RU BY EN 中文
Twitter Instagram

Супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў правялі мітынг-рэквіем ля помніка батальёна міліцыі капітана Уладзімірава

Супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў правялі мітынг-рэквіем ля помніка батальёна міліцыі капітана Уладзімірава. Ва ўрачыстым мерапрыемстве напярэдадні Дня Перамогі прынялі ўдзел міністр унутраных спраў генерал-маёр міліцыі Іван Кубракоў, яго намеснікі, кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама, начальнікі абласных УУС і ГУУС Мінгарвыканкама, прадстаўнікі цэнтральнага апарата МУС, курсанты і выкладчыкі ведамасных навучальных устаноў, ветэраны органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў.

Помнік байцам батальёна міліцыі капітана К. Г. Уладзімірава размешчаны ў вёсцы Гаі. На гэтым рубяжы абароны Магілёва з 12 па 18 ліпеня 1941 года вёў няроўны бой батальён міліцыі. Атакі гітлераўцаў разбіваліся аб стойкасць і мужнасць байцоў-міліцыянераў. Шэсць сутак без сну і адпачынку пад пякучым ліпеньскім сонцам і няспынным агнём яны стаялі насмерць. З 250 байцоў батальёна міліцыі ў жывых засталося толькі 19 чалавек.

Міністр унутраных спраў генерал-маёр міліцыі Іван Кубракоў:

Сёлета мы тут праводзілі суботнік, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю каля мемарыяла. Такі помнік супрацоўнікам міліцыі, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны, адзіны ў сваім родзе на постсавецкай прасторы. Гэта святое месца для супрацоўнікаў міліцыі. Мы павінны захоўваць памяць пра нашых герояў, і на гэтых прыкладах выхоўваць нашу моладзь. Тут прысутнічалі курсанты, кадэты –гэта тыя хлопцы, якія будуць абараняць правапарадак у нашай краіне. Адказна заяўляю: у гэтыя святочныя дні грамадскі парадак будзе забяспечаны. А тых, хто заклікае да супрацьпраўных дзеянняў, інакш, чым ворагамі, назваць не магу. У Беларусі жывуць людзі, якія цэняць і шануюць памяць герояў, таму што ў кожнай сямі ёсць родныя і блізкія, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, каб мы з вамі жылі мірна і шчасліва. А мы не падвядзём і арганізуем бяспеку. Калі нехта ў гэтым сумняваецца, то з упэўненасцю магу сказаць, мы не дапусцім правакацый і супрацьпраўных дзеянняў.

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц:

У 76-ы раз мы будзем з вамі адзначаць Дзень Перамогі. Наш народ перамог фашызм. На беларускай зямлі быў развеяны міф аб непераможнасці нямецкай арміі. І прыкладам была абарона Магілёва, дзе на абарону стала Чырвоная Армія, апалчэнцы, батальён міліцыі, простыя людзі. 23 дні яны не прапускалі ворага, яны яго і не прапусцілі: вораг змог перайсці іх толькі мёртвых, як герояў, таму што яны не здаліся. Гэта ўзор мужнасці і патрыятызму, як трэба любіць і абараняць сваю Радзіму. Яны аддалі жыццё, каб мы жылі сёння з вамі, памяталі іх подзвіг і каб такога ніколі не паўтарылася.

Сімвалічным стала ўрачыстае ўручэнне датэрміновага звання капітана каля мемарыяла гераічнаму батальёну капітана Уладзімірава. З рук міністра капітанскія пагоны атрымала чатырнаццаць афіцэраў з розных куткоў Беларусі. Сярод іх і камандзір роты Першамайскага (г. Віцебска) аддзела Дэпартамента аховы Мікалай Вайцяхоўскі:

Гэта вялікі гонар для мяне, што я атрымліваю званне датэрмінова і ў такім памятным месцы. Для кожнага беларуса подзвіг герояў той вайны жыве ў сэрцы. У мяне з фронту не вярнуўся прадзед. І я хачу, каб і мае дзеці раслі патрыётамі.

Ганаровым госцем на мітынгу-рэквіеме стаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны палкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Ількевіч:

Дзень Перамогі гэта святое для мяне свята. У мяне на гэтай вайне загінуў брат, пайшоў добраахвотнікам. Я быў у партызанах падлеткам, мяне пасылалі ў разведку. І сёння вельмі важна, колькі на гэтым памятным месцы моладзі, якая так захоўваюць памяць аб тых, хто цаной свайго жыцця абараніў незалежнасць нашай краіны і магчымасць жыць пад мірным небам.

Да помніка ўдзельнікі мітынгу ўсклалі жывыя кветкі і вянкі. Апошнім акордам святочнага мерапрыемства сталі белыя галубы, якіх запусцілі ў неба кадэты як сімвал міру.

СБ, фота -  mogilevnews.by

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая