і, вядома ж, паглыбленню нашага партнёрскага ўзаемадзеяння з абласным упраўленнем па НС.

Валанцёры - гэта наш залаты фонд, бясцэнны рэсурс, без якога немагчыма эфектыўна вырашаць задачы, якія стаяць перад арганізацыяй. Цяпер, што прыемна адзначыць, колькасць валанцёраў павялічваецца. На сёння гэта каля 2 тыс. чалавек. Мы працуем з імі, матывуем, навучаем, развіваем па напрамках. Прыемна, што ў 2022 годзе ў цэлым БТЧК і наша абласная арганізацыя эфектыўна адказвала на новыя сучасныя выклікі па аказанні дапамогі вымушаным мігрантам з тэрыторыі Украіны. На дадзены момант дапамога аказана 266 людзям, з якіх 56 - дзеці. Падаем ім дапамогу ў выглядзе харчовых набораў, гігіенічных сродкаў, аказваем псіхасацыяльную падтрымку, дапамагаем у аднаўленні сямейных сувязяў. І, канешне, тым з іх, хто бачыць сваю будучыню ў нашай краіне, дапамагаем інтэгравацца ў наша грамадства, знайсці жыллё, працу і ствараем усе неабходныя ўмовы для далейшай сацыялізацыі».

Сёння Чырвоны Крыж на Магілёўшчыне - адна з самых масавых і вядомых грамадскіх арганізацый, якая робіць шмат па абароне і паляпшэнню жыцця грамадзян, што апынуліся ў складанай сітуацыі. Арыенцірам у дзейнасці з'яўляюцца запыты таварыства па аказанні дапамогі пажылым, інвалідам, шматдзетным, дзецям-сіротам, мігрантам. Важнай умовай выканання пастаўленых задач было паспяховае ўзаемадзеянне з органамі выканаўчай улады, адміністрацыямі навучальных устаноў, сацслужбаў, іншымі грамадскімі аб'яднаннямі.

«У мінулым 2022 годзе была забяспечана фінансавая ўстойлівасць арганізацыі - план па перыядычных членскіх узносах быў выкананы на 107,3%. Ажыццяўляўся пастаянны дынамічны кантроль за мэтавым расходаваннем сродкаў, - падкрэсліў старшыня МГА БТЧК. - Таксама варта адзначыць, што актыўна вялася праца па фандрайзінгу - прыцягненню спонсарскіх сродкаў на сацыяльна-значныя праекты. У цэлым, у мінулым годзе павялічыліся ахвяраванні ад насельніцтва, спонсарская дапамога. Сума ахвяраванняў склала звыш Br37 тыс. І ў нас тут ёсць рэзервы - стаіць задача развіваць такія крыніцы фінансавання, як дзяржсацзаказ, спонсарская і дапамога міжнародных партнёраў».

Андрэй Мартыноўскі падкрэсліў асаблівую значнасць спонсарскай дапамогі, у прыватнасці, у час рэалізацыі важных праектаў, такіх, напрыклад, як стварэнне крызіснага цэнтра для мігрантаў.

«Мы накіраваныя прыкласці усе намаганні на арганізацыю яго працы. Пачаты ўжо пэўныя рамонтныя работы. У першым паўгоддзі маюць намер завяршыць іх і напоўніць цэнтр змесцівам. На яго базе плануем развіць шэраг сэрвісаў па аказанні канкрэтнай дапамогі ўразлівым катэгорыям грамадзян, - падзяліўся планамі ён. - Так, ёсць мэта запусціць там інфармацыйны цэнтр для мігрантаў, навучальны цэнтр для іх дзяцей, цэнтр прыёму і выдачы гуманітарнай дапамогі, пракату сродкаў рэабілітацыі для насельніцтва, банк адзення, абутку і запасу прадуктаў. Разглядаецца магчымасць сумеснага з епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы стварэння дабрачыннага буфета».

Падзяліўся старшыня МГА БТЧК і іншымі планамі на 2023 год: «Будзем працаваць над павышэннем якасці падрыхтоўкі кадраў, умацоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу, развіваць інтэграваны падыход па аказанні медыка-сацыяльнай дапамогі. Пры магчымасці павялічым колькасць пасад як за кошт уласных сродкаў, так на падставе дагавораў дзяржаўнага сацыяльнага заказу на гэты від дапамогі. Звярнем увагу на развіццё валанцёрскіх ініцыятыў».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая