RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Спецыяльную прэмію за дасягненні ў сацыяльнай сферы ўручылі моладзі вобласці ў Магілёве

Спецыяльную прэмію Магілёўскага аблвыканкама за дасягненні ў сацыяльнай сферы ўручылі сёння ў горадзе на Дняпры. Уладальнікамі высокай узнагароды сталі больш за 30 прадстаўнікоў розных прафесій, сярод якіх дзеячы культуры, педагогі, медыцынскія і сацыяльныя работнікі, журналісты і спартсмены.

Падтрымка адоранай і таленавітай моладзі з’яўляецца ў Беларусі справай дзяржаўнай важнасці. У Сінявокай створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі творчых ініцыятыў, памнажэння інтэлектуальнага і культурнага патэнцыялу нацыі. Таму так важна, што ўзнагароджанне найлепшых прадстаўнікоў працоўнай моладзі рэгіёна адбылося 1 мая, бо свята Працы сімвалізуе адзінства ўсіх стваральных сіл у імкненні да развіцця краіны.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц падкрэсліў: менавіта Першамай натхняе на вялікія здзяйсненні, услаўляючы чалавека працы – таго, хто робіць свет больш прыгожым, а нашу краіну – шчаслівей.

Кіраўнік рэгіёна яшчэ раз нагадаў, што беларускі народ, на долю якога не раз выпадалі выпрабаванні, на працягу многіх гадоў вылучаўся працавітасцю, мужнасцю, гераізмам, адданасцю сваёй радзіме. У цяжкія часы нашы людзі заўсёды выходзілі пераможцамі, падымаючы эканоміку сваёй дзяржавы. «Беларусы адстаялі незалежнасць нашай краіны ў Вялікай Айчыннай вайне, адрадзілі з руін гарады, паднялі з папялішчаў вёскі. І гэта заслуга многіх пакаленняў. З гонарам варта падзякаваць залатому фонду вобласці – ветэранам працы, якія сваім розумам, рукамі стварылі і захавалі нацыянальнае багацце Беларусі, – адзначыў Леанід Заяц. – 113 ураджэнцаў Магілёўшчыны – Героі Сацыялістычнай Працы, кавалеры ордэна Працоўнай Славы, заслужаныя работнікі розных галін – назаўжды ўпісалі свае прозвішчы ў працоўную гісторыю Прыдняпроўскага краю. Сёння мы ганарымся імі, бяром прыклад і гаворым велізарнае «дзякуй».

Старшыня аблвыканкама звярнуў увагу, што галоўная задача беларусаў сёння – умацоўваць адзінства ў грамадстве, самаадданай і мужнай працай развіваць дзяржаву, абараняць Айчыну.

У сваю чаргу, звяртаючыся да лаўрэатаў, ён падзякаваў моладзі за працу, якая будзе выконвацца сумленна і справядліва. Леанід Заяц цёпла павіншаваў маладых людзей з дасягнутымі поспехамі і ўручыў ім дыпломы. У ліку ўзнагароджаных – навуковы супрацоўнік аддзела навукова-выдавецкай дзейнасці і маркетынгу Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. В. Масленікава Анастасія Галдзянкова, артыст-вакаліст ансамбля «Весялуха» Магілёўскай абласной філармоніі Ганна Голубева, настаўнік па класе баяна-акардэона дзіцячай школы мастацтваў № 1 г. Асіповічы Таццяна Нішт, рэдактар інтэрнэт-рэсурсу Клічаўскай раённай газеты «Сцяг Саветаў» Нурмырат Анамурадаў, рэдактар тэлевізійных праграм рэдакцыі газеты «Бабруйскае жыццё» Марыя Берасневіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Межысецкай сярэдняй школы Антон Лабаноўскі, урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг Магілёўскай абласной клінічнай бальніцы Кірыл Бадзякоў, спартсмен-інструктар нацыянальнай каманды Беларусі па канькабежным спорце Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лядовых відах спорту Яўгенія Вараб’ёва, псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Бялыніцкага раённага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Марта Шарапава. 

       

Уручэнне спецыяльнай прэміі Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта ў сацыяльнай сферы адбылося на пляцоўцы перад Палацам культуры вобласці. Ушанаванне стала часткай святочных мерапрыемстваў, прысвечаных святу працы. На мерапрыемства сабраліся прадстаўнікі выканаўчай улады вобласці і горада, працоўных калектываў вядучых прадпрыемстваў рэгіёна, прафсаюзных арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў. Узнагароджаныя і госці пасля завяршэння ўрачыстай часткі змаглі наведаць выставу-кірмаш народнай творчасці майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рэгіёна, дзе можна было набыць сувенірныя вырабы, у тым ліку велікоднай тэматыкі, паўдзельнічаць у майстар-класах.

Спецыяльная прэмія Магілёўскага аблвыканкама ў сацыяльнай сферы заснавана ў 2003 годзе ў мэтах выяўлення і стымулявання творчай працы і падтрымкі інавацыйнай дзейнасці работнікаў і спецыялістаў аховы здароўя, адукацыі, культуры і мастацтва, сродкаў масавай інфармацыі, фізічнай культуры, спорту і турызму, сацыяльнай абароны насельніцтва, а таксама заахвочвання навучэнцаў і студэнтаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў у інтэлектуальнай дзейнасці. Яе лаўрэатамі ўжо сталі каля 900 маладых людзей Прыдняпроўскага краю. Узнагарода прысуджаецца на конкурснай аснове адзін раз на год.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая