Сучасныя формы і метады вывучэння грамадскай думкі з мэтай павышэння электаральнай актыўнасці насельніцтва абмеркавалі сёння ў Магілёве. Круглы стол з удзелам намеснікаў старшынь аблвыканкамаў краіны і начальнікаў упраўленняў ідэалагічнай работы правёў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. На сустрэчы таксама быў прэзентаваны досвед працы ў інфармацыйнай прасторы аддзелаў лічбавых распрацовак і інфармацыйнага маніторынгу і аналітыкі на базе ІА «Магілёўскія ведамасці».

Як адзначыў Валерый Малашка, сустрэча ў першую чаргу накіравана на абмен практычным вопытам і меркаваннямі ў рамках работы інфармацыйнай прасторы рэгіёну, краіны, прыгранічнай зоны. У тым ліку, з улікам надыходзячай выбарчай кампаніі.

Так, адзін з удзельнікаў круглага стала намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран падзяліўся поглядам, што выбары выступаюць адным з маркераў, якія паказваюць, наколькі правільна насельніцтвам успрымаюцца пасылы ад прадстаўнікоў улады: «Выбары - гэта адзін з тых маркераў, па якіх мы можам меркаваць, наколькі тыя ці іншыя пасылы, перш за ўсё ад мясцовай улады, успрымаюцца насельніцтвам. Бо наколькі актыўныя кандыдаты ў дэпутаты ўсіх узроўняў, настолькі актыўнае і насельніцтва. Давер людзей найперш заснаваны на тым, як рэальна працуюць дэпутаты на месцах, як вырашаюць пытанні насельніцтва. Ад гэтага залежыць і яўка, і стаўленне саміх людзей да таго, што робяць нашыя дэпутаты. Таму падчас электаральнай кампаніі вельмі важная выбудаваная агітацыйная кампанія, накіраваная як на тое, каб даць справаздачу за сваю працу, так і каб прадэманстраваць, наколькі рашучасць кандыдатаў у дэпутаты, якія жадаюць быць абранымі, будзе адказваць запытам насельніцтва. Калі гэта супадзе, то мы ўбачым і яўку, і цікавасць насельніцтва да выбараў, і да таго, што будуць прапаноўваць кандыдаты ў сваёй праграме.

Калі казаць пра моладзь, то іх актыўнасць назіралася заўсёды. Найважнейшае, накіраваць яе ў патрэбнае рэчышча ў стаўленні канструктыўнага ўспрымання таго, што робіць улада. І калі правільна тлумачыць гэтую працу, то ў моладзі ніякіх хваляванняў на гэты конт не будзе. Таму самае галоўнае - гаварыць і слухаць, што хоча на дадзены момант малады чалавек. Асноўнае - гэта атрыманне адукацыі, праца, жыллё. Усе гэтыя пытанні развязальныя. І ўсё ў руках саміх маладых людзей, а нам, як прадстаўнікам улады, трэба правільна растлумачыць і паказаць, што гэта ёсць, гэта працуе, трэба толькі прыкласці толькі крыху намаганняў, як любому грамадзяніну нашай краіны».

Выказаў свой пункт гледжання і намеснік старшыні ЦВК, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Вадзім Іпатаў, які прыняў удзел у працы круглага стала: «Мы павінны не толькі давесці да грамадзян змены закона, каб яны прачыталі гэтыя радкі кодэкса, але і данесці яго дух. Бо закон пішацца не толькі, каб урэгуляваць нейкія прававыя адносіны, але і каб стварыць аснову развіцця дзяржавы. А мы ўсе ведаем, што з Канстытуцыі вынікае самы галоўны пастулат: народ, найперш за ўсё, крыніца ўлады. І калі народ фарміруе канструктыўную ўладу і канструктыўна дзейнічае ў рамках электаральнай кампаніі, то, адпаведна, ён атрымлівае дзяржаву, якая абараняе яе прававыя інтарэсы.

Таму круглы стол, які тут адбыўся, узняў сапраўды вострыя пытанні фарміравання новых метадаў і сродкаў работы з насельніцтвам, якія забяспечваюць канструктыўную электаральную актыўнасць нашых грамадзян. Чалавек ідзе і галасуе тады, калі ён жадае атрымаць кіравальнасць дзяржавай. Каб найперш былі абаронены яго каштоўнасці, звязаныя са здароўем, магчымасцю навучаць дзяцей, атрымаць адукацыю і многімі іншымі. Таму тая размова, якая адбылася, сапраўды дазваляе стварыць платформу для дзейнасці мясцовых органаў улады па фармаванні канструктыўнай электаральнай актыўнасці грамадзян».

Юлія Таранава, фота Галіны Гаўрыловіч