RU BY EN 中文
Twitter Instagram

РЭПАРТАЖ: зладжанасць людзей, строгая тэхналогія і падтрымка дзяржавы – залог поспеху аграрыяў Магілёўскай вобласці

Вынікі ўборачнай кампаніі Магілёўскай вобласці сёлета паказалі, што пры граматных падыходах, адказнай працы і выкананні ўсіх неабходных тэхналогій можна атрымаць высокі ўраджай. Каравай рэгіёна склаў больш за 1 млн т збожжа. А Магілёўскі, Шклоўскі і Горацкі раёны перасягнулі статысячную мяжу. Карэспандэнты адправіліся ў Магілёўскі раён, каб даведацца, у чым сакрэт поспеху найлепшых сельскагаспадарчых прадпрыемстваў краю.

У Магілёўскім раёне землі сельскагаспадарчага прызначэння займаюць больш за 95 тыс. га. Тут налічваецца 15 сельгасарганізацый, якія вядуць сваю дзейнасць на больш чым 77 тыс. га ворных зямель. Сёлета ў абласных спаборніцтвах па ўборцы ўраджаю «Дажынкі-2020» Магілёўскі раён заняў першае месца – валавы збор збожжавых і зернебабовых склаў 135,7 тыс. т пры сярэдняй ураджайнасці амаль 43 ц/га.

«Гэта амаль на 40%, або на 12 ц/га, вышэй за паказчыкі мінулага года, – адзначыў першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага райвыканкама Аляксей Шуплякоў. – Своечасовая і якасная ўборка ўраджаю дазволілі раёну на 100% выканаць дзяржзаказ па пастаўцы харчовага збожжа – на хлебапрыёмныя прадпрыемствы яго адпраўлена 7 тыс. т.».

«У 2019 годзе мы пасеялі на 4 тыс. га больш азімых культур, чым у 2018-м, на 30% больш унеслі мінеральных угнаенняў. Акрамя гэтага, зіма выдалася спрыяльнай для нашых культур, мы практычна нічога не страцілі, – растлумачыў Аляксей Шуплякоў. – Рашэнне сеяць больш азімых было абгрунтаваным. Клімат у нас мяняецца, а гэта дыктуе пошукі новых падыходаў у раслінаводстве. Азімыя добра зарэкамендавалі сябе: зімой практычна нічога не загінула, а да чэрвеньскай засухі гэтыя культуры былі ўжо паспелымі, адсутнасць дажджоў не сапсавала ўраджай. Пасеяўшы больш азімых, мы падстрахавалі сябе, звёўшы да мінімуму ўсе рызыкі».

Але мала толькі правесці сяўбу і арганізаваць добры догляд раслін. Не менш важна правільна і своечасова сабраць ураджай. Сёлета ў раёне з’явілася 25 новых збожжаўборачных камбайнаў – іх набылі пры дапамозе Магілёўскага аблвыканкама. Тэхніка адразу ж уключылася ва ўборку.

Паводле слоў Аляксея Шуплякова, галоўны ўклад у агульны каравай зрабілі людзі, якія працавалі ў палях. «Цяпер на сельгаспрадпрыемствах нашага раёна працуе 5,8 тыс. чалавек. Граматныя падыходы да працы, захаванне ўсіх тэхналагічных працэсаў, уменне хутка рэагаваць на зменлівыя ўмовы – толькі так можна прыйсці да добрага ўраджаю. У пасяўную энерганасычаная тэхніка працавала кругласутачна, ва ўборачную кампанію людзі выходзілі на палі ранняй раніцай і працавалі дапазна, – падзяліўся Аляксей Шуплякоў. – Нягледзячы на выклікі (каранавірусная інфекцыя, капрызы надвор’я і іншае), з пастаўленай задачай справіліся. Мы разлічвалі на такі высокі вынік. Дзякуючы аблвыканкаму былі забяспечаны палівам, своечасова паступалі ўгнаенні. Усё гэта палегчыла працу аграрыяў».

Высокіх паказчыкаў у вытворчасці збожжавых культур дасягнулі працоўныя калектывы сельгасарганізацый Магілёўскага раёна. Сярод іх – ЗАТ «Сервалюкс Агра» – адно з найбуйнейшых сельгаспрадпрыемстваў поўнага цыкла ў рэгіёне. Тут сабралі амаль 12 тыс. т збожжавых. Акцыянеры занялі другое месца ў абласным спаборніцтве.

«У дасягненні высокіх вынікаў у сферы сельскай гаспадаркі важным складнікам з’яўляецца тэхніка. Яна павінна быць у спраўным стане, каб падчас працы не прыносіць якіх-небудзь непрыемных сюрпрызаў, – адзначыў намеснік дырэктара па аддзяленні «Гуслішчы» ЗАТ «Сервалюкс Агра» Аляксей Дземідзенка. – Неабходна ўсё рабіць у тэрмін: своечасова сеяць і апрацоўваць расліны, рамантаваць машыны, прыбіраць ўраджай. Сельская гаспадарка не даруе памылак».

Як адзначыў Аляксей Дземідзенка, у сельскай гаспадарцы надзвычай важна выконваць тэхналогіі. Гэта тычыцца і апрацоўкі пасеваў. «Адзін дзень пратэрміноўкі – і мы губляем не толькі грошы, але і частку будучага ўраджаю. Хімічная апрацоўка раслін – досыць дарагая працэдура. І выпускаць тут нічога нельга. Таму што не толькі надвор’е здольнае нанесці шкоду пасевам, але і шкоднікі», – адзначыў намеснік дырэктара.

На палях аддзялення «Гуслішчы» ўраджайнасць склала 40,6 ц/га. Пшаніца займае тут 90% плошчаў. Азімае – сеецца амаль на 2 тыс. га, 750 га займае яравое. У аддзяленні працуе 35 чалавек, а ўсяго ў «Сервалюкс Агра» – больш за 2,5 тыс. чалавек. «ЗАТ мае звыш 5 тыс. га зямлі. Але яе плошчы з кожным годам прырастаюць, таму мы будзем ставіць на наступны год больш высокія мэты», – адзначыў Аляксей Дзямідзенка.

«У нас ёсць землі, якія пацярпелі ад выбуху Чарнобыльскай АЭС. У іх – высокае ўтрыманне радыенуклідаў, таму для іх апрацоўкі па спецыяльнай дзяржаўнай праграме вылучаецца фосфар і калій. Яны дазваляюць мінімізаваць колькасць радыенуклідаў у прадукцыі. Па гэтай праграме праводзіцца вапнаванне зямлі – кальцый дапамагае блакаваць шкодныя часціцы. Прадастаўляюцца спецыяльныя траншы па паліве. Мы цалкам забяспечаны неабходным. Застаецца толькі працаваць на сумленне», – падкрэсліў Аляксей Дземідзенка.

«Кожнае сельгаспрадпрыемства павінна задаваць сабе планку, ніжэй за якую нельга апускацца. Гэта трэба для таго, каб працягваць вырошчваць высокі ўраджай і не спыняцца ў развіцці, бо ад поспехаў сельскай гаспадаркі залежыць дабрабыт усіх жыхароў нашага раёна», – падкрэсліў Аляксей Дзямідзенка.

Абсалютны пераможца абласнога спаборніцтва па выніках уборачнай – ЗАТ «Агракамбінат “Зара”» Магілёўскага раёна. Яго ўклад у агульную скарбонку склаў амаль 27 тыс. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 64,7 ц/га. На сённяшні дзень у прадпрыемства – больш за 7, 8 тыс. га зямлі, з якіх каля 7 тыс. га раллі. Тут працуе амаль тысяча чалавек. Карэспандэнты адправіліся да генеральнага дырэктара агракамбіната Кацярыны Зароўскай, каб даведацца, як праходзіла ўборачная кампанія сёлета.

«Наша прадпрыемства мае замкнёны цыкл вытворчасці. Мы пачынаем з зямлі! Самі вырошчваем збожжа, перапрацоўваем яго на ўласным камбікормавым заводзе, дзе штомесяц вырабляем каля 4 тыс. т розных відаў камбікармоў. Усё гэта выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі, У нас ёсць усе тры галіны: птушкагадоўля, свінагадоўля і буйная рагатая жывёла. Ёсць малочны і мясны напрамкі. Мяса вырашчаных жывёл перапрацоўваем на ўласным мінімясакамбінаце і рэалізуем праз сваю фірмовую гандлёвую сетку, – распавяла Кацярына Зароўская. – Для забеспячэння паспяховай працы ўсіх галін у першую чаргу трэба выконваць тэхналагічныя патрабаванні і тэрміны па вытворчасці прадукцыі раслінаводства, нарыхтоўваць збожжа пад поўную патрэбу. І сёлета мы з пастаўленымі задачамі справіліся. Вельмі важна тое, што на нашым прадпрыемстве працуе каманда моцных і прафесійных спецыялістаў».

Паводле слоў Кацярыны Зароўскай, усе тыя, хто ўдзельнічае ў вытворчасці прадукцыі раслінаводства, выдатна ведаюць сваю працу і добрасумленна ставяцца да выканання сваіх абавязкаў.

«Нашы спецыялісты ведаюць, што трэба сеяць, як і дзе гэта зрабіць. Граматна працуюць з хіміяй і мінеральнымі ўгнаеннямі. Прадпрыемства штогод забяспечвае сябе на 100% азотам, фосфарам і каліем. Своечасова праводзім пасяўную, правільна ўсё прыбіраем – так і атрымліваюцца высокія вынікі», – адзначыла кіраўнік.

Вынікі гэтай уборачнай кампаніі значна перавысілі паказчыкі мінулага года. Зараз на палях прадпрыемства працягваецца ўборка кукурузы. «Кукуруза сёлета таксама добра сябе зарэкамендавала. Мы выкарыстоўваем нямецкія гатункі, падбіраем так, каб было як мага больш вільгацеаддачы, таму што пасля мы яе сушым і выкарыстоўваем у вытворчасці камбікорму для куранят бройлераў. Гэта дазваляе паменшыць сабекошт, замяніць імпартны бялок», – растлумачыла Кацярына Зароўская.

У планах на будучы год – павялічыць плошчы пасеву кукурузы. «Мяркуючы па сённяшняй тэндэнцыі, соевы і сланечнікавы шроты будуць і далей расці ў кошце. А гэта незаменны бялок, які нельга цалкам выключаць з рацыёну птушкі і буйной рагатай жывёлы, яго толькі нямногае можа замяніць. І гэта кукуруза. Нам трэба толькі для адной птушкагадоўлі каля 3 тыс. т гэтага збожжа. Аб’ёмы вялікія, таму будзем мабілізоўваць сілы і сродкі. Тым больш што ў наступным годзе плануецца павелічэнне плошчаў нашага прадпрыемства», – падкрэсліла гендырэктар.

З планаў на будучыню – замена тэхнікі на больш сучасную і прадукцыйную. Так, прадпрыемства мае намер закупіць яшчэ два айчынныя камбайны. Акрамя таго, яно плануе пераходзіць на безадвальную апрацоўку глебы. Для гэтага набываецца энерганасычаная і спецыялізаваная тэхніка. «Меры, якія прымаюцца, дазволяць павялічыць прадукцыйнасць працы і знізіць выдаткі», – падзялілася разлікамі Кацярына Зароўская.

Паводле яе пераканання, сакрэт паспяховай працы прадпрыемства, асабліва ў сельскай гаспадарцы, – гэта надзейны і адказны калектыў. “Калі калектыў працуе зладжана, людзі адчуваюць адзін аднаго і разумеюць – будзе выдатны вынік. Кожны работнік ведае, што ад яго залежыць, якім будзе наш агульны каравай», – падкрэсліла генеральны дырэктар.

Анастасiя Гузоўская, фота Алега Файнiцкага, БЕЛТА

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая