RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Спецыяльны турыстычны маршрут распрацаваны для гасцей свята «Купалле» ў Александрыі

Спецыяльны турыстычны маршрут «Купальскае кальцо» распрацаваны для гасцей рэспубліканскага свята «Александрыя збірае сяброў», які пройдзе ў Шклоўскім раёне 11–12 ліпеня. Пра гэта падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай святу, расказала дырэктар прадпрыемства «Магілёўаблтурыст» Алена Карпенка.

Турысты наведаюць Шклоў, азнаёмяцца з яго архітэктурай: ратушай, Спаса-Праабражэнскай царквой, краязнаўчым музеем (набыццё білета магчыма за дадатковую аплату), сфатаграфуюцца ля галоўнага сімвала горада – шклоўскага Агурка. У гасцей будзе магчымасць убачыць маляўнічыя месцы Александрыі і яе ваколіц падчас пешаходнай экскурсіі па аграгарадку. Запланавана таксама наведванне мясцовага гароднінасховішча, прамысловага саду інтэнсіўнага тыпу, дзе ўжываецца кропельнае арашэнне. Уразіць гасцей сучасны комплекс па захоўванні і рэалізацыі яблыкаў на 6,5 тыс. тон на год, тэхналогіі вырошчвання ўсімі любімых грыбоў-вешанак. І, вядома, мяркуецца наведванне школы-музея Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Практычна нічога не змянілася з таго часу, як тут вучыўся будучы кіраўнік дзяржавы. Самым папулярным месцам для фатаграфій у турыстаў з’яўляецца парта з таблічкай, на якой напісана імя Прэзідэнта. Склалася легенда, якая абвяшчае, што калі пасядзець на гэтым месцы, то кар’ера пойдзе ў гару.

Як адзначыла Алена Карпенка, за некалькі гадоў свята ў Александрыі стала сапраўднай візітнай карткай краіны. Сюды прыязджае шмат турыстаў з іншых краін. Маршрут распрацаваны так, каб не толькі паказаць славутасці раёна, але і пазнаёміць замежнікаў з каларытнай беларускай культурай, традыцыямі, укладам жыцця.

Дарэчы, месца, дзе праходзіць «Купалле» – унікальнае. Александрыя размешчана проста на беразе маляўнічай ракі Днепр, рэчышча якой служыла калыскай культуры многіх славянскіх народаў, а водная артэрыя некалі была неад’емнай часткай вялікага гандлёвага шляху «З варагаў у грэкі». Спрадвеку Днепр злучаў беларусаў, расійцаў і ўкраінцаў. Ён і сёння застаецца найважнейшай камунікацыйнай воссю, спрыяе ўзаемавыгаднаму гандлёва-эканамічнаму і сацыяльна-культурнаму супрацоўніцтву прыдняпроўскіх рэгіёнаў Беларусі, Расіі і Украіны, пашырэнню міжрэгіянальных інтэграцыйных сувязяў. Акрамя таго, менавіта ў Шклове і Александрыі спакон веку размяшчаліся пляцоўкі для народных кірмашоў. Ды і рукой падаць да дачы-музея Янкі Купалы, які ўзяў сабе псеўданім па назве святочнай ночы, у якую нарадзіўся.

Пасля экскурсій і пешых прагулак турысты стануць непасрэднымі ўдзельнікамі свята «Купалле» і акунуцца ў атмасферу беларускіх традыцый і самабытных абрадаў. Гасцей чакаюць майстар-класы па пляценні вянкоў, пошук «папараць-кветкі», народныя гулянні і нацыянальныя танцы.

Месцы для ўдзелу ў турыстычным маршруце неабходна браніраваць загадзя. Сёлета будуць арганізаваны групавыя аўтобусныя туры з Мінска ў суправаджэнні гіда. Для жадаючых размясціцца на начлег ёсць шмат варыянтаў, у тым ліку ў Магілёве і комплексе «Мікалаеўскія сажалкі». Акрамя таго, будзе арганізаваны платны палатачны гарадок са стаянкай для транспарту.

Алена Карпенка заўважыла, што, акрамя «Купальскага кальца», распрацаваны спецыяльныя праграмы для калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, розныя «пакеты» для груп ад 1 да 6 чалавек. Можна замовіць проста экскурсійнае абслугоўванне падчас свята ці месца для начлегу.

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая