RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў правёў прыём грамадзян у Слаўгарадскім райвыканкаме

Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Максім Рыжанкоў правёў асабісты прыём грамадзян у Слаўгарадскім райвыканкаме. Пытанні, з якімі звярталіся жыхары не толькі Слаўгарадскага, але і Магілёўскага і Бялыніцкага раёнаў, тычыліся жыллёвых праблем, добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый, арганізацыі пад’язных шляхоў, пенсійнага забеспячэння. Усяго на прыём звярнулася 7 чалавек.

Ад імя жыхароў васьмікватэрнага дома ў Слаўгарадзе прыйшла Валянціна Чупрыкава. Некалькі гадоў таму яна пераехала з вёскі ў раённы цэнтр, дзе набыла сабе кватэру. У гэтым годзе дом прызнаны непрыдатным для пражывання. Заяўніца ў курсе, што цяпер вырашаецца пытанне або аб зносе старых пабудоў і прадастаўленні арэнднага жылля, або аб правядзенні капітальнага рамонту. Гаворыць, што жыхароў больш задавальняе варыянт рамонту. Так не спатрэбіцца пераезд, не губляецца права ўласнасці на жылплошчу.

Старшыня Слаўгарадскага райвыканкама Сяргей Міхалюта растлумачыў, што экспертыза сапраўды паказала: гэты і яшчэ два іншыя дамы – усяго на 40 кватэр – аварыйныя. Калі вырашаць пытанне на карысць зносу, тады уласнікам кватэр неабходна выплаціць кампенсацыю і рассяліць ў арэндныя кватэры. Калі ж займацца рамонтам, кошт аднаго квадратнага метра складзе каля 1400 рублёў. У агульным капрамонт трох дамоў абыдзецца ў 2 мільёны рублёў. Трэба будзе замяніць перакрыцце, дах, умацаваць падмурак. Зразумела, што варыянт таксама нятанны.

– Каля 60 жыхароў – гэта ўсё нашы грамадзяне, таму трэба прыслухоўвацца да іх жаданняў. Да таго ж, калі пралічыць кампенсацыю кожнаму, а таксама кошт арэнднага жылля, наўрад ці гэта атрымаецца танней за рамонт. Ужо цяпер трэба адшукаць сродкі з абласнога бюджэту, каб за летні перыяд паспець зрабіць рэканструкцыю, – адзначыў Максім Рыжанкоў.

Жыхарка Бялыніцкага раёна Ала Марозава прыйшла з набалелым пытаннем. У дрэннае надвор’е на яе зямельны ўчастак пастаянна трапляе пясок з дарогі. Заяўніца скардзіцца, што гэта стварае нязручнасці: немагчыма прайсці да дома. Максім Рыжанкоў паабяцаў разабрацца ў пытанні і ў найбліжэйшы час асабіста азнаёміцца з сітуацыяй:

– У кабінеце мы гэтую праблему не вырашым. Мне трэба ўсё ўбачыць самому.

Муж і жонка з аграгарадка Буйнічы Магілёўскага раёна даўно не могуць вырашыць праблему з пад’ездам да дома. З-за таго, што ў свой час суседзі вынеслі плот, дарога стала вельмі вузкай. Гэта ўскладняе праезд машын, а спецыяльнай тэхнікі – «хуткай дапамогі», пажарнай службы – тым больш. Максім Рыжанкоў паабяцаў дэталёва вывучыць праблему.

Нэля Шаеўская са Слаўгарада – старшыня маладзёжнага жыллёва-будаўнічага кааператыва на 40 кватэр. Звярнулася з пытаннем асфальтавання дваровай тэрыторыі. Праблема ў тым, што яна даволі вялікая. Таму на агульным сходзе было разгледжана пытанне аб памяншэнні плошчы дваровай тэрыторыі. Праваўстанаўлівальныя дакументы ўжо гатовыя, але фінансавання на добраўпарадкаванне няма. Цікавіцца, як вырашыць пытанне ў найбліжэйшы час. Старшыня Слаўгарадскага райвыканкама растлумачыў, што, як толькі вясной установіцца спрыяльнае надвор’е, участак будзе заасфальтаваны:

– Можаце абвясціць гэта на сходзе.

З праблемай жыхаркі райцэнтра Алены Баценка Максім Рыжанкоў пазнаёміўся асабіста. Справа ў тым, што ў свой час пасля куплі дома яна зрабіла падсыпку прыдамавой тэрыторыі. Але ў дажджлівае надвор’е вада не сцякала, таму УКП «Жылкамгас» пракапаў водаадводную канаву. Зараз яна перашкаджае праезду машыны ў двор. Паколькі гэта тэрыторыя агульнага карыстання, падсыпаць яму гаспадыня пакуль не можа. У райвыканкаме параілі спачатку аформіць усе праваўстанаўлівальныя дакументы.

СБ

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая