RU BY EN 中文
Twitter Instagram

У ААТ «Магілёўскі лянок» дзякуючы якасным кармам плануюць павысіць паказчык па малаку

Ход новым жалезным канём

Да нарыхтоўкі кармоў у «Магілёўскім лянку» прыступілі ў апошніх ліках мая. Закладзена 3100 тон сенажу. Гэта, па словах кіраўніка гаспадаркі Алега Івашкевіча, была рэпетыцыя. Толькі-толькі паспелі асноўныя шматгадовыя травы – зёлкава-бабовыя і люцэрна, таму зараз аграрыі выходзяць на пік формы і ў дзень нарыхтоўваюць 1,1–1,3 тысячы тон сенажу. Стаўка на кармы тут вялікая: атрымаўшы летась не самыя высокія паказчыкі па малаку, зрэагавалі хутка – ужо да гэтага корманарыхтоўчага сезона закупілі сучасную тэхніку.

Планы «Магілёўскага лянка» такія: за 5-6 дзён завяршыць працу. За гэты час трэба нарыхтаваць каля 7 тысяч тон траў. У дадатку да трох наяўных атрымаецца 10 тысяч тон сенажу з першага ўкосу.

– Усяго ж нам неабходна 18 тысяч тон сенажу, – падбівае калькуляцыю Алег Мікалаевіч. – Дабяром другім укосам. Менавіта столькі трэба для забеспячэння жывёлы – у нас 4 тысячы галоў. Сіласу неабходна 21 тысяча тон, у асноўным гэта будзе кукуруза. Яшчэ трэба 2 тысячы тон сена, пакуль нарыхтавалі 500 тон.

Сёлета ў лізінг набылі новую касілку, якая дазваляе тут жа і плюшчыць травы. У гэтым выпадку яны хутка даходзяць да патрэбнай вільготнасці – 45–50 працэнтаў, і іх можна адразу закладваць у траншэі. Патрацілі на тэхніку ўсе свабодныя сродкі, але гэта таго варта.

У гаспадарцы займаюцца насенняводствам шматгадовых траў. Гэта дазваляе балансаваць травастоі і рабіць іх кампактнымі.

– Я прыхільнік чатырохкампанентных сумесяў, яны могуць ўшчыльняць палі па яруснасці, якасці, паспяванні. Да прыкладу, высейваем 25 кілаграмаў сумесі, у якой аўсяніца, цімафееўка, канюшына і райграс. Эксперыментавалі і з люцэрнай. Яна любіць расці адна, але ў той жа час аддае перавагу шчолачнай глебе. У нас жа яна неаднародная, на адным полі можа быць стракатасць, таму змешваем яе з канюшынай. І там, дзе люцэрна выпадае, як бабовы кампанент расце канюшына, – тлумачыць плюсы такога высеву Алег Мікалаевіч.

Укосная плошча «Лянка» – 1500 гектараў. З іх амаль 400 займае люцэрна, 500 – зёлкава-бабовыя і 600 – зёлкавыя культуры. Мінімальнае заданне на касілкі – 36 гектараў на дзень, але механізатары перавыконваюць план – праходзяць да 70 гектараў.

Адзін з іх – Дзмітрый Маісееў – у гаспадарцы ўжо 13 гадоў. Хлопец адказны і талковы, з вышэйшай адукацыяй: вучыўся ў БДСГА на мехфаку. Менавіта Дзіму тры гады таму даверылі МТЗ-3522, а сёлета новенькую касілку.

Тэхніка класная, выконвае адразу тры аперацыі: кашэнне, плюшчэнне, кладку ў валкі. Кашу на полі 130 гектараў. Па прыкідках, працы засталося ўсяго на дзень. Зараз у Люцэрне максімальнае ўтрыманне пратэіну, таму кожная хвіліна на рахунку.

Корманарыхтоўку ў «Магілёўскім лянку» лічаць нават больш адказнай кампаніяй, чым уборку збожжавых. Алег Івашкевіч тлумачыць чаму:

– Гэтыя дні сапраўды кормяць год, таму на корманарыхтоўцы толькі адказныя людзі. У дзень могуць і да 300 рублёў зарабіць. Калі не будзе грубых кармоў (70 працэнтаў у рацыёне), то не будзе малака і мяса. Ад таго, як будзем карміць, залежыць і вынік па малаку. Зараз валавы надой 27 тон малака. У дзень гэта 23 тысячы рублёў, з гэтага і жывём. Прадукт у нас гатункам экстра. Надой ад каровы ў мінулым годзе быў 6400 кілаграмаў, у гэтым плануем выйсці на 7 тысяч.

У гаспадарцы два малочна-таварныя комплексы – у Грыбанах і Макаранцах, дзе 1400 галоў жывёлы. На першым удоі 8 тысяч кілаграмаў, на другім, далучаным, – пакуль 5 тысяч. Калі другі МТК падцягнецца, планы ўдасца рэалізаваць.

ДАВЕДКА «СГ»

У Магілёўскай вобласці плануюць нарыхтаваць 4 мільёны тон травяных кармоў, паведамілі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Зараз травастой скошаны амаль на 115,2 тысячы гектараў (60 працэнтаў ад запланаванага). Усяго па вобласці травы першага ўкосу неабходна прыбраць з 193 тысяч гектараў. Нарыхтавана амаль 10 тысяч тон сена. Паказчыкі па сенажы – 523,1 тысячы тон, у палімернай упакоўцы – больш за 6,9 тысячы тон. Сіласу больш за 17,5 тысячы тон. Абсталявана звыш 2,2 тысячы тыпавых траншэй для закладкі кармоў, працуюць тэхналагічныя групы, арганізаваны трохступеньчаты кантроль якасці.

КАМЕНТАРЫЙ

Генадзь Давыдаў, першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага райвыканкама:

– У раёне скошана 9280 гектараў траў (69 працэнтаў). Нарыхтавана 2,1 тысячы тон сена пры плане 10,7 тысячы тон, сенажу – 48,6 тысячы тон (план – 130,2 тысячы). Пакуль назапашана 5 кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву, гэта на 1,5 кармавой адзінкі менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года: пазней саспелі травы з-за халоднай вясны. Шмат у чым раслінаводства працуе на жывёлагадоўлю, таму тут і сканцэнтраваны ўсе сілы, каб якасна і ў тэрмін правесці ўборку. Вялікія надзеі (вільгаці і цяпла хапае) на другі ўкос, да таго ж, у нас нядрэнныя лугавыя травы.

СБ

Пры выкарыстанні матэрыялаў актыўная гіперспасылка на mogilev-region.gov.by абавязковая