RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Спецыялісты КДК Магілёўскай вобласці прааналізавалі пункты росту льнаводчай галіны рэгіёну

Бізнес-план для паўночнага шоўку

У Магілёўскай вобласці апрацоўкай і перапрацоўкай лёну, які нездарма называюць паўночным шоўкам, займаюцца чатыры прадпрыемствы: ААТ «Горкілен», ААТ «Мсціслаўльлен», ААТ «Хоцімскі льнозавод» і ААТ «Шклоўскі льнозавод». Тры з іх працуюць прыбыткова, «мінусуе» толькі завод у Шклове. Спецыялісты КДК Магілёўскай вобласці прааналізавалі кропкі росту льнаводчай галіны рэгіёну.

Працуюць стабільна

«Горкілен» атрымаў адну з самых высокіх ураджайнасцей ільнотрасты ў вобласці (разам з «Мсціслаўлен») і, паводле ацэнак спецыялістаў, самую якасную льнотрасту ў рэгіёне. Вытворчасць у Горках спынялася вясной толькі на месяц на планавы капітальны рамонт. Працуюць у тры змены, калі патрабуе план, то і па выходных - сыравіны дастаткова. У 2022-м горацкія льнаводы нарыхтавалі прыкладна 9 тысяч тон ільнотрасты. Задача - выгадаваць як мага больш доўгага валакна, якое каштуе ў разы даражэй.

Галоўны аграном ААТ «Горкілен» Дзмітрый Паўлючэнка падкрэслівае, што для прыбытковай работы прадпрыемства галоўнае - выканаць увесь комплекс тэхналагічных аперацый у тэрміны, а для гэтага патрэбна каманда кваліфікаваных работнікаў і тэхніка.

Знаёмства з вытворчасцю пачынаецца з мехдвара: пад дзве сотні адзінак тэхнікі стаяць на лінейцы гатоўнасці. У полі зараз задзейнічаны машыны на церабленні, астатнія чакаюць сваёй гадзіны ў баявой гатоўнасці.

- Уся тэхніка адрамантавана, а некаторыя машыны мы выкупілі ў іншых прадпрыемстваў і аднавілі, - Дзмітрый Паўлючэнка тлумачыць, што адставанне па тэмпах работ прывяло б да зніжэння якасці льнотрасты і стратам. — Па лізінгу закупілі ў 2023-м два трактары МТЗ 12.21, ільнокамбайны, ёмістасць для падвозу вады для хімпраполак. На ўборачную спатрэбіцца каля 60 чалавек. Мы прыцягваем механізатараў з іншых арганізацый, студэнтаў БДСГА, але галоўнае - у нас ёсць касцяк пастаянных навучаных спецыялістаў. А для гэтага трэба своечасова выплачваць зарплату, мы гатовы прадаставіць інтэрнат, дзякуючы прыбытковай рабоце плацім па выніку года прэміі.

Усё доўгае валакно здаецца на Аршанскі льнокамбінат, кароткае прадаюць у Кітай, Расію, а таксама зарабляюць валюту на насенні. Забяспечанасць насеннем тут кожны год у 200 працэнтаў - усяго 500 тон, палова ідзе на продаж, у асноўным у Расію. Валютная выручка павялічваецца. Камунальнікам прадаюць у ацяпляльны сезон кастрабрыкеты.

Дырэктар Віталь Еўціховіч адзначае, што мадэрнізацыя вытворчай лініі палепшыць умовы працы на льнозаводзе і якасць прадукцыі:

- Для высокапрадукцыйнай новай лініі перш за ўсё патрэбна якасная льнотраста, льнаводам неабходна адказна ставіцца да вырошчвання гэтай культуры. Патрабуецца больш эфектыўная, прадукцыйная тэхніка - гэта задача для навукі. Будуем майстэрню для рамонту тэхнікі, на 2024 плануем мадэрнізацыю шохі (вялікі падстрэшак для захоўвання льнотрасты), уласную лінію па ачыстцы насення. Хоць лён сёлета і горшы за леташні, але на эканоміцы нашага прадпрыемства гэта не адаб'ецца, будзем працаваць стабільна. Мы выконваем 60 працэнтаў дзяржзаказу на доўгае валакно ў рамках вобласці.

Правільна пралічыць эканоміку

У КДК інфармуюць: нягледзячы на тое, што яшчэ ў сакавіку 2021-га на ўзроўні Урада былі прыняты рашэнні па мадэрнізацыі шэрагу льнозаводаў (устаноўка высокапрадукцыйных ліній перапрацоўкі лёну), уключаючы ААТ «Горкілен», да гэтага часу бізнес-планы не распрацаваны, а крыніцы фінансавання не вызначаны.

Рэзалюцыяй Кіраўніка дзяржавы прадпісана Ураду сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук і аблвыканкамамі забяспечваць на пастаяннай аснове правядзенне неабходнай мадэрнізацыі льнозаводаў; Магілёўскаму аблвыканкаму сумесна з Мінсельгасхарчам наладзіць іх эфектыўную работу, нарыхтоўку льнотрасты пад поўную патрэбнасць заводаў, у першую чаргу мадэрнізаваных. Але менавіта да мадэрнізаванага ААТ «Шклоўскі льнозавод» у КДК больш за ўсё заўваг. Напрыклад, у парушэнне тэхналагічнага рэгламенту сяўба лёну-даўгунцу была праведзена насеннем ніжэй за III рэпрадукцыю: каля тысячы гектараў і зусім засеяна насеннем VI рэпрадукцыі. Не ў поўным аб'ёме пад ураджай 2023 года было ўнесена гліфасатзмяшчальных гербіцыдаў, заніжаны неабходны аб'ём сродкаў абароны. У сувязі з нізкім выхадам валакна з трасты ўраджаю-2022 прадпрыемствам за пяць месяцаў 2023-га недаатрымана 57 тон доўгага валакна і 156 тон кароткага, а гэта ўпушчаны даход. Асноўнай прычынай стратнасці вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі спецыялісты называюць нізкую якасць і высокі сабекошт сыравіны. У структуры сабекошту затрат найбольшую ўдзельную вагу займае менавіта сыравіна. Для выхаду на бясстратную работу, а таксама для стабілізацыі фінансава-эканамічнага становішча распрацаваны бізнес-план на бягучы год, які ўключае мерапрыемствы па зніжэнню затрат. На момант праверкі кантралёры выявілі ў ААТ «Шклоўскі льнозавод» нізкі працэнт гатоўнасці тэхнікі.

Дырэктар ААТ «Шклоўскі льнозавод» Іван Шкурганаў акцэнтуе, што, нягледзячы на фінансавыя праблемы, недахоп кадраў, якая адбілася на ўраджаі непагадзь, каманда льнаводаў нацэлена ўбраць ураджай максімальна тэхналагічна:

- Тэхніка не рамантавалася на момант праверкі, бо ўсе механізатары былі задзейнічаныя на палявых працах. Вобласць аказвае падтрымку. Так, было прынята рашэнне аб накіраванні на наш завод 18 чалавек для дапамогі ва ўборцы ўраджаю. А на ўзроўні раёна нам накіравалі падмацаванне - дзевяць чалавек. Людзей у нас сапраўды не хапае на нашыя плошчы: сярод чатырох ільнозаводаў вобласці ў нас больш за ўсё палёў — 2633 гектары. ААТ «Задняпроўскі міжрайаграсэрвіс» дапамог з рамонтам прэса. Бо мы не з'яўляемся сельгасарганізацыяй, то не пападаем пад санацыю. Але з 1 кастрычніка ўступае ў сілу закон, паводле якога прадпрыемствы, якія маюць звыш 50 працэнтаў акцый ва ўласнасці дзяржавы, могуць таксама трапляць пад санацыю. Тады ў нас будзе магчымасць адтэрмінаваць плацяжы па даўгах, укласці сродкі ў мадэрнізацыю, закупіць неабходныя запчасткі, зрабіць капітальны рамонт старой лініі. Менавіта з-за машын мы пакуль губляем на якасці валакна, а розніца ў кошце ў розных нумароў каласальная. З гэтага складаецца сабекошт, а выдаткі на электраэнергію, гаручае, угнаенні, зарплату пры любым раскладзе менш не становяцца. У нашым калектыве 166 чалавек. Зарплата нядрэнная: асобныя механізатары на церабленні лёну зараблялі больш за 100 рублёў у дзень. У цэху заробак атрымліваюць менш, але там праца стабільная, а не сезонная.

Начальнік упраўлення кантролю за працай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў КДК Магілёўскай вобласці Вячаслаў Асмалоўскі лічыць, што для фінансавага аздараўлення шклоўскага льнозавода ў першую чаргу неабходны два фактары — каманда і матэрыяльныя рэсурсы:

- Адзіны мадэрнізаваны ў галіне льнозавод павінен быць флагманам. У апошнія гады льнаводчая галіна ў рэгіёне стала працаваць стабільна: своечасова выплачваюць зарплату, крэдытаздольныя, у дапамогу - дзяржаўныя субсідыі і рэкамендацыі навукоўцаў.

Лён цяпер у кошце ва ўсім свеце, Расія і Кітай - велізарны рынак. У свой час на шклоўскім ільнозаводзе была ўстаноўлена дарагая высокапрадукцыйная бельгійская лінія, але распрацоўшчыкі бізнес-плана аблічыліся з якасцю сыравіны: ва ўсёй вобласці пакуль столькі льновалакна неабходнага нумара не вырабляюць.

На думку кантралёраў, ільнозаводамі вобласці прымаюцца недастатковыя меры па павышэнні эфектыўнасці рэалізацыі вырабленай імі прадукцыі за кошт аптымізацыі схем тавараў, выключэння неабгрунтаванага пасрэдніцтва.
 
- З улікам аналізу дапушчаных памылак неабходна складаць праекты мадэрнізацыі астатніх ільнозаводаў, - рэзюмуе Вячаслаў Асмалоўскі. - Загружаць магутнасці трэба не за кошт павелічэння плошчаў, а шляхам павышэння ўраджайнасці і якасці. Вопыт большасці льнозаводаў Магілёўскай вобласці паказвае, што лёнам займацца можна і трэба, пры ўмове дыктатуры тэхналогій і праведзенай работы над памылкамі, упэўнены, будзе і дастойны вынік.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая