RU BY EN 中文
Twitter Instagram

«Толькі аб’яднаўшыся, мы зможам пераадолець цяжкасці, выстаяць і дамагчыся поспеху»: Аляксей Талай сустрэўся з моладдзю Магілёва

«Толькі аб’яднаўшыся, мы зможам пераадолець цяжкасці, выстаяць і дамагчыся поспеху» – гэта фраза, якая прагучала ў гутарцы з журналістамі, стала лейтматывам сустрэчы спартсмена, грамадскага дзеяча Аляксея Талая з моладдзю Магілёва. Дыялог прайшоў сёння на пляцоўцы Палаца культуры вобласці. У вялікай канцэртнай зале сабраліся маладыя людзі, якія прадстаўлялі розныя ўстановы адукацыі горада.

Нягледзячы на тое, што Аляксей Талай з’яўляецца сябрам Канстытуцыйнай камісіі, якая працуе над зменамі ў асноўны закон краіны, і праца гэтя адказная, яна не перашкаджае бацьку чатырох дзяцей займацца дабрачыннай дапамогай, у тым ліку, зборам сродкаў на аздараўленне ў Беларусі данбаскіх дзяцей, якія пацярпелі ад вайны. А адной са стратэгічных задач у апошні час стала праца з моладдзю. Сваім прыкладам ён матывуе маладых людзей па ўсёй Беларусі быць актыўнымі і пазітыўнымі, патрыётамі сваёй краіны. І гэта дзейнасць, па словах Аляксея Талая, вельмі запатрабаваная. «Ужо паступаюць сігналы з Расійскай Федэрацыі – вялікі запыт. Як толькі будуць зняты кавідныя абмежаванні, нас чакае сур’ёзная праца і падарожжа з гэтай праграмай», – расказаў ён. Адначасова ідзе праца над кнігай пра жыццё спартсмена, які ў 16 гадоў страціў рукі і ногі, але здолеў стаць яшчэ і паспяховым прадпрымальнікам.

Аляксей Талай прызнаўся: у яго не было мэты стаць матывацыйным спікерам, але само жыццё акунула ў гэтую сферу. «Многія гады я супрацівіўся выхаду на сцэну і пазбягаў публічных выступленняў, – расказаў ён. – Усё адбылося аўтаматычна, калі зразумеў: не маю права сядзець пад замком, не дзяліцца тым важным жыццёвым чалавечым вопытам, які давялося набыць коштам вялікіх выпрабаванняў. Таму расказваю не толькі пра тое, як спраўляўся сам, але і мае бацькі, родныя і блізкія».

Дзяржавай і рознымі структурамі праведзена немалая праца па стварэнні ўмоў для ўключэння людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў грамадскае жыццё, лічыць Аляксей Талай. І ўсё ж для паўнавартаснага выніку павінен быць запыт. «Мы, людзі на калясках, гэтым павінны займацца ў першую чаргу. Ствараць фонды, структуры, чаты, кожны ў сваім рэгіёне, двары, каб сумеснымі намаганнямі дапамагаць адзін аднаму. Удзел у дабрачынных праектах, паляпшэнне інфраструктуры залежыць ад саміх грамадзян. Давайце быць актыўнымі».

Вольга Емельянава, фота Галіны Гаўрыловіч

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая